по́лаг, ‑а, м.

Заслона, занавеска, якая закрывае ложак. [Ганна] акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі і хутчэй падалася да пракосаў. Мележ. // Любая заслона, якой завешваюць што‑н. За полагам, што цягнуўся ад печы да сцяны і падзяляў пярэдні пакой на дзве палавіны, спакойна, з лёгкім прысвістам хроп стары Яшчын. Хадкевіч. Маці закрыла твар далонямі, хістаючыся, нібы параненая, адышлася да полага, што аддзяляў залу ад спальні, уткнулася ў яго тварам. Асіпенка. // перан.; чаго або які. Тое, што закрывае, ахутвае што‑н.; покрыва. Часам, не разлічыўшы свой пругкі ўдар, .. [вецер] разрываў полаг хмар. Шамякін. Дарогу зноў атуліў лес, насунуўся на яе чорным полагам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.

2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.

3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.

4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. прывёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. прывязі; зак., каго-што.

Везучы, даставіць куды‑н. Вясёлы паравічок прывёз неўзабаве на ваганетках.. новых людзей. Чорны. — Кацярынка!.. Запражы каня і прывязі мне доктара... Нікановіч. Андрэй не помніў, як наклаў і прывёз у гумно першыя два вазы. Чарнышэвіч. // Прыехаўшы адкуль‑н., даставіць што‑н. узятае, купленае і пад. Часам прывязе [бацька] звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Міколку: — Вось табе новая цацка! Лынькоў. [Люба:] Не ведала, што ты ўмееш чытаць, а то прывезла б кніжак. Мурашка. / у перан. ужыв. Бародзіч прывёз навіну пра Гаруса. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́с, ‑у, м.

1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.

2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́вань, ‑і, ж.

Разм.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н.; схоў. Халуста за сховань крадзенага трапіў усё-такі ў турму. Чарнышэвіч. [Уладыслаў:] — Татусь, вось гэты спіс раздадзенай у сховань маёмасці аддайце арандатару. Чорны.

2. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., дзе можна знайсці прыстанішча. Кукуруза месцамі як лес, высокая і густая, часам рэдкая і невялікая. Але ўсюды сховань добрая. С. Александровіч.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. А ў мяне сховань тут ёсць у дубе .. — не стрымаўся, каб не пахваліцца хлапчук. Сачанка.

4. перан. Пра што‑н., дзе з’асяроджваецца, збіраецца што‑н. Чалавечая памяць — цудоўная сховань. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядо́к, седака, м.

1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.

2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траскатня́, ‑і, ж.

1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.

2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шквал, ‑у, м.

1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.

2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.

[Англ. squall.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ярлы́к, ‑а, м.

1. Гіст. Грамата ханаў Залатой Арды, у якой выкладаліся распараджэнні хана адносна кіравання асобнымі падуладнымі ёй абласцямі. Ярлык на княжанне.

2. Уст. Пісьмовае распараджэнне на выдачу чаго‑н.

3. Лісток на чым‑н. з указаннем назвы, колькасці, месца вырабу, нумара і пад. Багажны ярлык. □ На многіх таварах не было ярлыкоў з цэнамі. «Звязда».

4. перан. Шаблонная характарыстыка каму‑, чаму‑н.; уласцівасць, якасць, якая прыпісваецца каму‑, чаму‑н. па традыцыі, звычны і пад. «У нас часам, як прыклеяць ярлык заводу ці чалавеку — канец. І як бы ні працаваў потым, нічога не паможа», — сумна падумаў Максім Сцяпанавіч. Карпаў.

•••

Вешаць ярлык гл. вешаць.

[Ад цюрк. ярлэк — загад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нямы́ і не́мы ’пазбаўлены здольнасці гаварыць’ (Нас., Яруш., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), часам нямы́ ’тс’, але не́мы ’страшны, замагільны’ (Некр.), параўн., аднак, раве́ нямы́м голасам (Багд. 63), не́мы, нему́ ’няздольны гаварыць; знямелы, нерухомы’, немы́м го́ласам (духом) ’страшна, дзіка’ (ТС), укр. німи́й ’нямы, безгалосы’, рус. немо́й, польск. niemy, чэш. němý, славац. nemý, в.- і н.-луж. němy, славен. nȇm, серб.-харв. не̑м, макед. нем, балг. ням. Выводзяць на аснове дысіміляцыі з першапачатковага *měmъ ’які заікаецца, невыразна гаворыць’, што суадносіцца з лат. mēms ’нямы’, męmulis ’заіка’, хец. memaƕƕi ’гавару’, параўн. таксама ням. mummeln ’заікацца’, швед. mimra ’варухаць губамі’ і пад. (Фасмер, 3, 63; Бязлай, 2, 219); у аснове — гукаперайманне, як і ў славац. nemtať, чэш. mumlali, польск. momotać ’невыразна гаварыць, бурчаць і пад.’ (Махэк₂, 395). Значэнне ’дзікі, замагільны (голас)’ выводзіцца з ’незразумелы, неартыкуляваны’. Малаверагодна вывядзенне рус. немой ад кораня *nem‑ ’гнуць’, што звязваецца з рэлігійнымі дзеяннямі, адкуль лац. nemuš ’святы гай’, грэч. νεμος ’гай, лес’ і пад. (Макоўскі, Мир сл. и знач., 134). Гл. таксама Улашын, ZfSlPh, 6, 368–372.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)