траге́дыя, ‑і, ж.

1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.

2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.

•••

Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.

[Грэч. tragōdia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уня́ць, уйму, уймеш, уйме; уймём, уймяце; пр. уняў, уняла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Угаварыць або прымусіць каго‑н. супакоіцца, перастаць хвалявацца, крычаць, плакаць і пад. — Аўдоцця... — хоча перапыніць яе крык сам Анішчык, але дзе табе ўняць бабу, калі яна захацела пакрычаць. Мурашка. Нейкі час цяжкавата было аднавіць парадак, уняць гаваркіх. Кавалёў.

2. Суняць, супакоіць (пачуцці, боль і пад.). Я не супакойваў жанчыну, — я ведаў, што боль матчынага сэрца нельга ўняць нічым. Сачанка. Хлопец не можа ўняць дрыжыкаў. Навуменка. Уласнаю персонай Вяртаўся ён з раёна І смагі аніяк не мог уняць. Вітка. // Спыніць (кроў, слёзы). Спярша .. [тэлефаніст] прыклаў два пальцы к параненаму месцу, каб уняць кроў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. □ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.

2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. □ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.

[Ад лац. fabrica — майстэрня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалява́нне, ‑я, н.

1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.

2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.

3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.

2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараўні́к, ‑а, м.

1. У казках і павер’ях — той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец. І Харытон Шчыт, маленькі, ужо сагнуты гадамі, у пацямнелым скураным фартуху, снуючы па кузні ў гэтым дрыготкім святле, быў падобны на чараўніка з казкі. Хадкевіч.

2. Знахар. Як хвор ды бедзен — сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.

3. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе чым‑н. Чараўнік слова. □ І яшчэ многімі сваімі творамі здзіўляў, зачароўваў, радаваў і хваляваў мяне гэты чараўнік паэзіі [Аркадзь Куляшоў]. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́к ’валлё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́а ’не (адмова)’: неа, ні пайду (мсцісл., З нар. сл.), ’тс’ (Грыг., Гарэц.; бялын., Янк. Мат.; ТС), не́‑а ’тс’ (Янк. 1), не́ка ’тс’ (Цых.). З не́ е(сць) (< *ne jestь) у выніку выпадзення j у інтэрвакальным становішчы і змены э > а ў занаціскным складзе, як у зна́а < знае, сыро́а < сырое (гл. Карскі, 1, 270), параўн. чэш. дыял. neʼe славен. дыял. naʼa, апошняе можа выступаць і ў форме naka, параўн. таксама і балг. радоп. на́ка ’не’, што адпавядаюць чэш. дыял. neʼ (nek) з прыдыханнем (гл. ESSJ SG, 2, 437, 441); адпаведна з гэтым гродз. не́ка ўзнікла ў выніку устаўкі ‑к‑. Іншыя версіі: неа < не́ка, дзе ‑ка, як у нема́ека, ту́така, та́мака, ёсцека і пад., або з неќаць ’гаварыць не’, здаюцца менш верагоднымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)