во́ля, -і, ж.

1. Здольнасць ажыццяўляць свае жаданні, пастаўленыя перад сабой мэты.

Сіла волі.

Выхаванне волі.

2. да чаго. Свядомае імкненне да ажыццяўлення чаго-н.

В. да перамогі.

3. Жаданне, патрабаванне.

Дыктаваць сваю волю.

Апошняя в. (запавет).

4. Улада, права.

Гэта ў тваёй волі.

Ваша добрая в. або в. ваша (рабіце, як лічыце патрэбным). На волю лёсу (без падтрымкі, дапамогі, нагляду).

5. Свабода ў праяўленні чаго-н.

Даць волю пачуццям.

Рукам волі не давай (не біся).

6. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя.

Змагацца за волю і незалежнасць народа.

7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення.

Выйсці на волю.

Выпусціць жураўля на волю.

8. Прастор, прыволле.

Тут дзецям в.

|| прым. валявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 4 знач.).

Валявыя рашэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

асно́ва, -ы, мн. -ы, -но́ў, ж.

1. Апорная частка прадмета, каркас, на якім трымаюцца астатнія часткі.

А. машыны.

2. Ніжняя частка якога-н. прадмета або збудавання, падмурак.

Бетонная а.

3. перан. Пачатак, узор, тое галоўнае, на чым будуецца што-н., што з’яўляецца сутнасцю чаго-н.

Эканамічная а. сацыяльнага ладу.

4. мн. Зыходныя, галоўныя палажэнні якой-н. навукі, тэорыі і пад.

Асновы агратэхнікі.

Эстэтычныя асновы паэзіі.

5. Падоўжныя ніткі ў тканіне.

А. палатна.

6. У граматыцы: частка слова без канчатка.

А. слова.

На аснове чаго — зыходзячы з чаго-н., на падставе чаго-н.

Ляжаць (быць) на аснове чаго — быць асноўным у чым-н.

Класці (пакласці) у аснову што, браць за аснову што — браць (узяць) у якасці галоўнага, асноўнага.

|| прым. асно́ўны, -ая, -ае (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ба́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; незак.

1. без дап. Валодаць пачуццём зроку.

Совы добра бачаць ноччу.

2. каго-што. Успрымаць зрокам.

Б. лугі і палі.

3. каго-што. Сустракаць каго-, што-н.

Учора бачыў яго ў клубе.

4. Уяўляць у думках.

Б. на стагоддзі ўперад.

5. каго-што. Звяртаць увагу, заўважаць.

Б. чалавечыя пакуты.

6. што і з дадан. Адчуваць, усведамляць, разумець.

Бачу, што Сяргей праўду кажа.

Бачыць навылёт (навылет), бачыць наскрозь — вельмі добра ведаць каго-н.

Бачыш ты! (разм.) — пры выказванні здзіўлення.

Свету белага (божага) не бачыць (разм.) — быць вельмі занятым.

|| зак. уба́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны (да 2—6 знач.) і паба́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны (да 2, 3, 5 і 6 знач.).

|| наз. ба́чанне, -я, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адкры́ты, -ая, -ае.

1. Нічым не загароджаны, не прыкрыты; аголены; без покрыва зверху, з бакоў.

А. прастор.

Адкрытае мора.

Смажыць на адкрытым агні.

Хадзіць з адкрытай галавой.

2. Даступны для ўсіх жадаючых.

А. сход.

3. Не тайны, яўны.

А. пратэст.

Адкрыта (прысл.) выступіць з крытыкай недахопаў.

Адкрытае галасаванне (падняццем рук, не тайнае).

4. Шчыры, прамы, даверлівы.

А. твар.

А. характар.

5. Тое, што і разгорнуты.

Адкрытая кніга.

А. журнал.

6. З вялікім выразам.

Адкрытае плацце.

7. Не падземны, з агаленнем пласта.

А. спосаб здабычы вугалю.

Адкрытае пісьмо — пісьмо каму-н., якое публікуецца ў друку.

Адкрытае пытанне — нявырашанае пытанне.

Адкрытая рана — рана, якая не зажыла.

Адкрыты лоб — вялікі і круты лоб.

У адкрытую (ісці, дзейнічаць) (разм.) — не ўтойваючы сродкаў і прыёмаў.

|| наз. адкры́тасць, -і, ж. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хілі́ць, хілю́, хі́ліш, хі́ліць; незак.

1. што. Прыгінаць уніз, нахіляць.

Вецер хіліць бярозку да зямлі.

2. што. Нахіляць набок.

Вецер хіліў лодку.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго-што і безас. Ахопліваць, адольваць каго-н. (пра сон, дрымоту).

Яго хіліць сон.

Дзяцей хіліла на дрымоту.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., на што. Хіліцца, набліжацца да чаго-н.

Хіліла (безас.) ужо на вечар.

5. перан., што да чаго, куды і без дап. Накіроўваць да чаго-н. (думку, справу і пад.).

Было зразумела, куды ён хіліць гутарку.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., каго да каго-чаго. Прыцягваць, вабіць; гарнуць, цягнуць.

Сумны настрой не хіліў да песень.

Яго хіліла (безас.) да навукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цэ́лы, -ая, -ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена.

На чыстым абрусе ляжаў ц. бохан хлеба.

2. Які поўнасцю ахоплівае што-н. (пра адрэзак часу, месца, прастору).

Ц. тыдзень.

Калона расцягнулася на цэлую вярсту.

3. Аб вялікай колькасці. вялікіх памерах, аб’ёме чаго-н.

Ц. кавалак сала.

Цэлая гара камення.

Ц. мех бульбы.

4. Не пашкоджаны, не знішчаны, не сапсаваны; не зношаны.

