няро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Нягладкі, з упадзінамі і ўзвышшамі. Дарога была няроўная, з каляінамі, Варавіцкі ледзь выкручваў машыну паміж імі. Лобан. Месца тут няроўнае — то высокая гара, то глыбокая нізіна. Шамякін.

2. Размешчаны не па прамой лініі; крывы. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Гартны.

3. Неаднолькавы па велічыні, памерах, якасці, умовах і пад. з кім‑, чым‑н. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка.

4. Нераўнамерны ў працэсе дзеяння; перарывісты, з перабоямі. Няроўны пульс. Няроўнае дыханне. □ Калі-нікалі халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі. Мележ. [Газоўка] кідала няроўнае, трапяткое святло на сцены з бярвенняў, між якіх тырчаў сухі.. мох. Васілеўская.

5. перан. Неўраўнаважаны; няўстойлівы. Няроўны характар.

6. перан. Не заўсёды аднолькавы, з лепшымі і горшымі часткамі (пра стыль).

7. Такі, у якім прымаюць удзел неаднолькавыя ў якіх‑н. адносінах бакі. Весці няроўны бой. □ Аб .. падзеях [у Іспаніі] пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася дапамагчы тады іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Лынькоў. І жнівеньскім ранкам У сорак другім Змаганне няроўнае Выпала ім. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́бач,

1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.

•••

Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.

Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́віць, праўлю, правіш, правіць; незак.

1. кім-чым і без дап. Маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць кім‑, чым‑н. Ды і паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! Мележ. // Накіроўваць чыю‑н. дзейнасць; кіраваць чым‑н. Дарогі! Якія б вы Радасныя тут былі, Калі б не пралеглі праз джунглі, Дзе ўсім правіць бізнес. Танк.

2. кім-чым і без дап. Накіроўваць каго‑, што‑н. у адпаведным (патрэбным) напрамку; кіраваць. Кузьма сядзеў у перадку і правіў коньмі. Сачанка. Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі правіў вяслом. Капусцін.

3. што і без дап. Служыць, адпраўляць. Правіць малебен. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

4. што. Спраўляць, праводзіць. Чутно вясны дыханне ўсюды: На сініх далях, на лясах, На дрэвах, што вартуюць шлях, Дзе струны-дроты правяць цуды. Колас. Грамада вясёлых камсамольцаў правіць свой бурлівы карнавал. Дудар.

5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль.

6. што. Выпраўляць памылкі ў чым‑н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч.

7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.

•••

Сваё права правіць — настойваць на сваім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які займае недастатковую плошчу; такі, дзе мала вольнага месца. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Бядуля. // перан. Які гняце, удушлівы, затхлы. Свет стары грудзям быў цесен. Танк.

2. Малы па размеру (пра адзенне, абутак і пад.). Цесныя боты. □ Вядома, каму не люба прыгожа апранацца?! Да твару, да стану. Кожнаму хочацца насіць новае адзенне. Насіць такое, каб яно было па ўласнай мерцы, не цеснае, лёгкае, прыгожае. Грамовіч.

3. Шчыльна размешчаны адзін каля аднаго. Мужыкі цесным кружком садзіліся каля Сцяпана. Колас. Для кожнага ў свеце прыходзіць той дзень, Калі з маладосцю на вернасць рукаюцца, За цесным сталом, дзе вяселле ідзе, Бацькі, і сябры, і сваты сустракаюцца. Прыходзька.

4. перан. Які ахоплівае, уключае ў сябе нямногіх; абмежаваны. Цеснае кола сяброў. □ Збірайцеся дружна сябрынаю цеснай, Спяем пра наркома, таварышы, песню. Глебка.

5. перан. Блізкі, непасрэдна звязаны з кім‑, чым‑н. Цесны кантакт. □ З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам. Васілевіч. Атрад, як частка Баранавіцкага злучэння і частка трохсоттысячнай арміі беларускіх партызан, наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. // Ідэйна блізкі, з’яднаны. Будаўніцтва матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма вядзе да яшчэ больш цеснага збліжэння сацыялістычных нацый. «Звязда».

•••

У цесным сэнсе слова — у вузкім, канкрэтным значэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́да 1, ‑ы, ДМдзе, ж.

1. Пашкоджанне, урон, страта. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. Чорны. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. // Дрэнны, небяспечны ўчынак, дзеянне; тое, што небяспечна дрэннымі вынікамі. [Міна Міхайлавіч:] — Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як... Краўчанка.

2. Страта, прычыненая жывёлай; патрава. Ходзіць певень па гароду, У гародзе робіць шкоду. Муравейка. Паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладаў штраф за шкоду. Гартны. // Месца на полі, у лузе, у лесе і г. д., дзе жывёла можа зрабіць патраву. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. Я памог прагнаць статак [цялят] каля шкоды. Місько.

шко́да 2, безас. у знач. вык.

Тое, што і шкада. [Галена:] — Шкода таго часу і сілы, што я патраціла за тыя часы, пакуль мяне.. дапытвалі з-за.. брахні. Чорны. [Маці:] — Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля! Мележ. Не так шкода, як невыгода. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буфе́т, ‑а. М ‑феце, м.

1. Шафа для пасуды, сталовай бялізны, закусак, напіткаў. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Рэчаў у нас было мала: шафа, буфет, стол, два ложкі. Жычка.

2. Стол або стойка для продажу закусак і напіткаў у сталовых, рэстаранах і пад. Ля самага парога абступілі буфет мужчыны, чакалі свежага піва: бочку толькі што адкрылі — буфетчыца завіхалася ля помпы. М. Стральцоў.

3. Разм. Пакой, дзе прадаюцца напіткі і закускі; закусачная. На Валадарскага [Шэмет] зазірнуў у буфет, захацелася ад смагі халоднага піва. Лобан.

[Фр. buffet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вары́ць, вару, варыш, варыць; незак., што.

1. Гатаваць страву, пітво кіпячэннем на агні. Варыць бульбу. □ Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.

2. Вырабляць што‑н. шляхам кіпячэння, плаўлення і пад. Варыць мыла. Варыць сталь. Варыць шкло.

3. Рабіць зварку металічных прадметаў і іх частак; зварваць. Дванаццаць сутак брыгада амаль не выходзіла з дэпо. Алена варыла бранявыя пліты. Сабаленка.

4. безас. Пра душнае, гарачае надвор’е. — Варыць, як на дождж... — азваўся Пятро. Капыловіч.

•••

Варам (варма) варыць — вельмі душна, горача (пра надвор’е).

Галава варыць у каго гл. галава.

Мазгі (не) вараць гл. мозг.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.

Разм.

1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.

2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.

3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́ўнасць, ‑і, ж.

1. Аддаленасць у мінулае да моманту ўзнікнення, завяршэння чаго‑н. Падзеі немалой даўнасці. □ Копаць на сценах была стогадовай даўнасці. Гамолка. // Разм. Даўнія часы, старадаўнасць. У даўнасці тут лясы былі непраходныя, а на гэтым месцы, дзе коні пасуцца, — балота гнілое і называлася яно Камарыным. Лупсякоў.

2. Працягласць існавання чаго‑н. Гісторыя нашай дзіцячай літаратуры мае ўсяго толькі паўвекавую даўнасць. Пшыркоў.

3. Пэўны тэрмін, на працягу якога могуць быць заяўлены якія‑н. патрабаванні або па сканчэнні якога траціцца ці набываецца якое‑н. права. Суд не ўзяўся за справы, спасылаючыся на хісткія доказы і на даўнасць часу некаторых фактаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)