Пу́тра1 ’кіслая мучная страва, саладуха’ (ТСБМ, Яруш.; в.-дзв., паст., брасл., віл., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв.; полац., Нар. сл.; Янук.; Нік. Очерки; Касп., Бяльк., ТС), ’цура’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’нясмачная, няякасная страва’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’страва з прасеянай жытняй мукі, заквашаная і запраўленая расцёртымі ягадамі’ (Малч.), ’усё, што робіць ежу крухмалістай’ (“как бы пудрит”) (Шн., 3), ’рэдкая гразь, балота’, ’раска на вадзе, якую ядуць качкі’ (гродз., ABSl, 9, 118), н. р. пу́тро ’саладуха’ (ТС), сюды ж путра́ны ’саладушны, зроблены з путры’ (Касп.), путря́нъй ’густы’ (гарад.; Нар. лекс.), параўн. укр. пу́тря ’страва з варанага ячменю і салодкага квасу’, рус. пу́тра, пу́тря, путро́ ’пойла з мукой; пшонная каша з маслам’. Запазычанне, у якасці крыніцы часцей за ўсё называецца літ. putrà ’рэдкая каша; поліўка; пойла’, лац. putra ’тс’ (Блесэ, SB, 5, 17–18, з літ-рай; Фасмер, 3, 413; гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 21, з літ-рай); бел. путра (“родъ худаго супа”) збліжаў з эст. pudder, puddro ’каша’ яшчэ Шымкевіч (Шымк. Собр.), параўн. таксама фін. puuro ’страва з мукі’, крыніцай запазычання якіх лічацца балтыйскія словы, што выводзяцца ад pùsti ’ўздувацца, набухаць’ (Фрэнкель, 681). Паводле Непакупнага (ABSl, 9, 118), гэта матывацыя пацвярджаецца ў адносінах да геаграфічных тэрмінаў, параўн. палес. зду́ховіна ’дрыгва’; Тапароў зыходным для гідронімаў з элементам put‑r‑ лічыць значэнне ’нешта разлезлае, няўстойлівае, нізкаякаснае’ і адносіць сюды літ. pùtryti, putróti ’чмякаць’, pùtarnoti ’плявузгаць’, лат. putrât, putruôt ’тс’, а таксама рус. пу́трить ’лаять’ (“что-то вроде ’разнести в пух и прах’, ’стереть в порошок’, ’размазать’”), што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑r *pou̯‑, *pū̆‑ з элементам ‑r‑ і семантыкай ’успухаць, раздавацца, разрэджвацца’ і ’гніць, раскладацца’ (Балто-слав. иссл., 1988–1996, 277). Параўн., аднак, заўвагу Віцьбіча: “Путра — усяго толькі нацыянальная латышская зацірка, якую часта можна спаткаць на стале латышскіх беднякоў” (Полымя, 1998, 3, 258), а таксама гродз. пу́тра (Цых.), по́тра (Скарбы) ’пацяруха’: перацерлі мышы зерне ў кублі, адна путра, што дазваляе хаця б для часткі слоў дапусціць сувязь з церці, тру (гл.).

Пу́тра2 ’лёгкія’ (мазыр., Шатал.). Няясна; магчыма, звязана з *ǫtrь ’унутранасці’, параўн. нутро́ ’сярэдзіна, вантробы’ (гл.), вагку́ша ’пячонка’, лёгку́ша ’лёгкія’.

Пу́тра3 ’пацяруха’ (Цых.). Гл. по́тра ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крук1 ’род вялікага цвіка з загнутым тупым канцом’ (ТСБМ, Шат., Жыв. сл., Бяльк., Яруш., Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом.). Ст.-бел. крукъ (з 1571 г.) разглядаецца як запазычанне праз польск. kruk (гл. Булыка, Запазыч., 179) з ням. Krücke. Аднак само польск. kruk лічыцца запазычаннем з бел. крук або ўкр. крук (Слаўскі, 3, 170). Гэтыя ўсходнеславянскія лексемы тлумачацца як паўночнагерманізмы. Параўн. ст.-ісл. krōkr ’гак, крук’ (Тэрнквіст, Studien, 63–68).

Крук2 ’матыка з двума зубамі’ (Шат., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Пр., Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Гл. крук1.

Крук3 ’вочап у калодзежы’ (Шат., Нар. словатв., З нар. сл., ТС). Гл. крук1.

Крук4 ’крумкач’ (Нас., Сержп. Пр., Шатал., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Ва ўсіх польскіх дыялектах kruk ’тс’ (апрача паўднёва-ўсходняй часткі малапольскіх, дзе ў тым жа значэнні — gawron) (Струтынскі, Nazwy, 12; Смыль, 18, 4, 149). У частцы вялікапольскіх і малапольскіх дыялектаў ’грак, Corvus frugilegus’ (пры поўнай дамінацыі ў тым жа значэнні). Кашуб. krek ’крумкач’. Руская тэрыторыя распаўсюджання гэтай назвы мяжуе з беларускай і ўкраінскай. Іншыя паўночнаславянскія дыялекты слова kruk не ведаюць. Не ведаюць яго і паўднёваславянскія дыялекты. Адзінае выключэнне, зафіксаванае толькі ў Скока, харвацкае дыялектнае kruk ’Corvus corax’ (2, 214). Таго ж паходжання балтыйскія вытворныя: літ. krauklỹs ’варона’, kriauklỹs ’крук’, лат. kraûklis ’тс’. Такім чынам, балтыйская геаграфічная арыентацыя слова даволі ясная. З іншага боку, вядома, што для балтыйскіх і славянскіх моў для ’Corvus corax’ і ’Corvus corone’ рэканструюецца vornъ (varnas) і vorna (varna). Таму ёсць падставы меркаваць аб іншамоўным паходжанні крук. Геаграфія наводзіць на думку аб гоцкай крыніцы. Паколькі пра гоцкія крыніцы нічога не ведаем, нельга не звярнуцца да паўночна-германскіх: ст.-ісл. krákr ’Corvus corax, kráka ’Corvus corone’ — hrókr ’Corvus frugilegus’. Kruk з hrōk/hrauk. Параўн. гутн. (дыялект вострава Готланд, які, магчыма, збярог архаіку, блізкую да гоцкай) rōk/rauk ’Corvus frugilegus’. У многіх польскіх гаворках kruk — ’Corvus frugilegus’ (Смыль, PF, 18, 4, 149). Ясныя сляды ўплыву гоцкай сістэмы на балта-славянскую бачым у кашубска-славінскім варыянце: krak ’Corvus corax’, kraka ’Corvus corone’, krëčk (< kruk) ’Corvus frugilegus’, які амаль што поўнасцю супадае з паўночнагерманскай (эвентуальна гоцкай), параўн. бел. палес. кракаворан ’воран’ (гл.). Такім чынам, бел. і польск. крук < гоц. *hrōks (ō > au > u, як bōka > прасл. bukъ). К на пачатку крук пад уплывам крак або канцавога к (Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 95–97). Іншыя версіі параўн. у Слаўскага, 3, 172.

Крук5 ’строй птушак клінам пры палёце’ (ТС). Гл. крук1.

Крук6 ’сляпень (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да крук1, улічваючы яго моцны колюча-рэжучы ротавы апарат (БелСЭ, 9, 598). Параўн. кручок3 (гл.).

Крук7 ’кроква’ (Мат. Гом.). Гл. кроква.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)