упе́рціся, упруся, упрэшся, упрэцца; упромся, упрацеся; пр. упёрся, уперлася; заг. упрыся; зак.

1. Уперці частку свайго цела або які‑н. прадмет для апоры, супраціўлення, адштурхвання. Абхапіўшы разеілку вершаліны, дзяўчынка ўперлася нагамі ў снег і пацягнула. Гарбук. [Бабёр] моцна ўпёрся ў сценкі прахода і не хацеў вылазіць. Самусенка. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. [Макар] стаў пасярод хаты, упёрся шырокімі кулакамі ў бокі. Чорны. // перан. Разм. Утаропіцца ў каго‑, што‑н. Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў .. [Сотнікава] вострым позіркам і чакаў. Быкаў. Девін доўга крывіўся, упёршыся блізарукімі вачыма ў паперку, на якой было напісана небагатае меню. Карпюк. // Прыняць пэўны напрамак (пра вочы, позірк). Мае вочы ўперліся ў .. блішчастыя гузікі на мундзіры [паліцыянта]. Дамашэвіч.

2. Наткнуцца ў час руху на якую‑н. перашкоду, уткнуцца ў што‑н. Ззаду загрукацелі колы.. З разгону.. добры конь упёрся грудзьмі ў палукашак нашага воза. Брыль. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Там упрэшся ў рэчку,.. — адказаў той, што стаяў ля шула. Крапіва. Яны перайшлі вуліцу зломаным кутом і ўперліся ў другую, яшчэ цямнейшую. Гартны. Мінула некалькі хвілін, і прамень ліхтара ўпёрся ў перашкоду. Шыцік. // Распасціраючыся ў якім‑н. напрамку, наблізіцца да чаго‑н. Нарэшце луг упёрся ў невялікі лес, толькі рэчка, агінаючы яго справа, пабегла некуды далей, на поўдзень. Шчарбатаў. // перан. Разм. Накіравацца ўвысь, узвысіцца. А побач з убогімі будынкамі ўперліся ў неба панскія палацы. Пшыркоў. У хмары ўперліся стагі кудлатымі галовамі. Ставер. // перан. Наткнуцца на якія‑н. цяжкасці, перашкоды пры ажыццяўленні чаго‑н. Справа ўперлася ў непрадбачаны фармалізм. □ Часамі пішучы ўпрэшся ў што-небудзь, не ўдаецца. А далейшае ўжо выразна малюецца, думка думку падказвае. Лужанін. // Разм. Сканцэнтравацца на чым‑н. адным. Як упруцца [дагматыкі] ў што-небудзь, дзяўбуць адно і тое ж дзесяткі год. Прокша.

3. Аказаць супраціўленне чаму‑н., не захацець згадзіцца з чым‑н., уступіць каму‑н. — Асабліва не гарачыся, калі Пятрусь упрэцца, — гаворыць.. [Ярыне] маці. Бажко. [Кулагін:] — Я быў за тое, каб табе першую прэмію аддалі. Настойваў нават. Дык члены праўлення ўперліся, парторг таксама. Гаўрылкін. Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Колас. // Занаравіцца. Конь упёрся і ні з месца. □ — Ну ідзі, ідзі, Лысачка! Пашчыпай у рове трохі травы... — кажа Зося карове. Але Лыска ўперлася — і ні з месца. Каліна.

4. Разм. З цяжкасцю або без дазволу ўвайсці, пранікнуць куды‑н. І — нібы згаварыліся — следам за .. [Мікітам] упёрся ў хату камляваты дзядзька Тодар Малахаў. Зарэцкі. // Улезці ў што‑н. Зарагатаў над ім другі Партнёр, — Упёрся ў багну — сам і вырабляйся! На дапамогу, друг, не спадзявайся... Забудзь на дагавор! Валасевіч.

•••

Упёрся як баран — пра ўпірыстага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).

2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.

3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.

4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.

5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.

6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Напружыць слых, каб пачуць што‑н. Маша прыслухалася — тоненька сакоча шыба. Мележ. Люся прыслухалася. Так, нехта стукае ў дзверы!.. Брыль. // Звярнуць увагу на свае адчуванні, на свой фізічны стан. Прыслухаўся, як шчыміць ад адэкалону паголены твар, і стаў апранацца. Адамчык. — Перастала, бабка, перастала! — сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як бы прыслухаўшыся да яе. — Забыўся нават, што яна і балела. Колас. [Стафанковіч] .. прыслухоўваўся: баліць ці не? Прыслухаўшыся, то яно сапраўды баліць, і яшчэ як моцна. Чорны. // перан. Звярнуць увагу на свае пачуцці, перажыванні і пад. — Дык вось я вельмі раіў бы табе пабыць на фронце, ды зарабіць [георгіеўскі крыж].., а потым прыслухацца да свайго сэрца, што на ім накіпела. Лобан. У дзень зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухаўся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго [Леніна]. Звонак.

