шрам, ‑а, м.
След на скуры ад раны ў выглядзе паласы або рубца; шнар. На лобе ў [Саламона] .. застаўся шрам ад лапаты, якой майстра спрабаваў цвёрдасць яго чэрапа. Бядуля. Тады торгаўся сіняваты шрам на твары палкоўніка, і яго правае века заходзілася ў драбнюткім ціку. Лынькоў. // перан. След у выглядзе паласы, баразны на якой‑н. паверхні. Ка снезе глыбокія шрамы. Прамыя, як коп’і. Кандрусевіч. На краі дзялянкі, як бацька, як вартавы, узвышаецца стары волат-дуб, магчыма, самы стары ў гэтым гаі, з парадзелым голлем, з глыбокімі шрамамі ад удараў маланкі. Шамякін.
[Ням. Schramme.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
багаты́р, ‑а, м.
1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.
2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяржа́ва, ‑ы, ж.
1. Палітычная арганізацыя пануючага класа краіны для захавання існуючага парадку і падаўлення супраціўлення іншых класаў, а таксама краіна з такой палітычнай арганізацыяй. Феадальная дзяржава. Імперыялістычная дзяржава. □ Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная агульнанародная дзяржава, якая выражае волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцей краіны. Канстытуцыя СССР. Рабочы клас — нязломны волат: Усемагутнаю рукой Ён адкаваў і серп, і молат У Герб дзяржавы маладой. Бялевіч.
2. Гіст. Эмблема ўлады манарха ў выглядзе шара з каронай або крыжам наверсе. На шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Багаты́р 1 ’багацей’ (Нас., Касп., Шат., Янк. 1), багаты́рь ’тс’ (Бяльк.). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, багати́рь. Паводле Фасмера, 1, 183, другаснае ўтварэнне ад бага́ты (bogatъ): пад уплывам багаты́р 2 (гл.) ’герой, асілак’? Але можна думаць і пра першаснасць утварэння: багаты + суф. ‑(т)ырь (параўн. рус. пуст‑ы́рь, дыял. нем‑ты́рь ’нямы’ і г. д.). Таксама наўрад ці правільна Бернекер, 66, які лічыць, што багаты́р ’багацей’ — гэта багаты́р ’герой’ (з пераасэнсаваннем пад уплывам слова бага́ты).
Багаты́р 2 ’волат, герой’ (Бел. казкі). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, богати́р ’тс’. Запазычанне з ст.-цюрк. *baɣatur (параўн. і ст.-рус. форму богатур), якое пад уплывам слав. bogatъ змянілася ў богатырь. Адносна паходжання цюрк. слова ёсць розныя думкі. Бернекер, 66; Фасмер, 1, 183; Шанскі, 1, Б, 149 (там і іншая літ-pa). Слова ўжо было ў ст.-бел. мове (богатыр, гл. Гіст. лекс., 138).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
палёт, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.
2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.
3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.
•••
Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.
Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.
З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.
Птушка высокага палёту гл. птушка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак. і незак.
1. што. Зняць (знімаць) віну за што‑н.; прабачыць (прабачаць). Усё магу дараваць, а хлусню — ніколі. Асіпенка. Крытык! Родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва.
2. што. Вызваліць (вызваляць) ад якога‑н. абавязацельства. Дараваць доўг.
3. што. Падарыць (дарыць). Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала.
4. заг. дару́й(це), часта ў знач. пабочн. Ужываецца пры звароце да каго‑н. для папярэджання аб чым‑н. ці для выражэння просьбы прабачыць у чым‑н. Даруйце, я затрымаўся. □ — Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян, — лагодна заўважыў Лабановіч. — Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Колас.
•••
Дараваць жыццё — памілаваць засуджанага да пакарання смерцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́до ср. (мн. чудеса́)
1. цуд, род. цу́ду м.; (диво) дзі́ва, -ва ср.;
соверши́ть чу́до зрабі́ць цуд;
чу́дом спасти́сь от сме́рти цу́дам вы́ратавацца ад сме́рці;
каки́м-то чу́дом не́йкім дзі́вам (цу́дам);
чудеса́ герои́зма цу́ды гераі́зму;
чу́до иску́сства, те́хники цуд маста́цтва, тэ́хнікі;
2. в знач. сказ. дзі́ва, дзі́ўна;
э́то про́сто чу́до! гэ́та про́ста дзі́ва!;
чу́до, что дзі́ва (дзі́ўна), што;
◊
чу́до-богаты́рь цу́да-во́лат;
чудеса́ в решете́ цу́ды ў рэ́шаце.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
са́жань, ‑жня, м.
1. Старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. І сад развінуўся, ліствою багаты, На сажань у глыб заплялося карэнне. Панчанка. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.
