свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з (перад некаторымі спалучэннямі зычных — са), прыназ.

I. з Р.

1. Ужыв. пры абазначэнні напрамку дзеяння адкуль-н., крыніцы, месца, адкуль выходзіць што-н.

Выйсці з хаты.

Прывесці з вёскі.

Выпіска з пастановы.

Стральба з гармат.

2. Ужыв. пры абазначэнні месца, прадмета, ад якога аддзяляецца, адыходзіць што-н.

Зваліцца са страхі.

Зняць з паліцы.

Скінуць з плячэй.

Пайсці з працы.

3. Ужыв. пры абазначэнні месца, сферы дзеяння, адкуль зыходзіць што-н., адкуль прыходзіць хто-н.

Шум з вуліцы.

Вярнуцца з вакзала.

Уваход з завулка.

4. Ужыв. пры абазначэнні асобы ці прадмета паводле іх паходжання, прабывання дзе-н.

Пісьмо з бацькаўшчыны.

Рабочы з ліцейнага завода.

5. Ужыв. пры абазначэнні месцазнаходжання прадмета ці асобы, што ўтвараюць дзеянне.

Страляць з гары.

Удар з тылу.

Зайсці з другога боку вёскі.

6. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, з’явы, часу, асобы і пад., ад якіх пачынаецца, узнікае што-н.

Акінуць поглядам з галавы да ног.

З маленства.

Пачнём з вас.

Заняты з раніцы.

7. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, які падвяргаецца чаму-н. або які служыць адзінкай адліку.

Пошліна з тавару.

З яго ўзялі тры рублі.

Сабраць па пяцьдзясят цэнтнераў пшаніцы з гектара.

8. Ужыв. для абазначэння прадмета, які служыць узорам, арыгіналам, крыніцай чаго-н.

Пісаць партрэт з каго-н. Копія з карціны.

Пераклад з беларускай мовы.

9. Ужыв. пры ўказанні на дастатковасць чаго-н. для каго-н.

Хопіць з вас гэтага.

10. Абазначае выдзяленне часткі якога-н. цэлага.

Адно з двух.

11. Ужыв. пры абазначэнні з’яў, прадметаў і пад., пры дапамозе якіх што-н. робіцца.

Стараецца з усіх сіл.

Дапамагаць з апошняга.

12. Абазначае ўласцівасць чаго-н. па саставе, матэрыяле.

Дом з цэглы.

Абед з трох страў.

13. Абазначае змяненне, ператварэнне чаго-н. у што-н.

З пасёлка ўзнік горад.

14. На аснове чаго-н.

З дазволу.

З чыйго-н. адабрэння.

15. З прычыны, у выніку чаго-н.

Заспяваць з радасці.

Заплакаць з гора.

Сказаць са злосці.

16. Пры дапамозе чаго-н., якім-н. чынам.

Узяць з бою.

Карміць з лыжачкі.

II. з В. Прыблізна, амаль.

Пражыць з паўгода.

Рыбіна важыла з кілаграм.

Ростам з мяне.

III. з Т.

1. Указвае на сумеснасць, удзел у адным і тым жа дзеянні або стане дзвюх ці больш асоб, прадметаў, а таксама на суправаджэнне адной асобы ці прадмета іншымі пры ажыццяўленні якога-н. дзеяння, пры якім-н. стане.

Я з табой.

Мы з ім.

Брат з сястрой.

Узяць з сабой.

Раіцца з сябрамі.

Згадзіцца з кім-н. Пазнаёміць з прыяцелем.

2. Указвае на злучэнне, змацаванне аднаго і другога, а таксама на сумежнасць, блізкасць.

Межавацца з Літвой.

Звязаць адзін пакунак з другім.

Злучыць падстанцыю з гарадской тэлефоннай сеткай.

3. Указвае на наяўнасць чаго-н. у чым-н., валоданне чым-н.

Пірог з грыбамі.

Хлеб з малаком.

Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі.

Дзяўчына з кнігай у руках.

4. Ужыв. пры абазначэнні з’явы або стану, якім суправаджаецца якое-н. дзеянне.

Слухаць з усмешкай.

Чакаць з нецярпеннем.

Пабегла з крыкам.

Знайсці з цяжкасцю.

Вайсковыя часці адыходзілі з боем.

5. Ужыв. пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне.

Адправіць пакет з пасыльным.

Змагацца са зброяй у руках.