2. Аднесціся да чаго‑н. уважліва, прыняць да ведама што‑н. А які муж, што шчыра любіць жонку, не прыслухаецца да яе парад, тым больш, калі яны абгрунтаваныя, разумныя! Хадкевіч. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова? Колас.

3. Разм. Прывыкшы да якіх‑н. гукаў, шуму, размоў і пад., перастаць звяртаць на іх увагу. Прыслухацца да вулічнага шуму. □ Плявузгота [Бабініча] ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развёрнутый

1. (раскрытый) разго́рнуты, мног. паразго́ртваны, раскры́ты, мног. параскрыва́ны, развіну́ты;

2. перен. (подробно изложенный) разго́рнуты;

приня́ть развёрнутую резолю́цию прыня́ць разго́рнутую рэзалю́цыю;

3. перен. (предпринятый в широких масштабах) разго́рнуты, мног. паразго́ртваны;

развёрнутое строи́тельство разго́рнутае будаўні́цтва;

4. перен. (развитой) разго́рнуты;

развёрнутые спосо́бности разго́рнутыя здо́льнасці;

5. (выпрямленный) вы́прастаны, распраста́ны;

6. воен. разве́рнуты, разго́рнуты;

развёрнутая вдоль ли́нии фро́нта артилле́рия разве́рнутая (разго́рнутая) уздо́ўж лі́ніі фро́нту артыле́рыя;

развёрнутый строй разго́рнуты строй;

7. (повёрнутый) заве́рнуты; паве́рнуты; разве́рнуты;

развёрнутая маши́на заве́рнутая (разве́рнутая) машы́на;

