Гарэць ’гарэць’ (ужываецца таксама ў значэнні ’цвісці’ — Шат., Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́ть, укр. горі́ти, польск. gorzeć, серб.-харв. го̀рети, ст.-слав. горѣти і г. д. Прасл. *gorěti, *gorʼǫ ’гарэць’ (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 42) звязана з прасл. *grěti, *gъrnъ, *žarъ. У аснове ляжыць і.-е. *g​uher‑: *g​uhor‑ ’гарачы, паліць і да т. п.’ Параўн. літ. garė́ti ’гарэць’, ст.-інд. háras ’жар’, ghṛṇóti ’гарыць, свеціць’, ст.-грэч. θέρομαι ’рабіцца гарачым’. Трубачоў, Эт. сл., 7, 42–43; Слаўскі, 1, 322–323; Фасмер, 1, 441; Траўтман, 79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Грамада́ ’натоўп, гурт; вясковая абшчына’ (БРС, Шат.), таксама грама́да (Касп.). Прасл. *gromada (: *gramada). Параўн. рус. грома́да, укр. грома́да, польск. gromada, чэш. hromada, далей паўд.-слав. (пераважна ў значэнні ’куча’, ’каменне’, ’гара’ і да т. п.): балг. грома́да, серб.-харв. гро̀мада, грома́да, славен. grmáda, gromáda. Роднаснае: ст.-інд. grāma‑ ’натоўп, гурт; вёска, абшчына’, лац. gremium ’бярэмя, ахапак, звязак’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 103; Фасмер, 1, 460–461, Слаўскі, 1, 347–348 (апошні спецыяльна адзначае сувязь з балт. мовамі, аднак Трубачоў, там жа, мяркуе, што літ. grãmatas хутчэй запазычанне са слав.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няўчо́м (не въ чомъ) ’ах як; вось чаму; вось табе (і)’ (Нас.), ’нездарма’ (Барцоўскі, Шляхціц Завальня), неўчом ’нездарма, то-та ж’ (ТС), параўн. польск. niewczym, niewczymci ’тс’. Першаснае спалучэнне, раскрытае Насовічам, што было заменена пазней спалучэннем у нечым (гл. нешта), польск. w nieczym ’у чымсьці’, далей ’не ўпустую’, ’нездарма’ (Брукнер, 362). Карскі (2–3, 453) цытуе народныя песні з формамі учом: учом ты ни цвила? у чом замуж ни ишла?, якія дэманструюць першаснае спалучэнне; у тым жа значэнні ’чаму’, гл. чом: чом ты, каваль, ни куеш (там жа). Параўн. няўком.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калама́шка ’лаянка на няўклюднага, чараватага чалавека’ (Шат.). Фармальна суадносіцца з каламашка ’воз’, ’нязграбны воз’, ’воз для перавозу цяжкасцей’ і да т. п. — значэнні, якія тлумачаць, відаць, утварэнне каламашка ’лаянка’. З разглядаемым словам суадносіцца кылымашыцца ’таўчыся, збірацца ў адным месцы’ (Бяльк.) (паводле фанетычнага крытэрыю ўтворана ад асновы каламаш‑). Семантыка, відавочна, адрозніваецца, аднак яе можна зразумець як натуральнае развіццё ’капацца, вазіцца’ > ’таўчыся на адным месцы’, > ’збірацца ў адным месцы’. Такое развіццё значэння верагоднае, паколькі ажыццяўляецца ў яўна экспрэсіўных лексемах, дзе семантыка з’яўляецца дыфузорнай і лёгка можа субстывавацца. Параўн. яшчэ пск. колымажиться ’важнічаць, фанабэрыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капо́ра1 ’ланцуг для прывязвання лодкі’ (петрык. Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, у выніку распадабнення з какора (гл.) ’крывы камель, корань дрэва’, семантыка якой развівалася наступным чынам: ’крывы камель (дуба), які выкарыстоўваўся ў якасці шпангоўта лодкі’ > верхняя частка шпангоўта, за якую прывязвалі лодку’ > ’ланцуг’.

