звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саўлада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Перамагчы, узяць верх у бойцы, сутычцы, бітве і пад. [Лёнька да Сцёпы:] — Калі ты сказаў, што незнаёмы мае пісталет, я адразу зразумеў, што нам нават са стрэльбай утраіх з ім не саўладаць. Гамолка. Ціха, дзядзька, ціха! — сказаў.. [Алёша] спакойна, вырываючы ў Вавілы колік, і Вавіла зразумеў, што з двума яму не саўладаць, аслаб, абмяк. Кудравец. // Адолець, асіліць каго‑, што‑н. Казімір хоча выцягнуць рыбіну на сухое, але не можа саўладаць з ёю, цягне з усяе моцы і раптам падае. Савіцкі. Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім. Чорны. // Прымусіць слухацца, падпарадкаваць сабе каго‑н., справіцца з кім‑, чым‑н. Дарэмна палітработнікі і радавыя камуністы стараліся саўладаць з гэтай анархіяй і навесці парадак для абароны. Машара. Сева адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Карпаў. Бунтуюць героі і не слухаюцца аўтара вельмі часта. Так было ў «Развітанні», з якім я доўга не мог саўладаць. Скрыган. І трэба сказаць, што пісьменнік не адразу саўладаў з новым моўным матэрыялам. Адамовіч. // Змагчы выкарыстаць (які‑н. інструмент, прадмет); справіцца з чым‑н. Пальцы пляскатыя і нягнуткія, нібыта сухое сучча, і не ўяўляеш, як яны саўладаюць з далікатным інструментам. Карамазаў. І тут Венька не разлічыў, не саўладаў са сцізорыкам, той сарваўся з панцыра і шарахнуў лязом па руцэ. Шыловіч. // Пераадолець, перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Быкаў. Вэнеў супрацоўнік перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару, і заядлая задзірыстасць бліснула ў яго вачах, але адразу ж ён саўладаў з сабою, выклаў на свой твар пячаць далікатнасці. Чорны. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

2. Справіцца з якой‑н. работай і пад.; змагчы ажыццявіць што‑н. — Як не саўладаў з работаю, дык чаго ж пытаць? — Букаты прыкусіў губу, але тут жа неяк пастражэў з твару. — Калі перадаваць брыгаду? Савіцкі.

саўлада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уладаць чым‑н. сумесна з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кальцо́, а́; мн. ко́льцы (з ліч. 2, 3, 4 кальцы́), ко́льцаў; н.

1. Прадмет, звычайна металічны, які мае форму вобада, абруча, акружнасці. Па баках ад яе [варонкі] пагойдваліся скручаныя кольцы калючага дроту. Пятніцкі. Каб зрабіць.. [бугая] больш-менш паслухмяным, яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны. Рвануў Даніла Ланцугі, І кольцы трэснулі са звонам. Колас. // мн. (ко́льцы, ‑аў). Гімнастычны снарад, які складаецца з двух падвешаных абручоў.

2. чаго. Тое, што мае форму такога прадмета. Дзед Мірон закурвае люльку, з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму, усё роўна бы паравоз, і ціха ўсміхаецца. Даніленка. // Тое, што абкружае, апаясвае, замыкае што‑н. або каго‑н. Кальцо блакады. □ Эвакуіраваныя чырвоныя прарваліся праз кальцо белых, кальцо, што сцягвалася наўкол горада. Мікуліч. Цяжка было зразумець, як яны [партызаны] змаглі вырвацца з кальца, знішчальнага агню. Брыль.

3. Канцавы пункт трамвайнага, аўтобуснага і інш. маршрутаў, дзе робіцца паварот для прадаўжэння шляху ў зваротным напрамку. Трамвайнае кальцо. Кальцо тралейбуса. Даехаць да кальца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́ла, ‑ы, ж.

1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.

2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.

3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ён, яго, яму, ім, аб ім; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. м.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка мужчынскага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. Сцяпан Варанец падышоў да параненага і, разадраўшы на ім кашулю, пачаў перавязваць. Крапіва.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежнага займенніка; ягоны. Яго дзеці. Яго работа. □ Крыніцы неадольнай магутнасці савецкага народа і яго арміі, якія разграмілі мацнейшага ворага, закладзены ў самой прыродзе сацыялістычнага ладу. «Звязда». Яго гнуткае цела згіналася і разгіналася, як сталёвая спружына. Мурашка.

3. У спалучэнні з «вось» ужываецца ў знач. узмацняльнай або ўказальнай часціцы. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка. З. Астапенка.

•••

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго ведае гл. бог.

Вось я яго (іх, ім) гл. я.

Хто яго ведае гл. хто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́цца, разальецца і разліецца; пр. разліўся, ‑лася, ‑лося; заг. разліся, зак.

1. Выліцца часткова або поўнасцю; расплюхацца. Малако разлілося. □ Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка.

2. Размеркавацца па розных пасудзінах (пра вадкасць).

3. Заліць якую‑н. прастору, паверхню чаго‑н.; расцячыся. Тая нафта, што разлілася тонкім слоем па паверхні вады, загарэцца ўжо не магла. «Полымя». // Выйсці з берагоў. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты. Шамякін. А там, дзе чарнеў заскарузлы алешнік, разлілася сажалка, увабраўшы ў сябе ўсю ясную сінь летняга неба. Ракітны.

4. перан. Разысціся ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра — шчаслівы смех дня, каб дыяментамі разліцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы. Колас. Голас .. [Надзі] пачаў прыкметна дрыжэць, на твары разлілася пунсовая чырвань. Гроднеў. Па пакою разліўся знаёмы і дарагі мне бэзавы пах. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разо́ра, ‑ы, ж.

1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.

2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.

3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Раскінуць на сабе адзенне. [Камар:] — Халодна — укрыйся. Горача — расхініся. Караткевіч.

2. Разысціся ў бакі, адхінуўшыся (пра краі, крыссе адзення). [Хрысціна] падняла ўгору рукі, каб паправіць хустку, кажушок расхінуўся. Асіпенка. // Адысціся, адхінуцца ў розныя бакі (пра што‑н. самкнутае, прыхінутае адно да аднаго). Але вось расхінуліся кусты, і, .. адмахваючыся хвастом ад аваднёў, паказалася Белалобая. Шуцько.

3. Раскрыцца (пра дзверы, акно, заслону і пад.). Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. Пусцілі [вучняў] у клуб, і пакуль усе рассаджваліся на нізенькіх партах першакласнікаў, расхінулася заслона. Навуменка.

4. Расступіцца ў бакі, даўшы праход, месца. [Натоўп] раздаўся, расхінуўся ва ўсе бакі. Баранавых. // Размясціцца па баках, пакінуўшы вольную прастору пасярэдзіне. Вось расхінецца лес, пачнецца наезджаная дарога, а там ужо і самая будоўля. Няхай.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. З пераходам тэхнікі ў калгас Шаманскі, Верамейчык і ўсе аграномы з брыгадзірамі адчулі, што гаспадарка пабыла большую самастойнасць, як бы шырэй расхінуліся граніцы яе росту. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)