сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.

2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуць¹, чу́ю, чу́еш, чу́е; чу́ты; незак.

1. каго-што. Успрымаць што-н. на слых, пры дапамозе органаў слыху.

Ч. птушыны спеў.

Ч. музыку.

2. без дап. Мець слых.

Ён дрэнна чуе.

3. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. Атрымліваць якія-н. звесткі, даведвацца.

Ці чулі навіну? Я чуў, што ў вас былі госці.

4. каго-што і з дадан. Успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць.

Птушкі чуюць пахаладанне.

Ты чуеш, што пахне дымам?

5. (са словам «сябе»). Мець пэўныя (фізічныя, псіхічныя) адчуванні; адчуваць.

Ён чуў сябе тут як дома.

6. у знач. пабочн. сл. чу́еш (чу́еце). Ужыв. для пацвярджэння сказанага, як настойлівае ўказанне, патрабаванне чаго-н. (разм.).

Толькі не спазніся, чуеш!

Прыязджай абавязкова, чуеш!

Дух чуць чый (разм.) — адчуваць чыю-н. строгасць, баяцца каго-н.

І чуць не чуў (разм.) — поўны адказ ад чаго-н.

На свае (уласныя) вушы чуць, сваімі вушамі чуць — непасрэдна самому чуць што-н.

Не чуць душы ў кім (разм.) — вельмі моцна, бязмежна любіць каго-н.

Не чуць зямлі пад сабой (разм.) — адчуваць вялікую радасць, захапленне.

Не чуць ног пад сабой (разм.) — вельмі стаміцца ад бегу, доўгай хадзьбы і пад.

Чуць з трэціх вуснаў — чуць што-н. не непасрэдна, а праз каго-н.

Чуць краем вуха (разм.) — часткова, няпоўнасцю, няправільна чуць што-н.

|| зак. пачу́ць, -чу́ю, -чу́еш, чу́е; -чу́ты (да 1, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Валява́ха1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словамваллё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр. навій, рус. наво́й, польск. nawój, чэш. návoj, славац. návoj, н.-луж. nawój ’тс’, серб.-харв. дыял. на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг. дыял. навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш. Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па1 — прыіменная прыстаўка. Вытворныя з гэтай прыстаўкай маюць значэнне ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але які не з’яўляецца ім у поўнай меры’ (Сцяцко, Белар. словаўтв., 227), параўн. пазара́нак, паве́ка, па́сын і г. д. У канфіксальных утварэннях магчымы і іншыя значэнні: ’месца, прастора, дзе было тое, што названа ўтваральным словам’, ’меншая мера праяўлення з’яў, якія названы ва ўтваральным слове’ і г. д. (гл. Сцяцко, там жа, 241 і наст.). Агульнаслав., параўн. рус., укр. па‑, ст.-слав. па‑, польск., чэш., славац. pa‑, серб.-харв. па̏‑ і г. д. (гл. Мейе, Études, 161). Прасл. pa‑; у дзеясловах ёй адпаведнае po‑, суадносна як і pra‑ : pro‑, par‑ : por‑. Аналагічная дваістасць у балт. мовах: літ. po‑ (у імёнах), pa‑ (у дзеясловах), ст.-прус. pa : pa; у авесц. pa : pa (гл. Траўтман, 203; Фасмер, 3, 181; ESSJ, 1, 160 і наст.). Параўноўваецца са ст.-прус. pa : pa ’под, пасля, суадносна’, літ. po ’пасля, под’, авесц. pa‑, pa‑ і г. д., (Траўтман, BSW, 203; Фасмер, 3, 181; у Фасмера гл. і інш. літ-ру).

Па2 (прасл. po, pa‑). Прыназоўнік і прыстаўка. Агульнаславянскае, параўн. рус. по, польск. po, балг. по і г. д. Іншая ступень вакалізму прыстаўкі: pa‑ — у імёнах. Адпаведнікі ў іншых і.-е. мовах: літ. pa‑, іменны прэфікс pó‑, лат. pa, ст.-прус. pa‑, po‑, лац. po‑ ў positus ’які пастаўлены’, pōnō ’стаўлю, кладу’, алб. pa ’без, зноў’, хец. ’туды’ (Траўтман, 203; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1), грэч. έπᾱ ’ад’, ст.-інд. ā́pa ’прэч’. З прычыны поліфункцыянальнасці і вялікага семантычнага аб’ёму слав. po ўзводзіцца часткова і да і.-е. *pos, якое прадстаўлена ў літ. pas ’пры, у’, pãstaras ’апошні’, ст.-інд. pacca ’ззаду, следам, пазней’, лац. post ’потым’ (Мейе, Études, 155; Уленбек, 167). Гл. таксама Фасмер, 3, 292 і наст.; ESSJ, 1, 178 і наст.

