Вы́пуст ’зямля, карыстаннем якой пагашаюць доўг (у актах XVI–XVII стст.)’ (Яшк.); ’месца пасеву, якое вытравіла, вытаптала жывёла (Нас.)’, ’выган’ (Бел. арх., 1, 33, 41, 75). Укр. ви́пуст ’месца каля вёскі, куды выпускаюць жывёлу’, польск. дыял. wypust ’выган’, чэш. výpust ’месца, аддаленае ад чалавечага жылля’. Відавочна, аддзеяслоўныя ўтварэнні ад двух розных дзеясловаў: вы́пусціць (у значэнні ’выган’) і вы́пусташыць (гл. пустошыць) (у апошніх значэннях) з усячэннем у другім выпадку экспрэсіўнага суфікса. Параўн. таксама рус. вы́пустовать (пск., смал.) ’спустошыць, патравіць жывёлай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)