Пасля пажару у́ вёсцы хата засталася цэлая.

Чаравікі былі старыя, але цэлыя.

5. Не паранены, здаровы.

Ц. вярнуўся з вайны.

6. у знач. наз. цэ́лае, -ага, н. Што-н. адзінае, непадзельнае.

Адзінае ц.

Цэлы лік або цэ́лае — лік. які складаецца з цэлых адзінак, які не мае дробу.

У цэлым

1) ва ўсёй сукупнасці. цалкам;

2) увогуле, без падрабязнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

след, -у, М сле́дзе, мн. сляды́, слядо́ў, м.

1. Адбітак чаго-н. (нагі, колаў і пад.) на якой-н. паверхні, знак ад дотыку.

Птушыныя сляды.

Конскі с.

Сляды кіпцюроў.

2. перан., чаго. Прыкмета, адметная рыса чаго-н.

Сляды пажару.

Сляды злачынства.

Без следу — зусім бясследна знікнуць, згінуць і пад.

Замесці сляды — знішчыць, утаіць тое, што можа быць доказам віны.

І следу не засталося — пра поўнае знікненне, адсутнасць чаго-, каго-н.

Ісці па чыіх-н. слядах — дзейнічаць, прытрымліваючыся чыйго-н. вучэння або беручы прыклад з каго-н.

Напасці на чый-н. след — атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго-, што-н.

Не след — не варта.

Як след — як мае быць, як трэба.

|| прым. следавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Кантрольная следавая паласа (на граніцы).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце́, гнуць; гні; гну́ты; незак., каго-што.

1. Надаваць чаму-н. дугападобную, выгнутую форму.

Г. дугі.

2. перан. Падпарадкоўваць, гнясці.

3. Нагінаць уніз, прыгінаць.

Вецер гне бярозу да зямлі.

4. перан., без дап. Весці гутарку, размову, накіроўваючы яе на дасягненне якой-н. мэты; схіляць (разм.).

Ведаю, куды ты гнеш.

Гнуць на свой капыл (разм., неадабр.) — рабіць па-свойму.

Гнуць сваю лінію (разм.) — настойліва дамагацца чаго-н.

Гнуць спіну (горб) (разм.) —

1) многа і цяжка працаваць на каго-н.;

2) пакланяцца, угоднічаць перад кім-н.

Гнуць у тры пагібелі (разм.) — моцна, жорстка прыгнятаць.

|| зак. пагну́ць, -гну́, -гне́ш, -гне́; -гнём, -гняце́, -гну́ць; -гні́; -гну́ты і сагну́ць, -гну́, -гне́ш, -гне́; -гнём, -гняце́, -гну́ць; -гні́; -гну́ты.

|| наз. гнуццё, -я́, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ляпі́ць, ляплю́, ле́піш, ле́піць; ле́плены; незак.

1. што і без дап. Ствараць, рабіць якія-н. фігуры з пластычнага, мяккага матэрыялу.

Л. бюст.

Не святыя гаршкі лепяць (прыказка: хоць і цяжка, але зможам, справімся).

2. Будаваць, майстраваць, карыстаючыся якім-н. вязкім матэрыялам.

Л. сцяну.

3. Размяшчаць адно за другім, не пакідаючы свабоднага месца.

Л. літару за літарай.

4. што. Тое, што і прыклейваць (разм.).

Л. маркі.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). 3 сілай ісці (пра мокры снег).

Снег лепіць у вокны.

|| зак. вы́лепіць, -леплю, -лепіш, -лепіць; -леплены (да 1 знач.), наляпі́ць, -ляплю́, -ле́піш, -ле́піць; -ле́плены (да 2 знач.), зляпі́ць, зляплю́, зле́піш, зле́піць; зле́плены (да 1 знач.) і заляпі́ць, -ляплю́, -ле́піш, -ле́піць; -ле́плены (да 3 знач.).

|| наз. ле́пка, -і, ДМ -пцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

па́мяць 1, ‑і, ж.

1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла. Якімовіч. Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак.

2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала. Шахавец.

3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні. Пальчэўскі. // Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Краўчанка. // Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ. Аўрамчык.

4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна. Чарнышэвіч. Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці. Сіняўскі.

•••

Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.

Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску. Лынькоў. Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці. Якімовіч; б) у знач. вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.

Варушыць памяць гл. варушыць.

Вечная памяць каму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.

Выкінуць з памяці гл. выкінуць.

Выкрасліць з памяці гл. выкрасліць.

Вылецець (выскачыць) з памяці гл. вылецець.

Дайсці да памяці гл. дайсці.

Дацца ў памяць гл. дацца.

Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.

Мець у памяці гл. мець.

Набегчы на памяць гл. набегчы.

На памяці чыёй; пры памяці чыёй; за чыю памяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. [Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад. Якімовіч.

На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).

На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).

Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць. Астрэйка.

Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці. Колас.

Прыйсці на памяць гл. прыйсці.

Сысці з памяці гл. сысці.

па́мяць 2, ‑і, ж.

Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.

памя́ць, ‑мну́, ‑мне́ш, ‑мне́; ‑мнём, ‑мняце́; зак., каго-што.

1. Зрабіць мятым; змяць. Памяць касцюм. // Пашкодзіць ударамі, штуршкамі і пад., пагнуць. // Прыбіць, прытаптаць (пра расліны). Памята, пабіта краса і аздоба Твае збажыны. Колас.

2. Разм. Пакалечыць. Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётн[ую] кар’еру.. — вока падбіў, лапы трохі пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Лынькоў.

3. і без дап. Мяць (у 1, 2 знач.) некаторы час.

4. Тое, што і пацерці (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)