6. Указвае на асобу ці прадмет, на якія распаўсюджваецца дзеянне, стан.

Справіцца з цяжкасцямі.

Сабрацца з сіламі.

Няўважліва абысціся з наведвальнікам.

З ім здарылася бяда.

Марудзіць з адказам.

Як справы з дысертацыяй? У яе дрэнна з сэрцам.

7. Ужыв. пры наступленні чаго-н.

З часам усё наладзіцца.

З надыходам вясны прырода ажывае.

З гадамі густы мяняюцца.

Усё перайначылася з яго прыездам.

8. Ужыв. пры абазначэнні мэты дзеяння.

Звярнуцца з просьбай.

Прыйсці з рапартам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сла́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы фізічна. Слабы барэц. Слабы конь. / у знач. наз. сла́бы, ‑ага, м. — Чуў, што ваўкі — санітары? Лес ачышчаюць ад хворых і слабых? — гэта ўмяшаўся Левановіч. Пташнікаў. / Пра мышцы, рукі, ногі. Слабай, з сінімі пражылкамі ў пальцах рукой старая адвяла ад сябе працягнутую сынаву руку. Каршукоў. // Кволы, хілы, хваравіты. Слабыя грудзі. Слабыя нервы. Слабае здароўе. Слабае дзіця. □ [Дзед:] — А я якраз і быў такі — стары і з выгляду слабы... Шуцько. Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустах цялушачка. Ды такая слабая, лядашчая, што сама і не ўстане. Якімовіч. / на што, чым. Разм. Слабы па ногі. Слабы розумам. □ Слабы... [Яначка] па выпіўку. У галаве ад першай чаркі лёгкі туман. Крапіва. Душой і целам я — не слабы, Узяў ад бацькі моц лясную. І. Калеснік. // Знясілены, абяссілены (ад хваробы, стомы і пад.). Яшчэ хворы, слабы, як ён пойдзе дамоў? Куляшоў. Вакол... [Вані] на нарах ляжалі людзі. Яны былі слабыя, як мухі. Бядуля. // З аслабленым успрыманнем; прытуплены (пра зрок, слых, памяць і пад.). Слабыя здольнасці. Слабая памяць. □ [Чмаруцька:] — На грамату патрэбны добрыя вочы. А вочы ў мяне слабыя. Лынькоў. // Які робіцца з малым фізічным намаганнем. Слабы рух рукі.

2. Пазбаўлены стойкасці, цвёрдасці; які не вызначаецца цвёрдым характарам. Слабы характар. Слабая воля. □ Ён быў слабы, змучаны і бязвольны, гэты чалавек. Чорны. Цяпер Міця слабы, разгублены, а такі ён ісці да Сюзанны не хоча. Навуменка. // Які мае схільнасць, цягу да чаго‑н. (звычайна адмоўнага). Слабы да выпіўкі. Слабы да азартных гульняў. Слабы да жаночага полу.

3. Нетрывалы, нямоцны. Слабы плот. Слабы замок. Слабая загарадка. Слабыя сцены. □ У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

4. Нізкі па якасці і колькасці, марны, мізэрны. Слабы ўраджай. Слабы ўрадзіўся лён.

5. Не здольны наступаць ці абараняцца; дрэнна ўзброены. Слабы праціўнік. Слабы тыл. Слабая абарона.

6. Які не мае моцнай улады, аўтарытэту, не можа аказаць вялікага ўплыву на што‑н. Слабы кіраўнік. Слабая арганізацыя.

7. Які мае невялікую магутнасць, сілу, энергію. Слабы ток. Слабы матор. □ [Алёшка:] — Я не хачу старцёрам заводзіць — акумулятар ужо слабы. Лобан.

8. Не здольны аказаць моцнае дзеянне на каго‑, што‑н. Слабы яд. Слабае лякарства. // Ненасычаны, нямоцны. Слабы раствор еду. Слабы тытунь.