Капо́ра2, напора ’а нічога, дармо’, ’няхай сабе, ліха з ім’ (пін., Нар. лекс., Жыв. сл.). Відавочна, з’яўляецца працягам укр. капар. якое з іўрыцк. kappärä ў пераносным значэнні ’варты жалю’, ’мізэрны’, ’нічога не варты’, якое з дзеяслова карат ’пакрываць’ кірзгг ’выбачыць, пакрыць віну’ (ЕСУМ, 2, 369).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катлава́н ’катлаван’ (ТСБМ, БРС). Фасмер (2, 353) рус. котлова́н ’вялікая яма для закладкі фундамента’ лічыў цёмным словам. Трубачоў, у дадатках да слоўніка Фасмера, мяркуе, што яно звязана са словам котёл і рознымі варыянтамі ад колдо́бина. Шанскі (2, К, 359) лічыць котлован уласна рус. словам. Упершыню сустракаецца ў крыніцах канца XIX ст.; як антрапонім (Котлован) у XVI ст. У сучасным значэнні вядома ўжо ў Даля. Паводле Шанскага, там жа, слова з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прыметніка котловый (які паходзіць ад слова котел). Бел. катлава́н, укр. котлова́н, мабыць, з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́федра ’ўзвышэнне, памост для лектара або прамоўцы’; ’аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе’; ’пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа)’ (ТСБМ). У царкоўным значэнні гэта запазычанне, як мяркуе Шанскі, 2, К, 100–101, з с.-грэч. і ў форме катедра ўпершыню адзначаецца ў Бярынды. Але форма катедра адлюстроўвае, хутчэй, лац. форму cathedra (< грэч.). Параўн. адносна ўплыву на націск слова лац. мовы (ка́федра замест старога кафе́дра) Фасмер, 2, 212. Сучасныя формы слова сустракаюцца з 1686 г. (ка́федра). Гл. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскаба́лак ’абыякава ці выпадкова адсечаны невялікі кавалак дрэва’, аскабо́лак (Янк. II), осокоба́лок (Лун.), аскабёл (Бяльк.); ад гэтага пераносныя значэнні пра чалавека (БРС), вялікую лусту хлеба (Бір. дыс.). Утворана паводле таго ж тыпу, што абломак, асушак, атопкі ад дзеяслова *аскабаліць (*оскобълити) і аскабёл — ад яго варыянта *аскабеліць (*оскобьлити). Гэтыя дзеясловы, паралельныя да рус. оскоблить, маюць другасныя (устаўныя) ъ, ь; яны ўтвораны ад назвы прылады скобля (магчыма, спачатку ўтвораны бяспрэфіксны дзеяслоў скоблити), што ўзыходзіць да і.-е. *(s)kobh‑ (Покарны, 930–931) і суфіксальнага ‑l‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 156). Супрун, Рэгіян. асабл. (Гомель) 68–69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашва́к ’вушак, шула ў сцяне’, ашванык (палес., Лучыц-Федарэц., Бел.-укр. ізал., 44), ошвак ’шула ў сцяне’ (Тарнацкі, Studia), ’бакавы слуп, да якога прымацоўваецца рама акна’ (Шушк.). Няясна; магчыма, з аўшак (оўшак) ’вушак’ (гл.), збліжанае з шыць, параўн. ст.-бел. ошва ’абшыўка, аблямоўка’ (Нас. гіст., 1494); гл. таксама палес. ошва (ošφa) ’брус, які ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), што нагадвае літ. ašvà ’кабыла’, параўн. шматлікія другасныя значэнні слав. kobyla (тэхнічныя прыстасаванні, будаўнічыя дэталі і інш.): Слаўскі, 2, 305–306, а таксама Яшкін, Рэгіян. асабл., 84–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіла́1 ’грыжа’ (ТСБМ, Шат., Нас., Касп., Мядзв., Яруш., Бяльк., Сержп. Грам., Нік., Няч.). Укр. кила, рус. кила ’тс’, балг. кила ’пухліна’, серб.-харв. ки̏ла, славен. kíla ’тс’, польск. kiła, чэш. kyla, славац. kyla ’тс’. Прасл. kyla ’пухліна, нараст’ адпавядае літ. kū́la ’тс’. Балта-славянская інавацыя. Іншыя і.-е. паралелі ненадзейныя (Фасмер, 2, 232; ЕСУМ, 2, 432).

Кіла́2 ’хвароба крыжакветных раслін, пры якой на карэнні ўтвараюцца нарасці’ (ТС). Гл. кіла1.

Кіла́3 ’проігрыш у картачнай або шахматнай гульні’ (Нас.). Да кіла1. Параўн. надарвацца ва ўскосным значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)