8. (разверченный, расширенный — об отверстии, раскрученный) раскру́чаны, мног. параскру́чваны, рассвідрава́ны, мног. парассвідро́ўваны; см. разверну́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Надзе́і ’дажджавыя чэрві’ (в.-дзв., расон., Сл. ПЗБ), рус. надей ’ўсё, што надаецца для прынады на вуду (чарвякі, матыль і пад.)’, ’чарвякі, вусені’, ’гнаявыя чарвякі’, ’глісты’, надейна ’чарвяк; вусень’, ’земляны чарвяк’. Цёмнае слова. Можа выказаць некалькі версій, якія пры адсутнасці надзейнай этымалогіі маюць права на існаванне. Магчымая версія — ад надзець, параўн. ст.-слав. надѣти трьвь на жднцж, тады да *άέϋ, форма адз. л. магла быць аманімічнай назоўніку надзея ’спадзяванне’, параўн. у сувязі з гэтым звязанае з рыбалоўствам на́жа ’ўдача’: на езі нема нажы, не ловяцца (ТС), а таксама рус. надены ’надзеі’ і наденка, надеенка ’земляны чарвяк’, г. зн. магчыма табуізацыя сапраўднай назвы і яе замены эўфемізмам з мэтай «паспрыяць» рыбнай лоўлі. Аднак нечаканая смаленская паралель гнадейка ’дажджавы чарвяк’ (СОС, 2) з пачатковым г прымушае разгледзець і іншыя магчымасці этымалагізацыі слова, пры якіх улічваецца гэты факт, што можа атрымаць розную інтэрпрэтацыю. Паводле Мяркулавай, побач з шырока вядомым у славянскіх мовах працэсам з’яўлення g- пратэтычнага перад плаўнымі маюцца выпадкі страты этымалагічнага g перад n і I (Этимология–1983, 67–68; спецыяльна: Пятлёва И. П. К вопросу o g протетическом в слав. яз. Этимология–1976, 51–55), параўн. ніда ’гніда’ (Сл. ПЗБ). Калі прыняць у якасці зыходнай форму з г‑, то можна яе выводзіць са спалучэння к надзе (ад надзіць ’прыманьваць’, параўн. пры‑нада ’прыманка’), падобна да таго, як рус. дыял.· гнадобить ’берагчы, капіць’ выводзяць са спалучэння к надобе, пры надоба ’патрэбная рэч’ (Фасмер, 1, 410), або славен. gnaditi (= naditi) ’загартоўваць’ параўноўваюць з серб.-харв. кнадити і пад. (Дэбеляк, Predpone, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыма́к, прыма́ка, прымаке́, прымакіе́, прыма́ч, пры́ма, пры́мень, пры́муш, пры́мыш, прама́ка ’муж, якога прынялі ў сям’ю жонкі, які жыве ў доме жонкі’, прыма́кі ’прыманне прымака’ (ТСБМ, Нас., Шн. 1, Нік. Очерки, Кольб., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Касп., Растарг., Янк. 1, Янк. Мат., Інстр. 1, Мат. Гродз., Жд., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), прымук ’прыёмыш’ (Ласт.), прыма́чка ’жонка зяця, прынятага ў дом цесця’ (Нас.; навагр., Нар. сл.), пры́мачка ’тс’ (Байк. і Некр.), прымі́чка ’тс’ (саліг., Нар. словатв.), таксама пры́мы, пры́мачы, пры́мічы, пры́мкі, пры́му ’пасяленне, пражыванне мужчыны пасля жаніцьбы ў сям’і жонкі; прымацтва’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС); параўн. перан. прыма́к ’калок у плоце для ўмацавання падгніўшага слупа’ (ТС). Сюды ж прыйма́к ’прымак; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Растарг.), ’прыёмыш’ (Ласт.), прійма́ч ’зяць, які жыве ў цесця’ (Бес.), пры́йміч, пры́ймыш ’прыёмыш; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Нас.), прыйма́к ’сезонны рабочы, якога наймалі цягнуць плыты супраць рачной плыні’ (пін., Нар. лекс.), толькі мн. л. пры́ймы ’жаніцьба ў тым выпадку, калі жаніх ідзе ў дом да нявесты’ (мазыр., рэч., Доўн.-Зап., 2). Рознасуфіксальныя вытворныя ад прыма́ць/прыйма́ць (гл.). Рус. дыял. прима́к ’муж, прыняты ў дом жонкі’, ’прыёмны сын’, прима́ка ’тс’, при́ма ’муж, прыняты ў сям’ю жонкі’, смал. прима́ч ’тс’, при́мень ’тс’, при́муш ’чалавек, якога ўзялі працаваць у гаспадарцы, прынялі ў свой двор’, укр. прийма́к, прийма́ка ’прыёмыш; муж, які перайшоў у сям’ю жонкі’, при́йми ’прыёмыш’, у при́йми піти́ ’не маючы сваёй гаспадаркі, прыйсці на гаспадарку жонкі, жыць у яе хаце’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) мяркуе пра ўплыў літ. priim̃tiпрыняць зяця ў двор’, аднак адсутнасць фармальных падстаў робіць меркаванне аб балтыйскім пранікненні праблематычным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́валга ’птушка жоўты дрозд, Oriolus galbula’ (ТСБМ), івал (Мат. Гом.), і́вельга, і́вега (Маш., 18, 19). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, укр. і́волга ’тс’, польск. wilga, wiwielga ’тс’, чэш. vlha ’Merops apiaster’, славац. vlha ’івалга’, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авли́га ’івалга’. Ст.-слав. влъга, ст.-рус. иволга, ивлъга. Прасл. *vьlga ці, паводле Трубачова (Эт. сл., 8, 251–252), *jьvьlga мае адпаведнікі ў балт. і герм. арэалах. Пачатковае і‑ тлумачаць як пратэзу (Брукнер, 621) ці як прыіменную прыстаўку *jь‑ (Петарсан, 52; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20). Этымалогія не зусім ясная. Згодна з найбольш прынятай версіяй, роднаснае прасл. *vьlg‑ ’вільгаць’: у гэтай птушцы бачаць прадвесніцу дажджу. Семантычная паралель — ням. Regenpfeifer ’івалга’, ’сявец’. Гл. Брукнер, 621; БЕР, 1, 2; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20. Магчыма, гэта больш позняе пераасэнсаванне народна-этымалагічнага характару (Махэк₂, 694). З семантычнага боку верагодна сувязь з авест. vārə(n)gan ’нейкая птушка’, польск. wołać ’клікаць, крычаць’. Гл. Эндзелін, IF, 33, 126; Шпэхт, Der Ursprung, 172; Фасмер, 2, 114–115. Ці не сюды імя язычаскага бога Сварогъ у сувязі з міфалагічнымі ўяўленнямі аб вогненнай птушцы? Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (694) звязвае *vьlga з ням. дыял. Widewalch ’івалга’ і лац. galbula ’тс’, якія з «праеўрапейскага» *valgā (з метатэзай *galv‑). Супастаўленне са швейц.-ням. Wiedewalch прыводзіць Булахоўскага (ВЯ, 1968, 4, 104) да рэканструкцыі слав. *ivo‑vьlga. Наўрад ці магчыма прыняць і тлумачэнне Младэнава (2), які параўноўваў з грэч. αὐλέω ’іграць на жалейцы’, αὐλός ’жалейка’, хаця да гэтага супастаўлення звяртаюцца зноў у сувязі з думкай аб гукапераймальным характары слав. слова (Антропаў, дыс.). Усечаная форма івал — карэлят м. р. Гл. віваўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паста́віць 1, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць.

