Тэало́гія ‘багаслоўе’ (ТСБМ), тэолёгія ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. теология, феология ‘тс’ (1595 г., ГСБМ). Запазычаны са ст.-польск. teologia ‘тс’, якое з лац. theologia, а апошняе са ст.-грэч. θεολογίᾱ ‘навука пра багоў’ ад θεός ‘бог’ і ‑λογία < λόγος ‘слова’ (Булыка, Лекс. запазыч., 162; ЕСУМ, 5, 546–7). Параўн. таксама ст.-бел. теологъ, што са ст.-польск. teolog ‘тс’; другасныя варыянты, фанетычна набліжаныя да грэчаскіх формаў феологъ, феолокгъ. Таго ж паходжання народнае тэлялёг ‘багаслоў’; студэнт-багаслоў; чалавек, што чытае ў царкве святыя кнігі’ (Нас.), магчыма, іранічна і фармальна набліжанае да гукапераймальных слоў таляхаць, талялёхаць і інш., гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Светаві́т, Светові́т ‘міфічная істота, што ўвасабляе сонца’: Световіт — бог Слонца і самы глаўны (маст., шчуч., Сл. ПЗБ). Няясна, параўн. све́таць ‘свяціць’: лучына светая (Сл. ПЗБ) (гл. свяціць, святло). Нягледзячы на фармальнае падабенства, няяснымі застаюцца адносіны да назвы бога ў пантэоне балтыйскіх славян Svantavit, Szventevit, Zwantevith — “единственное божество у славян, в чьем имени обнаруживается элемент svęt ‘святой’ в языческом понимании этого слова” (Тапароў, Слав. др., 1, 212), другая частка назвы сустракаецца ў іншых назвах багоўЯравіт, Руявіт, Паравіт і рэканструюецца як *vitъ пры параўнанні з ц.-слав. домовитъ ‘галава сям’і’, ‘гаспадар’ або пры параўнанні з лац. victima як *viktъ ‘праяўленне сілы’, гл. Тапароў, Этимология 1986–1987, 38. Варыянт з канцавым звонкім *Svętovidъ Скок (3, 370–371) звязвае з культам святога Віда на Балканах, які ў часы хрысціянізацыі замяніў паганскае боства, параўн. харв. Vidova gora (тапонім на востраве Брач). Брукнер (537) атаясамлівае першую частку імені Świętowit, якая шырока вядома ў славянскіх паганскіх імёнах (Святаполк, Святаслаў і пад.; гл. святы), з *jarъ> ‘моцны’ (гл. яры), прадстаўленым таксама ў імёнах Яраслаў, Яраполк і інш.; інакш, як ‘багабойны’, трактуе першую частку імені Святаполк Фасмер, 3, 585. Параўн. таксама заўвагу Машынскага (Kultura, II, 2, 442) аб тым, што “słońce często bywa nazywane przez Słowian świętym”. Гл. Цыхун, Зб. Мальдзісу, 401–402. Гл. таксама Бел. міф.₂, 455–456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

эфі́р, ‑у, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.

2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.

3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.

4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.

[Грэч. aithēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр. малі́ти ’змяншацца’, мали́тися ’рабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус. ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус. малити (XIII ст.). Польск. maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш. máliti se ’значна змяншацца’, славац. maliť sa ’тс’, серб.-харв. ма́лити, макед. мали се, балг. малея. Прасл. maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).

Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг. маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр. моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус. молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск. modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж. modlić se ’маліцца’, в.-луж. modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш. modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац. modliť sa ’маліцца’, славен. móliti, mòdliti, серб.-харв. мо̀лити, макед. моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг. моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав. молити. Прасл. modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ. maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк. maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм. małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням. melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е. *meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл. modliti пранікла ў прагерм. maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́ 1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ 2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́ць, падніму, паднімеш, падніме і падыму, падымеш, падыме; пр. падняў, ‑няла, ‑няло; заг. паднімі і падымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. з зямлі, падлогі і пад. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. [Пніцкі] падняў некалькі камянёў і вынес іх з-пад бараны на дарогу. Чорны.

2. Змагчы ўтрымаць каго‑, што‑н. цяжкае, аддзяліўшы ад зямлі, падлогі і пад. Падняць гіру. Падняць штангу. □ Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб [калодзежа] і панеслі. Колас. // перан. Асіліць, справіцца з чым‑н. [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Аднак буйнага маштабнага твора ніхто яшчэ не стварыў. От я і ўзяўся. Трэба падняць гэты некрануты цалік. Васілёнак.