2. Паверхня чаго‑н. або колькасць якога‑н. матэрыялу, роўныя гэтай меры (пагоннай, квадратнай або кубічнай). Сажань зямлі. Сажань дроў. □ Прабегшы некалькі дзесяткаў сажняў краем даліны, крынічка зноў хавалася ў зямлю. Колас. І Ларывон Масеевіч прыгадвае, як сажнямі ставіў некалі дровы, як цягаў двуручную пілу. Мяжэвіч.
3. Прылада для абмервання зямельных участкаў. З драўлянымі сажнямі хадзілі натоўпы сялян і парабкаў па панскіх палях. Броўка. Вось з рагатым сажнем ідзе калгасны брыгадзір, які намяраў касцом працадні. Шкраба.
•••
Бачыць на тры сажні пад зямлёю гл. бачыць.
Касы сажань у плячах — шыракаплечы, магутнага складу (пра чалавека). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажань у плячах. Волат. Мяжэвіч.
Сажнем носа не дастаць — тое, што і крукам (шастом) носа не дастаць (гл. дастаць). Ледзь апякунства выкарміць яго, Глядзі, і сажнем не дастанеш носа. Ляпёшкін.
У касы сажань ростам — пра рослага, высокага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́ля, ‑і, ж.
1. Р мн. ‑ей. Частка чаго‑н. Дзяліць на роўныя долі. □ Недалёка грымнула гармата, а праз якую долю мінуты дзесьці побач разарваўся снарад. Маўзон. Андрэй Міхайлавіч зразумеў, нарэшце, з кім мае справу і як трэба надалей трымацца з гэтымі людзьмі, каб хаця ў сотай долі аддзякаваць ім за свой ратунак. Самуйлёнак. У Шарэйкавым параўнанні нейкая доля праўды была. Брыль. // Належная каму‑н. частка чаго‑н., права на ўдзел у чым‑н.; чый‑н. удзел у чым‑н., уклад у што‑н. На балоце за Абадком стаяць два стажкі. У іх і наша доля — паўстажка. Якімовіч. — Не п’ю, але за кампанію... — Васіль дастаў і палажыў на стол сваё сала і хлеб. — Хай і мая доля будзе. Гаўрылкін.
2. Лёс, становішча. Шчаслівая доля. Сірочая доля. □ Я задаволены, што нас доля зноў сабрала разам. Гартны. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляй малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы. Колас. Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала. // Шчасце, удача; проціл. нядоля. Разышліся пад гарою тры дарогі ў полі, па якой жа — тая доля, па якой — нядоля... Трус.
3. Р мн. ‑ей. Частка размеру музычнага такта.
4. Р мн. ‑ей. Уст. Мера масы, роўная 44 мг, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.
•••
Быць у долі гл. быць.
Выпасці на долю чыю або каму гл. выпасці.
Ільвіная доля — вялікая частка.
Прыняць у долю гл. прыняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяжа́р, ‑у, м.
1. Вага чаго‑н. (звычайна цяжкага). Пад цяжарам .. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. [Чалавек] грудзьмі, жыватом, усім цяжарам свайго цела ўпаў на спіну леапарду. Караткевіч.
2. Цяжкая ноша, груз вялікай вагі. Цяжары падвозіць, Як волат нястомны, Наш «МАЗ» — грузавік Дваццаціпяцітонны. Нядзведскі. // У спорце — снарады для падымання.
3. Абавязкі, павіннасці, цяжкасці, звязаныя з чым‑н. адказным, непрыемным і пад. Цяжар няволі. Цяжар турбот. Цяжар вайны. □ Гады праз два калгас узбуйніўся, і Шалюта адразу пачуў на сваіх плячах непамерны цяжар гаспадарскіх клопатаў. Дуброўскі.
4. Адчуванне (звычайна непрыемнае) чаго‑н. цяжкага (у целе, галаве і пад.). Распраналася яна [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ. Ва ўсім целе і асабліва ў нагах адчуваўся нейкі цяжар. Кулакоўскі. // перан. Тое, што гняце, прыгнятае, выклікае сумны, змрочны настрой. І лепш аддайся светлым марам, Каб месца не было жальбе, Калі каханне не цяжарам, А песняю жыве ў табе. Астрэйка. Кожны раз, як душа натоміцца, Я, каб скінуць з яе цяжар, Прыпадаю да Вашых томікаў — Вашых думак і Вашых мар. Тармола. І чуцен ціхі сэрца голас, Хоць на душы ва ўсіх цяжар. Дзень добры, друг, Наш бацька Колас — Народа нашага пясняр! Прыходзька. Прыгінае і самых высокіх Да зямлі вечны цяжар гадоў. І цішэюць, цішэюць крокі У людзей і старых гарадоў. Сіпакоў.
•••
Цэнтр цяжару гл. цэнтр.
Скінуць цяжар гл. скінуць.
Цяжар з душы спадзе — пра пачуццё палёгкі, якое наступае пасля вызвалення ад таго, што гняло, заклапочвала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)