Азгле́ць ’азябнуць, адубець’ (БРС). Няясна. Магчыма, па паходжанню з польск. oschły ’чэрствы, халодны’. Параўн. бел. паланізм осхлы (гл.). Тады осхлы > *асхлець > азглець. Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Значэнне ’халодны’ ў польскім слове толькі пераноснае, асноўнае значэнне звязана не з паняццем ’холад’, а ’сухмень’. Параўн., аднак, тлумачэнне польск. oschły як oziębły і наадварот. Іншая версія: аззлець < азалець (гл.) ’змерзнуць, акалець’ (Трубачоў, вусн. паведамл.). Магчыма, таксама да асклець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аканава́ць ’абяцаць, намеціць (= мець намер)’ (Касп.), магчыма, праславянскі архаізм. Тады да прасл. kaniti: серб.-харв. ка́нити ’мець намер’, балг. каня, макед. кани ’тс’. Параўн. яшчэ балг. каня ’запрашаць, прапанаваць’ макед. кани ’тс’ (Мартынаў, SlW, 62). Бернекер (1, 561) супастаўляе з лац. cōnor ’мець намер, намагацца’. Супраць Вальдэ-Гофман, 1, 262. Параўн. таксама Покарны, 564. Скок (2, 34) звязвае з прасл. konati, konъ (гл. канец). Неверагодна. Гл. канькаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апры́ндзіцца ’здохнуць’ (Жд.). Магчыма, экспрэсіўны варыянт апрэгчыся, прычым паяўленне ‑н‑ можа тлумачыцца і наяўнасцю гіпатэтычнага польскага адпаведніка з насавым галосным. Параўн. яшчэ літ. aprìmti ’супакоіцца’, лат. aprèmdêt, aprèmdinat ’супакоіць, ахаладзіць’; гэты ж дзеяслоў выступае ў форме aprindinât. З другога боку, ці не трэба тут параўнаць з рус. прунда ’чалавек, які хварэе нетрыманнем мачы’, пры прудить(ся) ’мачыцца ў пасцель’, тады апрындзіцца непасрэдна можна звязаць з апрудзіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асяро́ддзе. Утворана прэфіксальна-суфіксальным шляхам ад кораня, прадстаўленага ў слове сярэдзіна (гл.); *o‑serd‑ьje. Пазней утвараецца і слова асяродакцэнтр. стрыжань’ таксама з цыркумфіксам, аднак у гэтым выпадку прэфікс фактычна ўтрачвае значэнне; магчыма, першапачатковае значэнне слова асяродак было такое ж, як і асяроддзе, што тлумачыць прэфіксальнае а‑. Тады асяродак ’тое, што знаходзіцца вакол сярэдзіны’ > ’тое, што знаходзіцца ў сярэдзіне’. Аналагічныя словы і значэнні ва ўкраінскай мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абрамяня́ць ’пачакаць’ (Шат.) да *аб‑верамяняць (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2). Калі гэты дзеяслоў утвораны ад назоўніка вераме (Нас.), не характэрнага зараз для беларускага арэала, прэфіксацыю можна вытлумачыць на аснове такіх выразаў, як аб ноч, аб дзень. Тады павінна быць аб вераме (< ob vьrmę). Сляды гэтага праславянскага выразу знаходзім у ст.-польск. brzemie, серб.-харв. брјѐме ’час’ < ob vьrmę. Гл. Ільінскі, PF, 11, 193.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кватара́нец ’кватарант’ (Сцяшк., Янк. I, Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кватарант. У адпаведнасці з Сцяцко, Афікс. наз., 147 суфікс ‑анец утварае назвы асобы па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам. У іх ліку кватаранец як канчанец ’жыхар супрацьлеглага канца вёскі’. Мяркуючы па братанец ’няродны брат’ (< братан), кватарант успрымалася як *кватаран, параўн. гаршчан ’ганчар’ (там жа). Тады паводле брат > братан > братанец, кватэра > кватаран(т) > кватаранец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свізік ‘кадушка для вады’ (віц., Шн. 3), ‘невялікая бочка’ (Касп.), све́зік ‘пасудзіна з роўнымі бакамі, вушкамі і векам для салення мяса і сала’ (Нік. Очерки). Няясна. Магчыма, сюды ж польск. дыял. swiąz, swioz, świoz ‘круглая драўляная пасуда на масла для работнікаў, якія працуюць у полі’. Тады, відаць, да vęzati ‘вязаць’; ‑і‑ у корані пад уплывам віць; гэта магла быць драўляная кадушка з паяскамі з плеценых дубцоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дамча́ць і даімча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм.

1. каго-што. Вельмі хутка давезці, даставіць да якога‑н. месца. — Ну, цяпер трымайцеся, я мігам дамчу вас у Забалоцце. Скрыпка. Машына спачатку адвезла начальніка, а тады ўжо і самога Сашку даімчала да яго новай кватэры. Чорны.

2. Тое, што і дамчацца, даімчацца. Стаеннік шпарка даімчаў да Старыцы і спыніўся на ўскраіне яе ля дома Ваўчка. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асто́яцца, астоюся, астоішся, астоіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць калыхацца (звычайна пра вадкасць). Вада перастала кіпець, астоялася, і тады на дне бляшанкі Антон Ягоравіч убачыў зусім зялёныя жытнія зярняткі. Чыгрынаў. Там вырывалася з балота Жоглаўка — рака-крыніца, варушыла ваду, не давала астояцца. Пташнікаў.

2. Утрымацца на нагах. Кірэй захістаўся, паліцаі памкнуліся падтрымаць яго, але ён адпіхнуў іх рукі, сабраў апошнія сілы і астояўся. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акра́са, ‑ы, ж.

1. Аздоба, якая ўпрыгожвае што‑н. звонку, надае прыемны выгляд; упрыгожанне. І рабіне зноў радасна стала, Што жыццё і акрасу прыдбала. Журба. Мне здаецца, што гэта была яшчэ адна.. характэрнасць [К. Чорнага]: слухаць, як з чужога голасу гучыць слова, гэтая найпершая акраса любога твора. Скрыган.

2. Скорам, тлушч, якімі запраўляюць страву; закраса. Калі ў яе [Магрэты] часамі страва Выходзіла няўдала, Тады заўсёды яна справу Акрасай папраўляла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)