верш, ‑а, м.
1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.
2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.
3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.
•••
Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.
Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.
Белы верш — тое, што і вольны верш.
Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.
Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
казённы, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да казны, належыць ёй; дзяржаўны. Казённая зямля. Казённыя грошы. Казённы лес. // Які выдаецца з казны, за кошт казны, дзяржавы. Казённае абмундзіраванне. □ Цесляры выбягалі з баракаў, размахваючы казённымі сякерамі. Чорны. // Які аплачваецца казной. Казённая кватэра.
2. Уст. Які знаходзіўся на дзяржаўнай службе. На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Колас.
3. перан. Неадабр. Бюракратычны, фармальны. Казённы падыход да справы. Казённае выхаванне. // Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны. Казённая мова. Казённыя фразы.
•••
Казённая палата гл. палата.
Казённая частка гл. частка.
Казённы дом гл. дом.
Ногі не казённыя гл. нага.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
размо́ва, ‑ы, ж.
1. Слоўны абмен звесткамі, думкамі; гаворка. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас. Школа, аб піянерах якой пойдзе наша размова, стаіць непадалёку ад паравознага дэпо станцыі Орша. Шыловіч. // толькі мн. (размо́вы, ‑моў). Чуткі, пагалоскі. — Раскажы, Яўхім, урэшце, пра гэты камень падрабязней. Пра яго ходзіць многа размоў. Пестрак. Што б там людзі ні гаварылі і як яго [Касмача] ні абзывалі, а ён рабіў сваю справу. Размовы — не перуны, двор не запаляць. М. Ткачоў.
2. Разм. Мова, гаворка, вымаўленне. Па яго размове я зразумеў, што гэта цыган. Сергіевіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
сутыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сутыкнуцца (у 1–3 знач.).
2. Датыкацца, дакранацца ўзаемна. [Настаўніца] завяла патэфон, я пачаў выбіраць пласцінкі, рукі нашы ўвесь час сутыкаліся. Лупсякоў.
3. Размяшчацца блізка да чаго‑н.; мець сумежныя бакі; межавацца. [Паліна:] — Пайсці ўскрайкам лугу, што сутыкаўся з полем, значыла выдаць сябе. Кавалёў.
4. Уступаць у якія‑н. адносіны, узаемадзеянне, кантакт з кім‑, чым‑н.; мець справу з кім‑, чым‑н. Важным сродкам узбагачэння слоўнікавага саставу старабеларускай мовы з’явілася запазычванне лексікі з іншых, пераважна суседніх моў, з якімі ў большай ці меншай ступені сутыкалася ў старажытнасці беларуская мова. Жураўскі.
5. Зал. да сутыкаць.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Апра́ва ’рамка, аклад абраза; пераплёт кніжкі’. Рус. оправа ’рамка, аклад’, укр. оправа ’пераплёт; рамка, аклад’, польск. oprawa ’пераплёт, рамка’. Да апраўляць ’апрацоўваць, прыводзіць у адпаведны выгляд’, адкуль і ’ўстаўляць у аправу’. Значэнні ’рамка’ і ’аправа абраза’ адносна новыя з больш старога аправа ’рамка’. Ст.-бел. оправа ’паправа, наладка’ (магчыма, з чэшскай, сустракаецца ў Скарыны, хаця вядома і ў старапольскай); ’дакумент на права карыстання маёмасцю’ і ’маёмасць, запісаная на чыёсьці імя’ (Юрэвіч–Яновіч, Бел. мова, 97), звязана са старапольскім значэннем дзеяслова oprawić ’забяспечыць’, ст.-бел. оправити ’ўнагародзіць’ (Гарб.). Семантычны пераход у дзеяслове, магчыма, такі: ’паправіць, прывесці ў адпаведны выгляд, зрабіць аправу’ і ’паправіць (матэрыяльнае становішча), запісаць маёмасць, узнагародзіць’.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Прастарэ́ка ’той, хто многа гаворыць пра пустое; гаварун, жартаўнік’, ’малы, які гаворыць, як дарослы’ (ТСБМ, Шат.; глус., Янк. Мат.), ’балбатун’ (“трапло”) (Воўк-Лев., Татарк., 182), ’які паволі гаворыць пустое, няважнае’ (Нас.), ’прастак’ (Янк. 1), ’скамарох; крыўляка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), параўн. укр. просторі́кати ’многа гаварыць’, рус. просторечи́вый ’той, хто гаворыць проста’, просторе́чие ’простая мова’, чэш. prostořeký ’той, хто гаворыць занадта шчыра’. Аддзеяслоўны назоўнік ад *прастарэ́каць ’гаварыць пра пустое, балакаць’, якое ад про́сты і *рэ́каць (гл. урачы). Аднак адсутнасць фіксацыі зыходнага дзеяслова (прастарэ́каваць ’гаварыць несур’ёзнае, пустое’ ад прастарэ́ка) прымушае дапусціць уплыў літ. prieštariẽkas, якое паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 2, 284), з’яўляецца nomen agentis ад prieštaráuti ’працівіцца, пярэчыць’.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Сага́н ’чыгун’ (ТСБМ, Касп., Гарб., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бес., Сцяшк., Шн. 3, Шатал., Жд. 1, 2, Мат. Гом., Сл. Брэс., З нар. сл.), ’паліваны чыгун з двума вушкамі’ (Сл. ПЗБ, ТС), саганец ’тс’ (Янк. БП), ’высокі чыгун з вушкамі’, ’нізкі тоўсты чалавек’ (ТС). Укр. сага́н ’кацёл, вялікі гаршчок, посуд наогул’, рус. дыял. сага́н ’міска, чаша’, польск. sagan ’вялікі металічны гаршчок’. Запазычанне з тур., крым.-тат. sahan ’блюда з накрыўкай, міска, чаша’ ад араб. ṣaḥn (Радлаў, 4, 282; Міклашыч, 287; Фасмер, 3, 543). Польскае запазычана праз усходнеславянскія або вянгерскую мовы (Брукнер, 479). Паводле Козырава (Лекс. тюрк., 74) непасрэднай крыніцай беларускага слова з’явілася ўкраінская мова.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Тым — слова, суадноснае са злучнікам чым, падкрэслівае большую ступень праяўлення прыкметы; састаўная частка складаных злучнікаў між тым, як; перад тым як; тым больш што; тым часам ‘тады’ і інш. (ТСБМ, ТС, Нас., Шат., Бяльк.). Творны склон займенніка той (< *tъ‑jь), старая аснова выводзіцца з *tŏ‑, якая перад суфіксам на зычны пашыралася элементам *‑ĭ‑ ; *‑ŏĭ‑ манафтангізавалася, утварыўшы ‑ě‑. Да займеннікавай асновы *tě‑ далучаўся канчатак іменнага скланення творнага склону *‑mь, што давала форму Тв. скл. *těmь; апошняя форма ў частцы дыялектаў праславянскай мовы змянілася на *tymь (пад уплывам форм займеннікаў мяккай разнавіднасці). Ст.-бел. тымъ адлюстроўвае ўплыў жывой гутарковай мовы і адзначана з XV ст. (Мова бел. пісьм., 153).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
лу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Трапіць, пацэліць. Акцызнік раптам стаў, спяшаючыся, апранацца. Соваў рукі ў рукавы кашулі і ніяк не мог лучыць. Пташнікаў. — Што на .. [сівецкіх гаспадароў] глядзець? Яны раздураныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб. Зарэцкі.
лучы́ць, лучу́, лу́чыш, лу́чыць; незак., каго-што.
Разм. Злучаць, яднаць. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці. Гартны. Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі. Шырма.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)