3. Перамясціць знізу ўверх. Узяў [госць] дзіця на рукі, прытуліў да сябе, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць. Чорны. Хлопчыкі паднялі ўгору свечкі і ўважліва агледзелі тупік. Арабей. // Перамясціць уверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Падняць заслону сцэны. // Загнуць уверх край таго, што можа апусціцца. Другі [незнаёмы] падняў крысо світкі, выняў кашалёк. Чарнышэвіч.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Падняць капот аўтамашыны. □ Хлопец падняў каўнер, затуліў твар казытлівай цыгейкай. Кандрусевіч. // Падаць стаячае становішча таму, што ўпала на бок, перакулілася. У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся.. Паднялі [сын з бацькам] воз і паехалі далей. Якімовіч. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (пра галаву, вочы і пад.). Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву. Паслядовіч. Моцны вецер кінуў у шыбы прыгаршчы дажджу, шкло тоненька зазвінела, і Алаіза падняла вочы ад газеты, глянула ў акно. Арабей.

5. Прымусіць устаць, зрушыць з месца. Праціўнік не здолеў зноў падняць сваіх салдат у атаку і пачаў адступаць. Гурскі. [Салдат] закурыў і сцішыўся.. Нарэшце нецярплівасць падняла яго з месца. Ён пайшоў у адну з бліжэйшых хат. Чорны. // Прымусіць устаць з пасцелі, разбудзіць. [Апанас Фаміч:] — Вячэраць і — спаць, сябры! А то заўтра мяне і стрэлам не паднімеце. Ракітны. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. На адной палянцы [сабака] падняў зайца. Ваданосаў. // Прымусіць узняцца. Падняць пыл. // перан. Натхняючы, схіліць да якога‑н. актыўнага дзеяння. [Лясніцкі:] — Бачыў, як людзі рвуцца ў бой?.. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу... Шамякін. [Атаманавіч:] — Народ у нас харошы, толькі спяваць нешта развучыўся. Дык ты моладзь, моладзь падымі. Паўлаў.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Падняць крык. Падняць смех. □ Такі стук паднялі [салдаты], што народ пачаў збягацца. Лынькоў. Становішча было вельмі вострае — адзін неасцярожны крок, і паліцэйскі падніме трывогу. Новікаў. // Узняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Я не падняў і не вырашыў ніякага пытання і нічым тут не крану чалавечай душы. Скрыган.

7. Зрабіць вышэйшым. Падняць падмурак. Падняць узровень вады. // перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць на ногі. Як бы там ні было, а Чэслічыха дзяўчынку падняла. І трэба сказаць, што яшчэ і не кожная ў нас кабета за родным так глядзіць, як старая за гэтай дзяўчынаю. Савіцкі. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах і пад. Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт.., і гэта яму лёгка ўдаецца. Колас. — Добра, Сяргей, гаворыш, — сказаў .. [дзед]. — Калгасніца трэба ўсюды высока падняць. Брыль.

8. Павялічыць, павысіць. Падняць ураджай. Падняць цану. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас.

9. Наладзіць, палепшыць што‑н. запушчанае, заняпалае. Падняць гаспадарку. □ Перажылі мы гора-ліхалецце, З руін паднялі вёскі, гарады, Найлепшы лад будуем на планеце. Жычка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). [Адам:] — Купіў каня, калёсы, а плуга і бараны няма! Конь ёсць, дык няма чым зямлю падняць. Нікановіч.

11. перан. Разм. Перагледзець, шукаючы чаго‑н. [Смаляк:] — Які шафёр прывозіў [жыта]? [Кіран:] — Чужы, не ведаю. «Трэба будзе накладныя ў бухгалтэрыі падняць, — падумаў Смаляк, — і па накладных устанавіць». Ермаловіч.

•••

Падняць (узняць) вочы — глянуць на каго‑, што‑н. [Дзяўчына] ператасавала тоўстую калоду пісем, падняла на яго вочы і развяла рукамі. Адамчык.

Падняць (узняць) галаву — стаць бадзёрым, смелым, упэўненым. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Чорны.

Падняць (узняць) голас — рашуча выказаць сваю думку.

Падняць (узняць) меч — пачаць вайну, пайсці супроць каго‑н. За адвечную крыўду і слёзы меч паднялі і бацька, і сын... Кляшторны.

Падняць (узняць) на ногі — а) прымусіць устаць з пасцелі, ложка і пад.; б) выгадаваць, давесці да самастойнасці. [Агапа:] — Пакуль выгадавала.. [дзяцей], падняла на ногі, цяжка было. Чарнышэвіч; в) усхваляваць, прымусіць трывожыцца, непакоіцца. Гарэлка падыме на ногі ўсіх трэстаўскіх багоў. Ён ўчыніць ім такое пекла, якога сам Люцыпар не зазнаў. Вышынскі.

Падняць на смех каго-што — высмеяць каго‑, што‑н. Кожны хацеў бы адпачыць, але было няёмка прызнацца ў гэтым. Яшчэ падымуць на смех. Асіпенка.

Падняць (узняць) на штыкі — закалоць, забіць штыком.

Падняць (узняць) руку на каго-што — зрабіць замах на каго‑, што‑н.

Падняць (узняць) сцяг — пачаць барацьбу за што‑н., у імя чаго‑н.

Як падняць — пра што‑н. цяжкае, важнае. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)