Ламаццё ’ламота ў плячах’ (Шат.), рус. ломотьё ’тупы. працяглы боль’. Бел.-рус. ізалекса. Ад ламотайпрасл. lomota. Да ламаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́лік. Параўн. рус. като́лик, укр. като́лик. У помніках ст.-бел. мовы католикъ ’католік’ адзначаецца з канца XVI ст. Паводле Булыкі, Запазыч., 143, яно папала ў ст.-бел. мову непасрэдна з польск. (параўн. польск. katolik ’тс’); польск. слова запазычана (таксама ў XVI ст.) з царкоўнага лац. catholicus ’католік’ (а гэта апошняе з грэч. καθολικός ’агульны’. З лац. мовы непасрэдна запазычаны і ням. Katholik, франц. catholique ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 102–103. Паводле Слаўскага, там жа, з польск. мовы непасрэдна ўзяты (акрамя бел.) таксама рус. като́лик, укр. като́лик. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 210; падрабязна Шанскі, 2, К, 96–96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кафта́н, таксама капта́к ’даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі’ (ТСБМ), ’кафтан’ (Бяльк.), ’кофта’ (Сл. паўн.-зах., 2). Ст.-бел. кафтанъ, каптанъ, кахтанъ ’кафтан’ (першая фіксацыя слова ў 1516 г.): гл. Булыка, Запазыч., 144. Крыніцай запазычання для ст.-бел. лексем лічаць тур. мову (тур. kaftan; Булыка, там жа). У польск. мове kaftan адзначаецца ў помніках значна раней (з XV ст.). Таму можна ставіць пытанне, ці не з польскай крыніцы ўзята непасрэдна бел. слова, але тут не хапае дадатковых даных храналагічнага парадку. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 212; Шанскі, 2, К, 102; Слаўскі, 2, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашу́ля ’сарочка, рубашка’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ). У бел. мове непасрэднае запазычанне з польск. мовы (у помніках ст.-бел. мовы ўпершыню сустракаецца ў 1508 г.). Першакрыніцай запазычання з’яўляецца лац. (нар.-лац.) casula ’плашч з капюшонам’ (так у Фасмера, 2, 362). Падрабязны агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 2, 192. З польск. мовы ўзята таксама ўкр. кошу́ля. Немэтазгодна разглядаць разам са Слаўскім і інш. гісторыю гэтага слова толькі як агульнаславянскага запазычання з лац. casula. Славац. košeľa, напр., сведчыць, як указвае Махэк₂, 282, што непасрэднай крыніцай у даным выпадку было с.-в.-ням. kāsel(e). Бел. слова зафіксавана досыць позна як паланізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус. гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус. гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус. глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гразь ’гразь’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. грязь, укр. грязь, ст.-рус. грѧзь, чэш. hřez, серб.-харв. гре̑з, славен. grêz. Прасл. *gręzь суадносіцца з дзеясловамі *gręznǫti, *gręziti (бел. гра́знуць, рус. гря́знуть, чэш. hřeznouti, серб.-харв. гре̏знути і г. д.). У аснове ляжыць *gręz‑, якое параўноўваюць з літ. grīmsti ’тануць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 125–126; Фасмер, 1, 467–468. Аблаўтны варыянт — *grǫz‑ (напр., *grǫznǫti, *grǫzъ): параўн. бел. гру́знуць, груз, рус. гру́знуть, груз, укр. гру́знути, груз (апошняе азначае ’балота’). Гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, там жа, 151. Адносна ўкр. (resp. бел.) грязь не пераконвае Слаўскі, 1, 361–362.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дро́гкі ’дрогкі’ (БРС, Байк. і Некр., Бяльк.), дро́хка ’страшна’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 138), бел. слова звязана з рус. дыял. смал. дрехкий ’тс’. Гэтыя словы, магчыма, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі; супольная праформа — *drъgъkъjь (вытворнае ад дзеяслова *drъgati ’дрыжаць, дрыгаць і г. д.’). Параўн. таксама (з вакалізмам«е») і бел. дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.), якое сведчыць аб складанасці дыялектнага размеркавання розных тыпаў вакалізму ў каранёвай частцы данай лексемы. Прасл. *drъgъkъjь адлюстроўваецца і ў бел. назвах для балота, дрыгвы ў тыпе *drъgъkyni (суфікс *‑yni); параўн. у Яшкіна: драгкінь, драгкіня́, дрогкінь (няма ў Трубачова, Эт. сл., 5, што вельмі дзіўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэ́ва ’дрэва’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), таксама дре́ва (Бяльк.). Укр. дре́во (памянш. форма древко) ’тс’ (Грынч.); параўн. і гуц. древору́б ’павець для дроў’ (Грынч.: з Шухевіча). Адносна бел. слова (без укр. матэрыялу) Трубачоў (Эт. сл., 4, 212) заўважае: «блр. литер. дрэ́ва неисконно». Сапраўды, бел. і ўкр. формы нельга вытлумачыць з якой-небудзь прасл. зыходнай формы, таму можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. drzewo ’тс’ (< прасл. *dervo; аб апошнім гл. Трубачоў, там жа, 211–212) з субстытуцыяй польск. гука rz усх.-слав. ‑р‑. Дзіўна, што ў ст.-бел. мове (гл. Булыка, Запазыч.) не адлюстраваны гэты паланізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачэ́нь ’выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начыння’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Малч., Шн. 3, Нар. сл.), сачэ́нь, сашэ́нь ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўн.-усх. сачэ́нь, цацэ́нь, чачэ́нь (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 90), сачэ́нь ’буханка хлеба, абкачаная ў муку’ (рас., Шатал.), ст.-бел. сачень ’праснак’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн.-усх., усх. со́чень ’від перапечкі на канапляным алеі’, пск. соче́нь ’перапечка’, смал. саче́нь, сачни́ ’бліны’. Ад сок1 (гл.), гл. Міклашыч 313; Фасмер, 3, 730. Сумесная беларуска-руская інавацыя з цэнтрам на рускай тэрыторыі; гл. аб гэтым Цыхун, там жа, 90.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)