Жоўць 1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.
Жоўць 2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Загугу́ля ’бульбяная бабка’ (Мат. Гом.). Рус. загогу́ля ’выгін, крывізна’, дыял. ’патаўшчэнне’, перан. дыял. ’нешта незвычайнае, манернае (выраз, чалавек)’. Фасмер (2, 73) тлумачыць загогулина з гогуля, якое параўноўваецца з польск. gogólła ’зерне плода’ (у Слаўскага, 1, 310, gogołka ’завязь’). Для бел. значэння істотна ўлічыць рус. алан. гого́лька ’талакно на вадзе з маслам’, гого́лья ’камячкі мукі ў рэдкім растворы з аўса для бліноў’, балг. гага́лка ’від галубцоў’ (Гераў). Слаўскі лічыць, што ў gogołka рэдуплікацыя тыпу по‑пел. Сярод паралелей без рэдуплікацыі галушка (гл.). Першапачатковы корань, па Слаўскаму, *gol‑ ’нешта голае’. Семантычна гэта не бездакорна. Параўн. яшчэ рус. дан. гугу́ля ’груз’. Ці не трэба ў назвах ежы ўбачыць значэнне ’нешта патоўшчанае, як гуз’, якое можа быць зыходным і для назваў завязі ў польск. і чэш., мар. gagalka ’завязь’, балг. дыял. гага́лка ’авечы кал у выглядзе галачак’, гоголица ’друк з натуральнай булавешкай’? Параўн. таксама гуля, гула, гуз, гала. Тады рэдуплікацыя «ўзмацняе» першаснае значэнне ’патаўшчэнне, жаўлак, гуз’, як і прэфіксацыя: гу́ля ’гуз, шар, гала’ > гугу́ля > загугу́ля. Гуля, гула з прасл. gula. Трубачоў, Эт. сл., 7, 169–170; БЕР, 1, 222, 259; Махэк₂, 148.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сквалы́га ‘скнара, жмінда’ (ТСБМ), ‘скнара, ганебны скупец’, сквалы́жнік ‘тс’, сквалы́жны ‘скупы’, сквалы́жнічаць ‘быць скнарай’ (Нік. Очерки). Рус. сквалы́га ‘скнара, скупы’, дыял. скалы́га ‘тс’, сквиля́га ‘тс’, укр. сквиря́га ‘тс’. Збліжаецца з рус. скулить ‘скавытаць, ныць’ (Трубачоў у Фасмер, 3, 636), што з улікам варыянтаў дазваляе ўзвесці да кораня *skval‑/*skūl‑/*skoul‑, якому роднасныя ст.-ісл. skjol ‘укрыццё’, с.-в.-ням. schûlen ‘быць скрытным, таемнічаць’, швед. skyla, нарв., дац. skjule ‘прыкрываць, хаваць’, што да і.-е. *(s)keu‑ (Новое в рус. этим. 1, 209). Каламіец (ЕСУМ, 269) збліжае ўкраінскае і рускае словы з гукапераймальным укр. скви́рити ‘плакаць, скавытаць’, рус. кви́литься ‘скардзіцца, нудзіцца’. Калі насуперак Новое в рус. этим. (208), што дапускае запазычанне слова з рускай мовы, лічыць яго ў беларускай мове арганічнай з’явай (пра што сведчыць фіксацыя Нікіфароўскім), то натуральным было б вывядзенне з кволіцца ‘жаліцца на слабасць, ныць’ (гл.), перан. ‘прыкідвацца бедным’, параўн. скволе́ць ‘аслабець, зрабіцца слабым’ (Нас.), да словаўтварэння параўн. маталыга (гл.). Збліжэнне з рус. шкулить ‘збіраць грошы тайна’ (гл. шкеліць) і іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 636; Новое в рус. этим., 208–209) падаюцца неверагоднымі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
дакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; заг. дакаціся; зак.
1. Коцячыся, дасягнуць якога‑н. месца. Клубок дакаціўся да стала. Мяч дакаціўся да варот. □ Тралейбус .. дакаціўся да сцяны і стукнуўся ў яе. Арабей.
2. перан. Пашыраючыся, распаўсюдзіцца да якога‑н. месца (пра з’явы, пачуцці і пад.). Андрэй адчуў, як па спіне яго пабеглі мурашкі, холад скаваў цела і дакаціўся да сэрца. Чарнышэвіч. Хваля аблаў і пагромаў дакацілася да мястэчка. Брыль. // Данесціся, дайсці да слыху (пра гукі). Заставалася скласці апошні стог сена, як раптам аднекуль дакаціўся раскат грому. Сіняўскі. Зноў дакаціліся да Ігнася зыкі музыкі. Чорны.
