рачу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, Р мн. ‑лак; ж.

Памянш.-ласк. да рака; маленькая рака. За горадам да стромкага берагу Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Невялічкая рачулка абгінала крайнюю хату і імкліва несла сваю ваду пад масток на чыгунцы. Федасеенка. Нечакана снег узяўся вадою і нашая Рагазінка — ціхая рачулка-балацянка — да таго расшугалася, што затапіла ўсё балота, аж да самых платоў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Пакупаць, акунуць у ваду, намачыць. Хацела б быць я рэчкай быстрай, Абегчы родны край! Дзе напаіць, а дзе скупаць, А дзе ўтуліцца ў гай... Цётка. У крыніцы тры разы кусочак шкла Скупала і, перад вач[а]мі кароўкі Трымаючы, шаптала.. заклінання слоўкі. Купала. Замест ба[ты]ставых карунак Ў расе скупаю каласы. Табе вянок у падарунак Саўю на кужаль-валасы. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́хлы, ‑ая, ‑ае.

Пратухлы, з непрыемным пахам гніення. Тухлыя яйкі. Тухлая рыба. □ — Твой сазан тухлы, — крыкнуў Вано. — Ты яго здохлага злавіў. Самуйлёнак. // Разм. Затхлы, нясвежы (пра ваду); згорклы (пра масла). Тухлае масла. □ Падшыванцы — свіныя пастухі, забыўшы пра сваіх свіней, пра ўсё на свеце, плёскаліся ў копані, у зацвілай раскай тухлай вадзе. Мележ. // Уласцівы гніючым прадуктам (пра пах). На Рыгора панясло смуродам тухлага паветра. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́мха, ‑і, ДМ ‑мсе, ж.

Дрэва ці высокі куст сямейства ружакветных з сабранымі ў гронкі белымі духмянымі кветкамі і чорнымі даўкімі на смак ягадамі. Перад акном у нас расцвітае чаромха. Брыль. // Галінкі гэтай расліны з кветкамі. Букет чаромхі. □ За гэты час чаромха выпіла ваду і пялёсткі асыпаліся. Гроднеў. // зб. Ягады гэтай расліны. Маці цеста тады ўчыніла з вадой, праснакоў нарабіла з чаромхай лясной. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плёхаць ’плюхаць’ (ТСБМ, Клім., Растарг.), ’плёскаць’ (ТС), плёхацца ’плюхацца’ (Шат.; Растарг.; маст., пух., Сл. ПЗБ; сміл., Стан.), ’плёскацца’ (ТС), ’пялёскацца’ (люб., Жыв. НС), плёхнуць ’плюхнуць, выліць’ (Бяльк.), пліхну́ць ’плюхнуць, пырснуць’ (Касп.), плёхыньня, плёхкыньня ’плюханне’ (Юрч. СНЛ), плёхнуць ’плёснуць, плюхнуць’ (сміл., Стан.), плёшчыты ’шумець (пра ваду)’ (Сл. Брэс.), плёшчы́ты ’тс’ (пін., Нар. лекс.), плёхоті́ты ’тс’, ’бурчэць пры цячэнні’ (іван., ЛА, 5). Рус. плёхать, плеха́ть ’пырскаць, плёскаць’, плёхнулася, плехаться ’выплюхвацца’, н.-луж. plěšyś ’цячы, ліцца’, харв. plejati ’біць, удараць’. Да пле́скаць (гл.) з экспрэсіўнай зменай ск > х. Сюды ж плёха ’той, хто вымачыўся, плёскаючыся ў вадзе’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садавіна́ ’плады садовых дрэў’ (ТСБМ), ’садавіна; садовыя дрэвы’ (ТС), садо́віна ’садавіна’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Нар. словатв.), садаві́на ’садавіна, садовыя дрэвы’ (Сл. ПЗБ), ’садавіна’ (Бяльк.), ’сад; адно пладовае дрэва ў лесе’ (Яшк.). Укр. садовина́ ’садавіна; садовыя дрэвы’, польск. старое sadowina ’тс’, в.-луж. sadowina ’садавіна; усё, што датычыцца саду’, серб.-харв. садо́вина ’гадавальнік; віно з маладога вінаградніку’, макед. садо́вина ’зямля, якая не прапускае ваду’. Ад прым. *sadowy < *sadъ (гл. сад) з суф. ‑ina. Аб суфіксацыі гл. SP, 1, 120 і наст. Улічваючы адрозненні ў семантыцы, відаць, познія дэрываты ў розных славянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

патапі́ць 1, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак.