9. Нязначны па сіле праяўлення, напружанасці. Слабы штуршок. Слабае цячэнне. □ Пажоўклая лістота таполяў дробна трымцела на слабым ветры. Савіцкі. [Коркія] хацелася плакаць слабымі старымі слязамі. Самуйлёнак. // Нягучны (пра шум, крыкі, гукі і пад.). Пясок шоргае аб жалеза, за кармой чуюцца слабыя ўсплёскі. Каршукоў. Голас данёсся слабы, дрыготкі, ледзь не з плачам. Кулакоўскі. Аднойчы ліпеньскім ранкам за дошкамі пачуўся слабы піск. Гарбук. // Няяркі, цьмяны (пра святло). Удалечыні паказаліся слабыя агеньчыкі. Гурскі. // Недастаткова выразны, неглыбокі, няясны. Слабы след. Слабыя абрысы. □ — Можа, у вас есці няма чаго? — спытаў Юрка. — Не-е-е... — слабая ўсмешка асвятліла бледны Рыгоркаў твар. Курто.

10. Недастаткова абгрунтаваны, малапераканальны. Слабая падстава. □ — Гэта слабы доказ. Рыгор Апанасавіч, — заўважыў дырэктар. Якімовіч.

11. Нязначны, малы. Слабая дапамога. □ А ці ён [Данілка] вернецца? Хто знае — Надзея слабая ў самой. Колас. Рыгор Пятровіч, адарваўшыся ад кулямёта, радасна працягнуў Лубяну рукі. — Яўген Сяргеевіч! Падмога? — Слабая. Я адзін. Шамякін. // Які не адпавядае патрабаванням; недастатковы. Слабая спартыўная падрыхтоўка вучняў. Слабае валоданне замежнай мовай. Слабая распрацаванасць тэхнікі эксперыменту. // Які не дасягнуў належнага ўзроўню развіцця; адсталы. Распачалася спрэчка, які калгас лічыць слабым і цяжкім. Шахавец. // Недасканалы па мастацкай форме і па зместу. Слабая к Слабае апавяданне. Слабы канцэрт. Слабая карціна. □ Трапіў слабы вершык Дзесьці ў друк насценны. Памяркоўны крытык Працадзіў: — Не дрэнна! Лужанін. Чытаю ўсю маладую паэзію, часта з добрай зайздрасцю, часам прыдзірліва падкрэсліваючы надуманы і слабы радок. Грахоўскі.

12. Які дрэнна ведае ці выконвае сваю работу, сваю справу. Слабы інжынер. Слабая студэнта. Слабы клас. // у чым, па чым. Разм. Які дрэнна ведае што‑н., недастаткова ўмелы ў чым‑н. Слабы ў матэматыцы. Слабы па музыцы. □ [Люба] ў вучобе слаба, засталася на другі год на тым жа курсе ў медыцынскім інстытуце. Лынькоў.

13. Не цвёрды, не тугі, не густы. Слабы грунт. Слабая горкая парода. □ Падняўся вецер і разагнаў слабыя, мокрыя хмары. Нікановіч.

14. Нямоцна зацягнуты. Слабая папруга.

•••

Слабае месца (слабы бок) каго-чаго — недахоп чый‑н. або чаго‑н.

Слабая струнка (струна) каго гл. струнка.

Слабы на язык — балбатлівы.

Слабы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рука́, -і́, ДМ руцэ́, мн. ру́кі і (з ліч. 2, 3, 4) рукі́, рук, ж.

1. Верхняя канечнасць чалавека ад пляча да кончыкаў пальцаў, а таксама ад запясця да кончыкаў пальцаў.

Правая р.

Доўгія рукі.

Выпасці з рук.

Паціснуць руку каму-н. (у знак прывітання або ўдзячнасці). Павітацца за руку (пра поціск рукі). Рукі не падаваць каму-н. (у знак пагарды не абменьвацца рукапацісканнем). Весці за руку (трымаючы за руку). Узяцца (пабрацца) за рукі.

Пад рукі весці (падтрымліваючы з двух бакоў пад сагнутыя локці). Пад руку ісці з кім-н. (апіраючыся на чыю-н. сагнутую ў локці руку). На рукі ўзяць каго-н. (пасадзіць да сябе на калені ці, падняўшы, прытуліць да сябе; звычайна пра дзіця). На руках трымаць каго-н. (перан.: узяўшы на рукі). На руках насіць каго-н. (таксама перан.: надта песціць, балаваць; разм.). Рукі апусціліся ў каго-н. (таксама перан.: прапала жаданне рабіць што-н., быць актыўным). У рукі аддаць каму-н. (самому, асабіста). На руку надзець.

