падсе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.

Сесці побач з кім‑, чым‑н., каля каго‑, чаго‑н. Да Івана Васільевіча, на вызваленае Падай месца, падсеў былы таварыш па рабоце. Шамякін. Вярнуўшыся ў купэ, Рыта зноў падсела да акна і аддалася ўспамінам аб сваіх нядаўніх універсітэцкіх сябрах. Васілевіч. // Сесці да каго‑н. на воз, у машыну і пад., каб пад’ехаць. [Насці] трэба было цяпер даганяць калёсы, бо ні да каго другога не падсядзеш пад’ехаць: усе наперадзе. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першапачатко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Самы першы, пачатковы, зыходны. Першапачатковы план падарожжа. Аднавіць першапачатковы тэкст. □ Першапачатковы спалох праходзіў, вярталася .. [Таццяніна] звычайная ўпэўненасць і рашучасць. Шамякін. // Які быў раней, былы. Першапачатковы выгляд. Страціць першапачатковую форму. □ [Настаўніку] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.

2. Які з’яўляецца пачаткам, першай ступенню чаго‑н. Першапачатковы перыяд хваробы. Першапачатковая апрацоўка льну. Першапачатковы ўлік.

3. Самы просты, элементарны. Развіццё першапачатковых навыкаў чытання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нядо́шлы ’кволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszłyбылы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пашы́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Стаць больш шырокім; расшырыцца. Трэшчына пашырылася. □ Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.

2. Павялічыцца ў колькасці, у аб’ёме. Былы Гальвасаўскі млын пашырыўся на чатыры колы. Чорны. // Стаць больш поўным, рознабаковым. У тэматычных адносінах круг творчасці Ул. Дубоўкі значна пашырыўся. Глебка.

3. Стаць вядомым многім, распаўсюдзіцца. Хутка слава пра Маніну градку пашырылася далёка за межы ўласнага агароду. Якімовіч.

4. Расшырыць кола свайго дзеяння, ахапіць сабой. Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. У новай пяцігодцы кінасетка Мінска пашырыцца. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першабы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да найстаражытнейшага перыяду гісторыі чалавецтва. Першабытны чалавек. Першабытнае грамадства. Першабытная культура.

2. перан. Устарэлы, прымітыўны. Першабытная тэхніка. □ У гэтым млыне і пад’ёмны механізм быў таксама стары, першабытны. Брыль. // Дзікі, некультурны. Першабытныя норавы.

3. Першапачатковы, былы. Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі, пах усяго жывога, што расце, цягнецца да сонца, дыхае. Навуменка. І вецер імкнецца наўсцяж развінуць сваю першабытную дужасць. Глебка. // Некрануты, у натуральным стане. Першабытны лес.

4. Ужываецца ў якасці састаўной часткі назваў некаторых выкапнёвых жывёл. Першабытны зубр.

•••

Першабытны камунізм гл. камунізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Унесці сябе ў які‑н. спіс. Запісацца на прыём да ўрача. // Уступіць куды‑н., уключыцца ў лік каго‑н. Запісацца ў калгас. □ Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. // Разм. Палічыць сябе кім‑н., прылічыць сябе да каго‑н. Былы панскі лёкай Мацвей Цюхна з аканомам Падвысоцкім запісаліся ў мяцежнікі. Якімовіч.

2. з кім і без дап. Разм. Аформіць дакументы аб уступленні ў шлюб. У Тэклі сын з дачкой суседкі пакахаўся і неўзабаве запісаўся. Корбан.

3. Аказацца запісаным, улічаным. — А вяровак я паўю. Прыйду ды наўю. Можа і мне, старому, які дзень запішацца. Сабаленка.

4. Захапіўшыся пісаннем, забыцца на час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.

2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.

•••

Адысці ў мінулае гл. адысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зва́нне, ‑я, н.

1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае кваліфікацыю ў галіне якой‑н. дзейнасці або службовае становішча. Воінскае званне. Званне інжынера. Званне ўрача. Вучонае званне. □ Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Шамякін. // Ганаровае найменне, якое прысвойваецца за якія‑н. заслугі і з’яўляецца адным з відаў узнагароды. Званне Героя Сацыялістычнай Працы. Званне заслужанага настаўніка. // Найменне, якое ўказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Змагацца за званне брыгады камуністычнай працы.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — саслоўная прыналежнасць, саслоўны стан. Мяшчанскае званне. Духоўнае званне. // Уст. Тытул. Графскае званне.

3. Разм. Прозвішча, імя, мянушка. — Празвалі людзі Здрокам, і, напэўна, памрэш з гэтым казяўчыным званнем. Кандрусевіч.

•••

Адно званне — пра тое, што, захаваўшы сваё найменне, страціла асноўныя якасці, вартасці.

Ані звання каго-чаго — зусім не існуе, і ў паміне няма. — Але наконт прыватнаўласніцкага перажытку я вам магу сказаць пэўна: у мяне яго няма ані звання. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)