Зак. да ставіць.

•••

Паставіць бутэльку — пачаставаць віном.

Паставіць вочы на каго — позіркам, выглядам выявіць варожасць.

Паставіць да ганебнага слупа — заклеймаваць ганьбай.

Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што‑н., надаць процілеглы сэнс.

Паставіць на від каму — зрабіць заўвагу, папераджальную вымову.

Паставіць на (сваё) месца каго — збіць пыху з каго‑н., зрабіць рэзкую заўвагу каму‑н. пра нясціплыя паводзіны.

Паставіць на ногі — а) вылечыць ад якой‑н. хваробы. [Сямён Львовіч:] — Вы сур’ёзна хворы, і нашы намаганні паставіць вас на ногі не знаходзяць вашай падтрымкі. Кавалёў. Намаганні ўрачоў і розныя цуды медыцыны не заўсёды мелі сілу паставіць на ногі кожнага, хто трапляў сюды. Васілевіч; б) выхаваць, выгадаваць, давесці да самастойнага жыцця. [Аксіння:] Немаладая ж я, пажыла. Дзетак паставіла на ногі. Вярцінскі; в) давесці да належнага стану, падняць. Вярнуўся.. [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца. Хадкевіч; г) прымусіць прыняць актыўны ўдзел у чым‑н. [Іванчанка:] Люба!.. Мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці... Я пастаўлю на ногі ўсю сваю разведку. Кучар.

Паставіць што на службу чаму — выкарыстаць што‑н. у інтарэсах чаго‑н., прымусіць служыць чыім‑н. інтарэсам, мэтам.

Паставіць пад ружжо — а) прызваць у армію; б) прымусіць прастаяць пэўны час пры поўным узбраенні (пакаранне ў царскай арміі).

паста́віць 2, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць.

Зак. да пастаўляць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Даставіць, прынесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Хлопчыкі прыцягнулі драбіну, але яе было малавата, каб дастаць на падстрэшша. Ляўданскі. Вось Яцук падхапіўся, прыцягнуў ахапак ламачча. Галіну за галінай пачаў кідаць у агонь. Лупсякоў. // Наблізіць з сілай, з якімі‑н. намаганнямі каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. Павел схапіў .. [Міхаля] за грудзі і прыцягнуў да сябе. Чарнышэвіч. Аўдоцця прыцягнула да грудзей галоўку сына, моцна прытуліла. Мележ. // Наблізіць сілай прыцяжэння, магнетызму. Магніт прыцягнуў іголку.

2. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. Прыцягнуць у госці. Прыцягнуць у кіно. □ [Пніцкі] прыцягнуў.. [Нахлябіча] да сына. Чорны. // Прывесці з сабой. Некаторыя з гэтых знаёмых у сваю чаргу прыцягнулі сваіх знаёмых. Маўр.

3. перан. Прывабіць, выклікаць жаданне прыйсці, прыбыць куды‑н. Выстаўка прыцягнула шмат наведвальнікаў. □ Нялюбая была .. [Веры] прафесія, а тое, што прыцягнула яе сюды — каханне да Кузьмы, пачало знікаць. Дуброўскі.

4. перан. Выклікаць жаданне, заахвоціць або прымусіць прыняць удзел у чым‑н., заняцца чым‑н., прымкнуць да чаго‑н. Прыцягнуць на свой бок. □ — Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце. Колас. — Работа з моладдзю, з інтэлігенцыяй, каб прыцягнуць іх у атрады, — адна з галоўных нашых задач. Шамякін.

•••

Прыцягнуць да адказнасці — прымусіць адказваць за сваю дзейнасць, за свае ўчынкі.

Прыцягнуць увагу — выклікаць цікавасць, прымусіць звярнуць на сябе ўвагу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)