Не па руцэ рукавіцы (вялікія або малыя). Залатыя рукі ў каго-н. (перан.: умелыя; разм.). Рукам волі не давай (не біся, прымі рукі; разм.). З рук выпусціць (таксама перан.: упусціць што-н., не выкарыстаць што-н. выгаднае; разм.). Рукі грэць на чым-н. (таксама перан.: нажывацца несумленным спосабам; разм., неадабр.). Рукі прэч ад каго-, чаго-н.!(таксама перан.: патрабаванне не ўмешвацца ў чые-н. справы). Р. не задрыжыць у каго-н. (таксама перан.: хопіць рашучасці зрабіць што-н. дрэннае). За руку схапіць каго-н. (таксама перан.: злавіць на месцы злачынства; разм.). Цвёрдая р. ў каго-н. (перан.: упэўнены ў сабе, строгі). У руках у каго-н. (таксама перан.:

1) маецца, ёсць.

Доказ у руках у следчага;

2) у поўным падначаленні, залежнасці.

Уся група ў яе ў руках;

3) злоўлены.

Злачынец у руках у міліцыі).

У руках або ў сваіх руках трымаць, мець што-н. (таксама перан.: трымаць у сваёй уладзе, валодаючы чым-н.). У руках трымаць каго-н. (таксама перан.: у строгасці; разм.). Руку прылажыць (таксама перан.: паставіць свой подпіс; уст.). У рукі або ў свае рукі захапіць, узяць што-н. (таксама перан.: узяць сабе або пад свой кантроль, сваё кіраўніцтва). У рукі ўзяць каго-н. (таксама перан.: зрабіць больш дысцыплінаваным, прымусіць падпарадкавацца; разм.). У нашых (маіх, яго) руках (таксама перан.: у нашых магчымасцях, наша права; разм.). Усё валіцца з рук (перан.: за што ні вазьміся, нічога не атрымліваецца, ні на што няма сіл; разм.). У добрыя, дрэнныя, чужыя рукі аддаць, трапіць або ў добрых, дрэнных, чужых руках быць, знаходзіцца (перан.: да добрых, дрэнных, чужых людзей або ў добрых, дрэнных, чужых людзей; разм.). У адны рукі прадаць, адпусціць (перан.: аднаму чалавеку; разм.). У рукі само (сам) ідзе (перан.: аказваецца лёгкадаступным, дасягальным; разм.). У чатыры рукі іграць (іграць на раялі ўдваіх). Голымі рукамі не возьмеш каго-н. (перан.: пра таго, хто хітры, выкрутлівы; разм.). З рук у рукі перадаць каго-, што-н. (перан.: непасрэдна перадаць каму-н.). 3 рукі ў рукі пераходзіць (перан.: пераходзіць у валоданне то да аднаго, то да другога папераменна). Пад гарачую руку трапіць (у сярдзітую хвіліну, калі хто-н. раздражнёны, раззлаваны; разм.). Пад руку папасці, трапіць (перан.:

1) выпадкова трапіцца.

Пад руку трапіла цікавая кніжка;

2) тое, што і пад гарачую руку трапіць; разм.).

Пад рукой (таксама перан.: у непасрэднай блізкасці, так, што зручна карыстацца; разм.). Пад руку гаварыць каму-н. (перан.: гаварыць, перашкаджаючы таму, хто заняты справай; разм.). Па руках біць або ўдарыць (таксама перан.: заключыць здзелку, дамовіцца; разм.). Па руках даць каму-н. (таксама перан.: даць каму-н. пострах; разм.). На руках памерці чыіх-н. або ў каго-н. (перан.: у прысутнасці таго, хто быў побач, блізка). Падаць, працягнуць руку дапамогі (перан.: дапамагчы; высок.). Падняць руку на каго-н. (перан.: намерыцца ўдарыць або забіць каго-н.). Рукамі і нагамі адбівацца, адпіхвацца (таксама перан.: катэгарычна адмаўляцца; разм.). З рукамі і нагамі (перан.:

1) ахвотна, з прыемнасцю; разм.

З рукамі і нагамі возьмуць такога працаўніка;

2) увесь, цалкам.

Выдаць сябе з рукамі і нагамі; разм.). Рука ў руку ісці (узяўшыся за рукі; таксама перан.: дзейнічаць сумесна, дружна). Рукой не дастаць каго-н. (таксама перан.: пра таго, хто дасягнуў высокага становішча, а таксама пра таго, хто далёка; разм.). Руку налажыць, накласці на што-н. (перан.: завалодаць чым-н.; разм., неадабр.). Р. не падымаецца ў каго на каго-, што-н. (перан.: не хапае смеласці, рашучасці зрабіць што-н.; разм.). Рукі развязаць каму-н. (таксама перан.: даць магчымасць свабодна дзейнічаць; разм.). Рукі атрэсці (перан.: катэгарычна адмовіцца ад каго-, чаго-н.; разм.). Рукі свярбяць у каго-н. (таксама перан.:

1) на каго, хочацца пабіцца; разм.;

2) на што і з інф., хочацца заняцца якой-н. справай; разм.