Па3 ’асобная фігура ў танцы’ (ТСБМ). З франц. pas ’крок’, відавочна, праз рус. па ’тс’ (Параўн. Крукоўскі, Уплыў, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́падак, ‑дку, м.

1. Тое, што здарылася, здарэнне; факт, з’ява. Выпадак з жыцця. □ З гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках. Колас.

2. Пэўныя абставіны, стан рэчаў. [Ліда] ведала: у такіх выпадках самае галоўнае адбываецца ў першы момант. Пальчэўскі.

3. Зручны момант. Выпадак падвярнуўся сам і вельмі хутка. Васілевіч.

4. толькі адз. Тое, што не абумоўлена прычыннай залежнасцю; выпадковасць. Словам, тым самым шляхам выпадку, праз дзесяткі салдацкіх рук і торбаў, прыйшла да нас і Коласава паэма. Брыль.

•••

Ва ўсякім выпадку — пры любых абставінах.

З выпадку чаго — з прычыны якіх‑н. падзей, абставін.

На першы выпадак — для пачатку, для першага разу.

На ўсякі выпадак — на выпадак, калі спатрэбіцца.

Ні ў якім выпадку — ніколі, ні пры якіх умовах, ні за што.

У крайнім выпадку — калі не будзе іншага выхаду.

У лепшым выпадку — пры самых спрыяльных абставінах.

У тым выпадку, калі... — калі здарыцца так, што...

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрыжа́ць і дрыжэ́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Калаціцца, трэсціся. Зямля дрыжыць. Вокны дрыжаць. □ Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты. Купала. Там, за сінімі шыбамі, дрыжаў аголены куст бэзу. Шашкоў. // Быць ахопленым дрыжыкамі. Дрыжаць ад холаду. Рукі дрыжаць. // Мігацець, трапятаць (пра агонь, святло). А ў небе зоркі, як сняжынкі, Гараць, мільгаюць і дрыжаць. Колас. Ружовыя водсветы дрыжэлі на мёрзлай зямлі. Чорны. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Сашы] мацнеў з кожным словам і дзе-нідзе зрываўся і дрыжэў. Шамякін.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баяцца каго‑н. — Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. Колас. — Век ты перад панам дрыжаў і без пана дрыжыш, — дапякла жонка. Пальчэўскі. // за каго-што; над кім-чым. Непакоіцца, рупліва аберагаць каго‑, што‑н. [Маці] так дрыжала над .. [Нявідным], так старалася ўсцерагчы яго. Колас. // Берагчы што‑н., ашчадна траціць, расходаваць што‑н. Дрыжаць за кожную капейку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кішэ́нь і кішэ́ня, ‑і, ж.

1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў і грошай. Бакавая кішэнь. Нагрудная кішэнь. □ Кавалёва задумалася, дастала з кішэні паліто некалькі зярнят грэчкі і, разглядаючы, перагортвала іх на далоні. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дабрабыт, багацце, грошы. Проста дзіва, як «клапоцяцца» рускія міністры аб кішэні [паноў] фабрыкантаў! Ленін. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр.

3. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.

4. Спец. Пра паглыбленне, выемку ў чым‑н. Кішэнь раны. Кішэнь тоўстай кішкі.

•••

Біць па кішэні гл. біць.

Вецер гуляе ў кішэні гл. вецер.

За словам (па слова) у кішэнь не лазіць гл. лазіць.

Класці (сабе) у кішэню гл. класці.

Набіць кішэнь гл. набіць.

Не па кішэні каму — занадта дорага для каго‑н.

Пустыя кішэні ў каго — пра беднага чалавека.

Тоўстыя кішэні ў каго — пра багатага чалавека.

Трэсці (калаціць) кішэні гл. трэсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)