3. перан. Разм. Апусціцца, дайсці да якога‑н. ганебнага стану. Уся гісторыя з Дывінцом выглядала падазронай і дзіўнай. Каб такі хлопец дакаціўся да п’янства і сварак! Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асвятлі́ць, асвятлю, асветліш, асветліць; зак., каго-што.
1. Зрабіць светлай якую‑н. прастору; напоўніць святлом памяшканне. Мігун не вытрымаў і асвятліў мясцовасць ракетай. Алешка. З горна, як агнявая птушка, узляцела полымя, сыпанула іскрамі ў столь, зашумела і асвятліла кузню чырвоным бляскам. Чарнышэвіч. // Накіраваць святло на які‑н. прадмет, зрабіць яго бачным. [Цётка Марына] з ліхтаром нахілілася да.. [Раманенкі], асвятліла яго твар. Шамякін. // перан. Ажывіць, зрабіць радасным, вясёлым. Танкіст-музыка, як дзяўчына, Усмешкай твар свой асвятліў. Колас.
2. Забяспечыць асвятляльнымі прыстасаваннямі, прыборамі, устаноўкамі; правесці электрычнае святло. Асвятліць вуліцу. Асвятліць дом.
3. перан. Падрабязна расказаць пра што‑н., растлумачыць, зрабіць агляд чаго‑н. Асвятліць падзеі тыдня. □ [Лізунок:] — Вось, таварышы, дазвольце вам тое-сёе сказаць і, як кажуць, асвятліць пытанне, каб была нейкая яснасць. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́дгук, ‑у, м.
1. Адбіццё гуку; водгулле, рэха. Затрашчала галлё — панёсся водгук. Гартны. // Слабы гук, які даносіцца здалёку. З ветрам, што кідаўся зверху,.. даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Лынькоў.
2. перан. Спачувальныя адносіны, салідарнасць з чым‑н. Шырокі водгук. □ Я веру, песень маіх кліч бунтарскі Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх. Купала. Водгук на чужое гора жыў у.. сэрцы [Ядвісі]. Колас.
3. перан. Тое, што з’яўляецца вынікам чаго‑н., адказам на якія‑н. падзеі, з’явы. Рэвалюцыйныя падзеі знайшлі магутны водгук у дакастрычніцкай беларускай літаратуры. Пшыркоў. Творы [Лынькова, Чорнага, Труса] з явіліся гарачым водгукам на хвалюючыя пытанні свайго часу. Казека.
4. Разм. Тое, што і водзыў (у 1 знач.). Кніга водгукаў. □ Вялікую цікавасць мелі.. [Купалавы] водгукі аб.. паэзіі Адама Міцкевіча. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.
2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.
•••
Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абміну́ць, ‑міну, ‑мінеш, ‑міне; ‑мінём, ‑міняце; зак., каго-што.
1. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н. Парашыўшы абмінуць пасёлак, Васіль звярнуў з дарогі, што вяла да Нырчы, і лугам пайшоў напрасцяк да ракі. Краўчанка. // перан. Прапусціць, не звярнуць увагі на што‑н. [Рыгор] не падумаў, як спланаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лозунгі. Гартны.
2. Не закрануць, не зачапіць. — Было ў мяне такое прадчуванне, Што куля першая не абміне. Пысін.
3. перан.; часцей з адмоўем. Пазбегнуць, унікнуць чаго‑н. Абмінуць бяду. □ Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць. Колас.
4. Рухаючыся хутчэй, абагнаць, апярэдзіць каго‑, што‑н. Як ішлі па садзе [мужчыны], нагналі Міхаіла Палікарпавіча, павіталіся з ім і моўчкі абмінулі яго. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аге́ньчык, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Памянш.-ласк. да агонь (у 1 знач.). Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агеньчык чуць прыкметна. Колас. Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў.
2. ‑а. Святло ад чаго‑н. у выглядзе кропкі; плямка святла. Зялёны агеньчык тралейбуса. Агеньчык цыгаркі. // перан. Бляск вачэй (звычайна як адлюстраванне якога‑н. унутранага стану чалавека). Зноў успыхнулі ў вачах Любы ранейшыя смяшлівыя агеньчыкі. Васілевіч.
3. ‑у; перан. Захапленне, запал, уздым. Міша Казлоў не любіць высокіх слоў: энтузіязм, камсамольскі агеньчык, працоўны ўздым. Ахвота да працы ў яго — патрэба душы. Мыслівец.
•••
На агеньчык (зайсці, забегчы) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.
2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.
3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)