шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для чысткі, змятання і пад. у выглядзе драўлянай ці пластмасавай калодачкі з густа пасаджаныя на яе шчаціннем ці іншым матэрыялам. Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. — Ты зноў маёй шчоткай зубы чысціла? — нахмурыўся Пятрусь. Даніленка. [Казік:] — Узяў я шчотку ды мяту паціху. Чарнышэвіч. // перан. Пра што — н., што нагадвае шчотку. Дружна выбівалася з чорнай раллі густая шчотка яшчэ ружовай ярыны. Васілевіч. [Натура:] (правёўшы рукой па густой шчотцы барады). Якая там барада. Першы пушок паказаўся. Крапіва.

2. Частка нагі над капытом каня і пучок валасоў на гэтым месцы.

3. У электратэхніцы — калодка з медзі, графіту і пад., якая датыкаецца да калектара, якара электрамашыны і служыць для перадачы току. — І статар, і ротар, і шчоткі зусім спраўныя. Якімовіч. [Сымонка:] — Шчоткі трэба праверыць. Можа, яны слаба прылягаюць да вала якара? Гамолка.

4. У мінералогіі — сукупнасць крышталяў, якія панарасталі на народу шчыльна адзін да аднаго. Аметыставая шчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экземпля́р, ‑а, м.

Асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў (звычайна пра друкаваны ці рукапісны тэкст). У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, і людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі. Шамякін. Стасік Кудрэвіч збірае паштовыя маркі. Яго калекцыі настолькі багатыя рэдкімі экземплярамі, што дарослыя філатэлісты ахвотна з ім мяняюцца сваімі набыткамі. Мяжэвіч. // Асобны прадстаўнік якой‑н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл, расліны). — А я злавіў цікавы экземпляр... — сказаў Дзіма. Затым адкрыў баначку і выняў чорна-бархацістага з чырвонымі палоскамі пасярод крыльцаў матыля. Сіняўскі. — Хіба зрабіць з яе [змяі] чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар. Маўр. // Пра чалавека як прадстаўніка якой‑н. групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы. Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Караткевіч. // Разм. Пра чалавека, які адрозніваецца незвычайнымі ці адмоўнымі ўласцівасцямі. — Вылюдак, — сказаў Міхал. — Трапляюцца экземпляры, — пакруціў галавою і Сасноўскі. Карпаў.

•••

Сігнальны экземпляр — першы друкаваны экземпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экземпляраў пэўнага выдання.

[Ад лац. exemplar — узор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сам

1. мест., в разн. знач., м. сам (ж. сама́, ср. само́); мн. са́мі;

он сам э́то сде́лал ён сам гэ́та зрабі́ў;

ты сказа́л э́то самому́ себе́ ты сказа́ў гэ́та само́му сабе́;

вы са́ми зна́ете вы са́мі ве́даеце;

он сам спра́вился с рабо́той ён сам спра́віўся з рабо́тай;

э́то сама́ жизнь гэ́та само́ жыццё;

2. (хозяин, глава) сущ., уст. сам, род. само́га м.;

сам приказа́л сам загада́ў;

◊

сам не свой сам не свой;

сам по себе́ сам па сабе́, сам праз сябе́;

быть сами́м собо́й быць самі́м сабо́й;

само́ собо́й разуме́ется само́ сабо́й разуме́ецца (зразуме́ла);

сам себе́ хозя́ин (голова́) сам сабе́ гаспада́р (галава́);

э́то говори́т само́ за себя́ гэ́та гаво́рыць само́ за сябе́;

и сам не рад і сам не рад;

он — сама́ доброта́ ён — сама́ дабрыня́;

каки́е са́ми, таки́е и са́ни погов. які́я са́мі, такі́я і са́ні;

са́ми с уса́ми погов. са́мі з вуса́мі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Кайстра́ 1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран. койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра 2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра 2.