Рукі свярбяць на працу або працаваць).

Прайсці праз чые-н. рукі (перан.: быць прадметам чыёй-н. дзейнасці, уздзеяння, увагі). Р. руку мые (прыказка пра тых, хто пакрывае дрэнныя ўчынкі адзін аднаго). Чыстымі рукамі рабіць што-н. (таксама перан.: не крывячы душой, з чыстым сумленнем).

2. перан. Манера пісьма, почырк.

Увесь тэкст напісаны адной рукой.

3. перан. Старана, бок, напрамак (разм.).

Па правай руцэ цягнуўся лес (справа).

4. перан. Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю (разм.).

Свая р. дзе-н. у каго-н. Моцная р.

Ад рукі напісаць — ручкай, карандашом, пяром, у адрозненне ад машынапіснага, друкаванага тэксту.

Воля рук (кніжн.) — свабода дзеянняў.

Да рук прыбраць каго-што

1) прысвоіць або завалодаць, захапіць (разм., неадабр.).

Прыбраць да рук чые-н. рэчы;

2) поўнасцю падпарадкаваць сабе каго-н. (разм.).

З другіх (трэціх) рук (даведацца, атрымаць звесткі) — не непасрэдна ад каго-н.

З першых рук (даведацца, атрымаць звесткі) — з першакрыніцы, непасрэдна ад каго-н.

З рук вон (разм.) — вельмі дрэнна, нікуды не варта.

З рук збыць каго-што (разм.) — пазбавіцца ад каго-, чаго-н.

З рук сысці (разм.) — застацца беспакараным.

Правіннасць сышла з рук. 3 чужых рук глядзець (разм., неадабр.) — быць у залежнасці ад іншых.

На руках

1) быць, мецца ў наяўнасці.

Даведка на руках;

2) у каго, на чыім-н. утрыманні, пад апекай каго-н.

У мяне на руках вялікая сям ’я.

На рукі выдаць што каму — уручыць.

На руку каму што (разм.) — выгадна каму-н., супадае з чыімі-н. інтарэсамі.

На руку нячысты (разм.) — схільны да крадзяжу, махлярства.

На ўсе рукі майстар (разм.) — усё ўмее рабіць.

Не з рукі (разм.) —

1) каму, пра нязручнае становішча рукі ў момант якога-н. занятку.

Пісаць лежачы — не з рукі;

2) не варта, не падыходзіць.

Не пакладаючы рук (разм.) — старанна, не перастаючы.

Па руках пайсці (хадзіць) (разм.) — пераходзіць ад аднаго да другога.

Прасіць чыёй рукі — зрабіць каму-н. прапанову выйсці замуж за сябе.

Рукі не дайшлі (не даходзяць) да чаго (разм.) — не паспявае хто-н. зрабіць што-н. з-за вялікай колькасці іншых спраў.

Рукі не даходзяць навесці парадак у кладоўцы.

Рукой падаць (разм.) — вельмі блізка.

Да лесу рукой падаць.

Руку (і сэрца) прапанаваць каму (уст.) — тое, што і прасіць чыёй-н. рукі.

Сон у руку (разм.) — пра сон, які спраўдзіўся.

Трымаць руку чыю (уст. і разм.) — быць чыім-н. прыхільнікам; падтрымліваць каго-н. у чым-н.

Узяць сябе ў рукі — прымусіць сябе супакоіцца.

Як рукой зняло што (разм.) — поўнасцю прайшло (звычайна пра боль).

|| памянш. ру́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

За ручку вадзіць каго-н. (таксама перан.: залішне апекаваць, пазбаўляць магчымасці дзейнічаць самастойна; неадабр.).

Да ручкі дайсці (дабіцца) (разм.) — да галечы ці да зусім бязвыхаднага становішча.

|| памянш. ру́чачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

|| павел. ручы́шча, -ы, мн. -ы, -аў, ж. (да 1 знач.).

|| прым. ручны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)