1. каго-што. Апусціць у ваду, на дно. Я стаяла на гары, прымяралася, як зручней скаціцца на лёд, які даўно пагалеў, пасінеў, патапіў сасмактаныя беражкі свае ў вадзе. Лось. // Знішчыць, апусціўшы пад ваду, на дно. Патапіць караблі. □ Тата расказваў, як фашысцкі бамбардзіроўшчык патапіў іх сейнер. Шыловіч. // перан. Нагаворамі, паклёпам загубіць, падвесці каго‑н. Як ні хацеў патапіць яго Каршукоў, а ён [Макар] выжыў і вярнуўся да сваёй хаты. Асіпенка. // перан.; што. Загубіць, зрабіць малапрыкметным сярод мноства чаго‑н. Патапіць жывую справу ў размовах.

2. каго. Утапіць, пазбавіць жыцця, сілаю апусціўшы ў ваду ўсіх, многіх. [Загорскі:] — Полацкіх усіх [раскольнікаў] жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі... Караткевіч. [Антанюк:] — Многа людзей на абарону лагера паслаць мы не маглі. Па-першае, нельга абяссільваць атрад.. Па-другое, не кожны партызан з ходу, уначы, упэўнена і без рызыкі мог пераплыць Дняпро. Не хапала яшчэ патапіць людзей. Шамякін.

3. перан.; што. Заглушыць, прыглушыць (пачуцці, думкі), пазбавіцца ад чаго‑н. [Мірон:] Ці перажываў? Ого, яшчэ як! Але праз год-два змірыўся. Як кажуць, патапіў гора... ды не ў пітве, а ў працы. Хадкевіч. Народы няволі Патопяць свой сум, Адзіны уславяць саюз. Глебка.

•••

Патапіць у крыві — жорстка расправіцца з кім‑, чым‑н.

патапі́ць 2, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.

1. Растапіць, ператапіць усё, многае. Патапіць усё сала на тлушч. Патапіць воск.

2. і без дап. Тапіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

поII предлог;

1. с вин. (вплоть до) па (што); (до) да (чаго);

войти́ в во́ду по по́яс увайсці́ ў ваду́ па по́яс;

по сей день па гэ́ты дзень (да гэ́тага дня);

по сие́ вре́мя да гэ́тага ча́су;

по сего́дня да сённяшняга дня;

2. с вин. (идти за чем-л.) па (што); (в знач.: идти собирать что-л.) у (што);

он пошёл по́ воду ён пайшо́ў па ваду́;

идти́ в лес по я́годы ісці́ ў лес у я́гады.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

затапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., каго-што.

1. Пакрыць сабой паверхню чаго‑н., заліць (пра ваду). І рэчка выйдзе з цесных берагоў, Лугі затопіць возерам шырокім. Свірка. [Мядзведзіца] выкапала сабе бярлогу.. на ўзвышаным месцы, каб не затапіла яе вясной паводка. В. Вольскі. // Запоўніць сабой якую‑н. прастору (пра ваду). На ферме звіняць рыдлёўкі — даглядчыкі скопваюць снег, ачышчаюць дарогу вадзе: затапіла скляпы-сховішчы. Пташнікаў. // перан. Поўнасцю запоўніць, пакрыць сабою. Святло затапіла пакой. □ Тарас да берага спускаецца каскад, Іх зеляніна густа затапіла. Лойка. // перан. Завалодаць, захапіць, прыглушыўшы ўсё іншае (пра пачуцці). Шчасце .. [Аляксея] было такое вялікае, што затапіла ўсе іншыя пачуцці і заглушыла нават трывогу за Ніну. Мележ.

2. Пакрыць, заліць вадой, падняўшы яе ўзровень, скіраваўшы яе куды‑н. — Калі мы пакінем млын і пабудуем станцыю вышэй, дык затопім сорак гектараў калгаснай сенажаці. Броўка.

3. Апусціць на дно; утапіць. — Я вам наплаваю! Разышліся! Людзей затапіць хочаце? Годзе дурэць! Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)