Кайстра́ 2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр. кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус. смал. і бран. кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастра — курск. Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск. Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш. tanistra. Гэта для польск. tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац. canistrum (з грэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес. тайстра, польск. tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур. кастра або з усх.-палес. кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).

Кайстра́ 3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго-што. Памагчы прайсці куды-н., праз што-н.

П. атрад цераз балота. П. праз агароды.

2. што. Вызначыць, прачарціць.

П. граніцу.

3. чым па чым. Зрабіць рух чым-н. прыціснутым да паверхні.

П. рукой па валасах.

4. што. Пракладваючы, збудаваць, устанавіць.

П. канал.

П. тэлефон.

5. каго (што). Развітваючыся, прайсці разам з кім-н. да якога-н. месца.

П. сястру на вакзал.

6. каго (што). Адправіць куды-н.

П. сына ў армію.

Дзяжурны па станцыі правёў апошні поезд.

7. каго-што. Паглядзець услед таму, хто або што аддаляецца.

П. каго-н. вачамі.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго-н., увасобіць.

П. ідэю ў жыццё.

9. што. Выканаць, ажыццявіць, зрабіць (якія-н. дзеянні, работу).

П. ўборку ўраджаю.

П. рэпетыцыю.

10. каго-што. Тое, што і аформіць (у 2 знач.; спец.).

П. рахункі па касавай кнізе.

11. што. Пражыць, прабыць які-н. час дзе-н. або якім-н. спосабам.

П. некалькі гадоў у ссылцы.

Весела п. свята.

12. каго (што). Ашукаць, перахітрыць (разм.).

Гэтага чалавека цяжка п.

|| незак. право́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. правядзе́нне, -я, н. (да 1—4, 8—10 знач.), право́д, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.), право́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 1, 4 і 10 знач.; спец.) і право́дзіны, -дзін (да 5 і 6 знач.).

Правод або праводка суднаў цераз канал.

Праводка лініі.

Праводка рахункаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вея 1 ’завея, завіруха’ (КТС, БРС, Гарэц., Яруш., Касп., Нас., Бяльк.; докш., Янк. Мат.), укр. ві́я ’шуфель, веялка’, рус. пск., смал. вея ’завея, мяцеліца’, польск. wieja ’завіруха’, wija/wieja ’вецер’, н.-луж., в.-луж. wějawa ’веялка’, чэш. vějavka, мар. věj ’завіруха’, славац. veja ’тс’, vejka ’разная фігурка (найчасцей птушка) у вільчаку франтона’, серб.-харв. ве́ја, вје́ја ’вядзьмарка’, ве̏јавица ’мяцеліца, завіруха’, макед. виулица, вејавица, балг. виелица, веявица ’тс’. І.‑е. адпаведнікі: літ. vė́jas, лат. vējš, грэч. ἀήτης, ст.-інд. vāyúḥ ’вецер’ < *vē‑ да веяць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ja (ён абазначаў спачатку Nomina actionis, якія пераходзілі звычайна ў Nomina acti). Блезэ (21) сцвярджае, што ве́я паходзіць з літ. vė́jas, лат. vējš. Лаўчутэ (351) гэта аспрэчвае.

Ве́я 2 ’вейка’ (Сцяшк. МГ, бяроз., Шатал.), зах.-палес. ві́я, ві́йі (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. ві́я ’вейка’. Бел.-укр. ізалекса; паводле бел. вейка, можна меркаваць, што на іншай, апрача вышэйадзначанай, беларускай моўнай тэрыторыі было таксама вея. Узнікла ад věja ’галіна’ ў выніку пераносу значэння дзеяслова vějati ’хістацца, махаць’ → ’абмахваць’ (параўн. укр. ві́яло ’веер’); ’змахваць’. Да ве́яць (гл.).

Вея 3 ’павека’ (КТС) утворана ў выніку пераносу па сумежнасці ад вея 2, тое ж і ў балт. мовах: літ. blakstíena ’павека’ — лат. plakstinš ’вейка’.

