сімпа́тыя, ‑і, ж.
1. Прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Бывае так: убачыш чалавека ўпершыню, толькі двума словамі перакінешся з ім, і ўжо ахапіць цябе гарачая сімпатыя да яго. Новікаў. [Рэгістратар] адчувае да тав. Мінкіна нейкую сімпатыю. Той з ім заўсёды на «ты». Проста з ім гаворыць. Бядуля. // звычайна мн. (сімпа́тыі, ‑ый). Цёплыя, ласкавыя пачуцці, прыязнасць. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Можа, тут маюць месца і нейкія чыста асабістыя сімпатыі і пэўныя заслугі Ваўчка ў аднаўленні МТС. Хадкевіч. Занадта вялікая справа вырашалася, каб звяртаць увагу па свае.. сімпатыі і антыпатыі. Шамякін.
2. Разм. Любімы чалавек. Спаткаў сваю сімпатыю. □ [Вакула:] — У той кватэры.. [Пракаповіч] сімпатыю завёў. Радкевіч.
[Ад грэч. sympatheia — спачуванне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.
2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу). Сытыя коні то нагінаюцца раз-поразу да высокай травы, то гуляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін па аднаго. Брыль. Падаляка качаргою падварушваў дровы ў печцы і скаліў зубы, крывячыся ад гарачыні. Пестрак.
•••
Скаліць (шчэрыць) зубы — смяяцца, рагатаць; насміхацца. Хлопцы пырснулі ад смеху. [Інструктар райкома:] — Ну, хопіць... Справа сур’ёзная, а вы зубы скаліце. Новікаў. Усе засмяяліся, а Рыгор зазлаваў: — Я сур’ёзна кажу, а ты зубы скаліш! Шашкоў. [Леснічыха:] Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. Козел. [Левановіч:] — Ну, ты, Фарафонаў, з мяне зубы не скаль. Я старэй за цябе... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Нечакана задумаць, захацець зрабіць што‑н. — Не ўздумайце страляць, — крыкнуў праваднік. — Мы партызаны. Вядзіце нас да начальства. Новікаў. Мажэйка вырашыў рашуча адбівацца ад усіх, хто ўздумае на яго нападаць. Шахавец. // Надумаць. — З інспектарам аблана Віктарам Кучэрыным нам даводзілася ездзіць даволі часта, і паміж намі ўстанавілася такая блізкасць, пры якой кожны меў права распытваць другога, што толькі ўздумае. Карпюк.
2. каго-што і з дадан. сказам. Разм. Успомніць, прыпомніць. Маці .. ніяк не магла ўспомніць і выгаварыць сынава імя. Возьме дзіця на рукі, а як зваць, не ўздумае. Васілевіч. Хацела [Алена] запрасіць: «Прыходзьце вы да нас», але ўздумала, што не яна гаспадыня тут, — Ядзя павінна запрашаць. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарс, ‑а, м.
1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.
2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.
[Фр. farce.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.
1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.
2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.
3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., чым.
1. Выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў. Самуйлёнак. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Паслядовіч. // Прымяняць што‑н. як прыладу, сродак. Карыстацца новым абсталяваннем. Карыстацца прагрэсіўнымі метадамі. □ У гутарцы [Казімір] любіў карыстацца мясцовымі народнымі прымаўкамі. Пестрак.
2. Выкарыстоўваць што‑н. у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду, карысць з чаго‑н. Карыстацца момантам. Карыстацца людской дабратой. □ Рыначнай мітуснёй часта карысталіся і падпольшчыкі. Новікаў.
3. Мець што‑н. (аўтарытэт, павагу, права і інш.). Карыстацца папулярнасцю. □ Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. Нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, ён поспехам не карыстаўся. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.
2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.
3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.
[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]
леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Спец.
1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.
2. Надпіс на манеце.
[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.
1. Адзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. адзенне, абутак і пад. Надзець валёнкі. Надзець шапку на галаву. □ [Люба] скінула з сябе зрэбную і палатаную бялізну і надзела новую, тонкую. Чорны. Шэмет устаў, надзеў плашч і выйшаў у калідор. Лобан. // Нацягнуць чахол, футляр і пад. на што‑н. Надзець чахол на піяніна.
2. Уздзець, прыладзіць які‑н. прадмет на каго‑, што‑н. Надзець клямку на прабой. Надзець акуляры. □ Мікола надзеў на каня аброць, вывеў на двор. Новікаў. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў. Колас. // Насадзіць каго‑, што‑н. на які‑н. прадмет. Крыху азяблымі пальцамі [хлопец] надзеў чарвячка, закінуў вуду і зноў заглядзеўся на птушак. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)