перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.
2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́піцца, ‑піцца; зак.
Разм. Сабрацца кучай, масай. Скупіліся хмары над лесам. // Сабрацца разам, збіцца ў кучу, стоўпіцца. Павел.. прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго. Пестрак. Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці. Чыгрынаў.
скупі́цца, ‑плю́ся, ‑пі́шся, ‑пі́цца; незак., на што, з інф. і без дап.
Неахвотна расходаваць, даваць іншым што‑н.; быць празмерна ашчадным. Скупіцца на пачастунак. □ Зайкін скупіўся аплаціць працадні так, як гэта нават дазваляла калгасная капейка. Дуброўскі. Як ні скупіўся [Арцём], як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак. Бядуля. // (звычайна з адмоўем). Быць шчодрым на што‑н. Не скупіўся [Галавач] некага пахваліць, нечаму парадавацца. Скрыган. Ванда Адамаўна, у процілегласць мужу, ніколі не скупілася на словы. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.
1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.
2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.
3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.
•••
Сагнаць смагу гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.
1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.
2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.
1. Вылучыцца з агульнай адзінай масы. Тварог аддзяліўся ад сыроваткі.
2. Адысці, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Тры самалёты аддзяліліся ад групы і накіраваліся да станцыі. Мележ. Другі раз Васіль бачыў [Віктара] каля свайго акна ўжо зусім раніцай, як той аддзяліўся ад сцяны і сышоў на загуменне. Лобан. // перан. Адасобіцца ад каго‑, чаго‑н. Цяпер.. вельмі востра адчувае Рыгор Караневіч, што сяло зусім аддзялілася ад яго. Так — Рыгор Караневіч сам па сабе, а сяло само па сабе. Скрыган. Міхась адчуваў пасля сходу, што ўсе мы — хто пайшоў у калгас — аддзяліліся ад яго, засталіся на тым баку рэчкі. Брыль.
3. Стаць самастойным гаспадаром пасля падзелу маёмасці. Міхал, як толькі ажаніўся, Тады ж ад бацькі аддзяліўся, Бо стала цесна. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.
1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.
2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.
3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., каго-што.
1. і чаго. Дабавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць; павялічыць што‑н.; прыбавіць, дабавіць. Да чацвёркі шахцёраў прыйшлося дадаць яшчэ чатырох чалавек. Мікуліч. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Сказаць ці напісаць у дадатак. [Таіса] памаўчала і дадала: — І сама сябе я не ведаю. Скрыган. Вось, бадай, і ўсё. Хіба толькі яшчэ дадам, што немаведама як і завошта зрабілі мяне нейкім ледзь не героем. Краўчанка.
2. і чаго. Аддаць другі раз тую частку чаго‑н., якая не была аддадзена раней. Вазьмі пакуль гэта, астатняе дадам заўтра.
3. Прыкласці, далучыць да чаго‑н. Дадаць характарыстыку да заявы.
4. Скласці лікі. Да пяці дадаць чатыры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́дры, ‑ая, ‑ае.
1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.
2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.
3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.
1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.
2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.
1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.
2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.
3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.
4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)