АМФІБАЛІ́Я (ад грэч. amphibolia двухсэнсавасць) у літаратуры, двухсэнсавасць выразу, якая ўзнікае ў выніку сінтаксічнай няўзгодненасці асобных частак выказвання. Напр., у радку верша В.​Макарэвіча «Гораду», «Былы я лесаруб, каваль» 2 словы «былы я» ўспрымаюцца як адно «былыя».

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХІЛА́І, Бхілаінагар,

былы горад у Індыі, у 1980-я г. аб’яднаны з суседнім г. Дург у г. Дург-Бхілаінагар.

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКО́НДА,

феадальная дзяржава ў 16—17 ст. у Індыі. Утворана ў 1512 у выніку распаду Бахманідскага султаната. Заснавальнік Кулі Кутб-шах, былы бахманідскі намеснік у Варангале, сталіца — крэпасць Галконда, з 1589 — г. Бхагнагар (пазней перайменаваны ў Хайдарабад). Была багатай дзяржавай, мела развітыя ткацкія рамёствы, гарнарудныя промыслы (асабліва здабыча і апрацоўка алмазаў). У 1687 далучана да дзяржавы Вялікіх Маголаў. Цяпер у складзе штата Андхра-Прадэш.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛІНА,

былы маёнтак у Віцебскай вобл. Існаваў у 15 — пач. 20 ст. на беразе р. Больнік паміж в. Кастрыца Лепельскага і Дзярэўня Чашніцкага р-наў на Пд ад аўтадарогі Лепель—Орша. Вядомы з пач. 1440-х г. як сяло Лукомскага княства. Належаў Лукомскім, П’яноўскім, Жабам і інш. Апошняй уладальніцай Боліна ў пач. 20 ст. была К.​Дзевалтоўская-Гінтаўт. Пасля 1917 маёнтак спыніў існаванне. Рэшткі Боліна знішчаны ў 1970-я г. ў час меліярацыйных работ.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РАЎСКАЯ СО́ПКА,

гарадзішча, рэшткі крэпасці 11—13 ст. на Пд ад г. Усурыйск Прыморскага краю (Расія), былы адм. і ваен. цэнтр чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь у Прымор’і. Мела выгляд трохвугольніка і складаную сістэму абароны: знешнія і ўнутр. валы, форты і інш. У ходзе раскопак (з 1953) адкрыты грамадскія пабудовы з лёгкімі сценамі і чарапічнымі дахамі, глінабітныя жытлы з лёгкім дахам. У грамадскіх пабудовах выяўлены арх. ўпрыгожанні, арнаментаваная дахоўка, жал. замкі, запоры, кручкі, парадныя сферычныя пасудзіны, у жытлах — бытавая кераміка, прадметы ўзбраення з жалеза (наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, панцыры), кіт. манеты.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́ДНАСЦЬ у мове,

уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.

Літ.:

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́-БАГА́З-ГОЛ (цюрк. кара — чорны, багаз — заліў, гол — возера),

салёнае возера (былы заліў-лагуна) каля ўсх. берага Каспійскага м., на З Туркменістана. Да 1980 злучалася з Каспійскім м. вузкім (да 200 м) аднайменным пралівам, даўж. каля 11 км. Пл. заліва складала каля 12 тыс. км², найб. глыб. 3,5 м; узровень вады знаходзіўся на 4,5 м ніжэй узроўню мора і быў абумоўлены надзвычай высокім выпарэннем з паверхні, што выклікала пастаянны прыток вады (ад 6 да 25 км³/год). У 1980 заліў перакрыты глухой дамбай «з мэтай захавання ўзроўню Каспійскага м.», у выніку чаго возера абмялела, салёнасць павысілася (больш за 310‰). У 1984 для падтрымання мінім. неабходнага ўзроўню расолу пабудавана водапрапускное збудаванне. Найбуйнейшае ў свеце радовішча мірабіліту. Цэнтр здабычы і перапрацоўкі сульфату — Бекдаш.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІЛО́ДАЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,

баявы надводны карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак. Як П.к. выкарыстоўваюцца авіяносцы, цяжкія атамныя ракетныя крэйсеры (напр., «Пётр Вялікі»), процілодачныя крэйсеры (сярод іх быў авіянясучы крэйсер «Мінск»), вял. і малыя П.к., вартавыя караблі, эскадраныя мінаносцы (у т. л. былы «Віцэ-адмірал Дрозд»), а таксама (пры адпаведным узбраенні) інш. караблі і катэры.

З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, найб. пашырыліся ў 2-ю сусв. вайну. Дзейнічаюць самастойна і ў складзе процілодачных сіл флатоў. Для выяўлення падводных лодак і сачэння за імі аснашчаны гідраакустычнай, гідралакацыйнай і інш. апаратурай, а для іх знішчэння — процілодачнымі ракетамі, тарпедамі, рэактыўнымі і газадынамічнымі бамбамётамі для кідання глыбінных бомбаў. Для самаабароны маюць ракетныя і артыл. комплексы, у т. л. зенітныя, і інш. ўзбраенне.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Процілодачны карабель. Атамны ракетны крэйсер «Пётр Вялікі» (Расія).

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВА́Н,

возера ў Арменіі, адно з найбуйнейшых на Каўказе. Размешчана на Армянскім нагор’і на выш. 1900 м. Пл. 1240 км², сярэдняя глыб. 28,5 м, найб. 83 м. Займае цэнтр. ч. міжгорнай упадзіны, абкружанай горнымі хрыбтамі. Двума мысамі возера падзяляецца на Малы С. і Вялікі С., злучаных пралівам (шыр. да 8 км). У возера ўпадае 28 невял. рэк, выцякае р. Раздан. Былы в-аў Севан з-за спуску часткі вады ў сувязі с з буд-вам на р. Раздан ГЭС злучыўся з сушай. З мэтай павелічэння водных рэсурсаў С. і Севана-Разданскага каскада ГЭС пабудаваны падземны тунэль Арпа—Севан (даўж. 49 км) для перакідвання вод р. Арпа. Замярзае С. толькі ў самыя халодныя зімы. Рыбалоўства. Возера ў складзе аднайм. нац. парку. На беразе С. — г. Севан.

Возера Севан.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)