Вы́пуст ’зямля, карыстаннем якой пагашаюць доўг (у актах XVI–XVII стст.)’ (Яшк.); ’месца пасеву, якое вытравіла, вытаптала жывёла (Нас.)’, ’выган’ (Бел. арх., 1, 33, 41, 75). Укр. ви́пуст ’месца каля вёскі, куды выпускаюць жывёлу’, польск. дыял. wypust ’выган’, чэш. výpust ’месца, аддаленае ад чалавечага жылля’. Відавочна, аддзеяслоўныя ўтварэнні ад двух розных дзеясловаў: вы́пусціць (у значэнні ’выган’) і вы́пусташыць (гл. пустошыць) (у апошніх значэннях) з усячэннем у другім выпадку экспрэсіўнага суфікса. Параўн. таксама рус. вы́пустовать (пск., смал.) ’спустошыць, патравіць жывёлай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

развалю́ха, ‑і, ДМ ‑люсе, ж.

Разм. Пра старую, напаўразбураную будыніну, хаціну. На ўскрайку лесу стаялі халупа-развалюха і маленькі хляўчук з плоскім дахам. Асіпенка. На прасторнай паляне, якая калісьці, відаць, была полем і дзе яшчэ захаваліся рэшткі чалавечага жылля — хлявок-развалюха ды студня, — іх сустрэла ўся група на чале з лейтэнантам Галькевічам. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.

1. Пасяліць, даць месца для жылля (пра некалькіх або многіх). Рассяліць людзей па хатах. □ Перад наступленнем карнікаў быў .. загад: жанчын, дзяцей, хворых рассяліць у вёсках. Шамякін.

2. Пасяліць асобна адзін ад аднаго. Калі.. [хлопцаў] расселяць па розных пакоях, усё прападзе. А ў хлопцаў былі свае планы, свае меркаванні. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́рак, ‑рка, м.

Тое, што і ворчык.

бара́к, ‑а, м.

Лёгкае збудаванне для часовага жылля, бальнічных мэт. Хвала студэнцкаму бараку — Прытулку нашых дум і мар! Аўрамчык. Горад яшчэ ляжаў у руінах. Людзі жылі ў бараках і зямлянках. Асіпенка. Такім я і запомніў яго з тых далёкіх год вайны, калі Ганс Кегель заходзіў зрэдку да нас, у барак. Сачанка.

[Фр. baraque.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрна́т, -а, Ма́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Памяшканне для пражывання навучэнцаў пры навучальнай установе.

І. ліцэя.

Студэнцкі і.

2. Памяшканне для пражывання асоб, якія працуюць на пэўным прадпрыемстве і не маюць уласнага жылля.

Жыць у заводскім інтэрнаце.

3. Стацыянарная ўстанова спецыяльнага ўтрымання хворых, інвалідаў, састарэлых і інш.

Псіханеўралагічны і.

4. Школа, у якой вучні жывуць і знаходзяцца на частковым дзяржаўным забеспячэнні.

Вучыцца ў інтэрнаце.

Школа-інтэрнат — навучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

|| прым. інтэрна́цкі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мура́шнік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Надземная частка жылля мурашак у выглядзе кучы, капца зямлі, лісцяў і г. д. То тут, то там былі відаць шэрыя стажкі мурашнікаў. Сіняўскі.

2. ‑у. Мурашкі, якія жывуць у такім жыллі. // перан. Разм. Аб мностве людзей, якія рухаюцца, мітусяцца. З мільённага людскога мурашніку, што трапятаў перад Ганнінымі вачыма, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кватэ́ра, -ы, мн. -ы, -тэ́р, ж.

1. Асобнае жылое памяшканне ў доме, якое складаецца з аднаго або некалькіх пакояў, кухні і інш. і мае асобны ўваход.

Трохпакаёвая к.

Пераехаць у новую кватэру.

2. Памяшканне, якое часова наймаецца ў каго-н. для жылля.

Жыць на прыватнай кватэры.

3. мн. Месца размяшчэння войск у населеным пункце.

Размясціцца на зімнія кватэры.

Галоўная к. (штаб галоўнакамандуючага; уст.).

|| памянш. кватэ́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. кватэ́рны, -ая, -ае.

Кватэрнае размяшчэнне войск.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аддалі́ць, ‑далю, ‑даліш, ‑даліць; зак., каго-што ад каго-чаго.

1. Перамясціць каго‑, што‑н. на большую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Аддаліць гаспадарчы двор ад жылля.

2. Перанесці, прызначыць тэрмін выканання чаго‑н. на пазнейшы час; адтэрмінаваць. [Валодзю] як бы хацелася аддаліць той момант, якога ён даўно прагнуў, момант спаткання з маці. Чорны.

3. Выклікаць адчужанасць, стаць прычынай адчужанасці. Гэта нязначнае здарэнне канчаткова аддаліла іх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; зак. (разм.).

1. што. Прывесці ў належны парадак што-н., наладзіць, урэгуляваць.

У. усё ў кватэры.

У. справу.

У. непаразуменне.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для існавання; прыстроіць каго-н. куды-н., даць месца для жылля і пад.

У. асабістае жыццё.

У. каго-н. у гасцініцу.

3. каго (што). Дапамагчы паступіць на работу, вучобу.

У. на працу.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць.

У. хворага на ложку.

У. шпакоўню на дрэве.

|| незак. уладко́ўваць, -аю, -аеш, -ае; наз. уладко́ўванне, -я, н.

|| наз. уладкава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.

Раздабыць, прыгатаваць што‑н., звычайна з цяжкасцямі, намаганнямі. Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі, то грашамі, то дроў прыстараюцца. Лынькоў. — Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата? Колас. Да сустрэчы Раіса рыхтавалася, як ніколі. Ёлку ўпрыгожыла, гарэлкі накупляла, добрай закускі прыстаралася. Гроднеў. Вяселле адгрымела ўраз, І жыць у цешчы Зяць застаўся, Бо ўласнага жылля Яшчэ не прыстараўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)