Вея 4 ’невялікі луг’ (Гіст. лекс., 149) запазычана з літ. vejà ’трава, мурог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́н 1 прысл. ’прэч’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., КЭС). Рус. вон, ст.-слав. вънъ, балг. вън, макед. вон ’звонку’, серб.-харв. ва̏н, слав. vèn, чэш. ven, славац. von, ст.-польск. wen, в.-луж. won, н.-луж. wen. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-інд. vánam ’лес’, ст.-інд. месн. скл. адз. л. vánē ’ў лесе’. Параўн. аналагічныя літ. laũkan ’прэч, вон’, laukè ’звонку’, якія паходзяць з laũkas ’поле’ (Гл. Зубаты, Studie, 2, 196–198; Гуйер, Введение, 101; Фасмер, 1, 225). Прасл. vъnъ першапачаткова, напэўна, уяўляла сабой він. скл. назоўніка; яно з’явілася яшчэ ў той час, калі дом і вёску акружаў лес, і абазначала паняцце, процілеглае паняццю ’дома, у хаце’ (Шанскі, 1, В, 158; Махэк₂, 683). Іншыя гіпотэзы менш пераканаўчыя; Траўтман (360) узводзіць вънъ да ст.-прус. wins ’паветра’, winna ’вонкі’, winnen він. скл. адз. л. ’пагода’, аналагічныя лат. ârā ’вон, вонкі’, літ. óras ’паветра, пагода’. Як заўважае Фасмер (там жа), у такім выпадку было б цяжка вытлумачыць рус. дыял. сво́ну ’звонку’. Прэльвіц (40), а таксама Сразнеўскі (1, 391) параўноўваюць з грэч. ἄνευ ’без, акрамя, удалечыні’, ст.-інд. anō ’не’, гоц. inu ’без’, ст.-в.-ням. āno, н.-в.-ням. ohne ’без’.

Во́н 2, вона́ (займ.) ’ён, яна’ (Нас.), вонэ́ ’яны’ (Шатал.). Ад onъ з пратэт. в. Гл. ён.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гай 1 ’гай’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшкін, Касп., Грыг., Мядзв., Шн., Бес., Булг.). Агляд значэнняў бел. слова гл. Яшкін, 43–44; Талстой, Геогр., 48–50; ДАБМ, 913. Укр. гай, рус. гай, чэш., славац. háj, польск. gaj, в.-луж. haj, н.-луж. gaj, серб.-харв. га̑ј, славен. gáj. Слав. *gajь. Звычайна тлумачыцца як звязанае са слав. дзеясловам *gojiti ’даглядаць, ахоўваць’ (гл. Фасмер, 1, 383, там і агляд іншых версій, якія Фасмер не прымае, здаюцца досыць праўдападобнымі пасля дэталёвага аналізу Талстога, Геогр., 48–56). Талстой лічыць, што, падобна да таго як слова *šuma ’лес’ звязана з *šuměti, слова *gajь роднаснае лексеме *gajiti ’крычаць, шумець’ (там жа, 54–55). Некаторыя спецыфічныя значэнні бел. слова, напр. ’могілкі’ (гл. Яруш.; ДАБМ, 913), тлумачацца з прамежкавага ’гай, асабліва на могілках’ (Гарэц.).

Гай 2 ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ (Шатал.: «Мы зовом гаем між полей неудобную землю, де ростэ трава, а лес не ростэ»). Не выклікае сумнення сувязь з гай 1 (гл.). Дыяпазон семантыкі славянскай лексемы *gajь вельмі шырокі (параўн. Яшкін, 43–44, і асабліва Талстой, Геогр., 48–54). Талстой (Геогр., 50) спецыяльна адзначае, што ў бел. гаворках gajь мае і спецыфічнае значэнне ’адсутнасць расліннасці’. Гай ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ якраз адносіцца іменна да гэтай катэгорыі семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)