Браск ’досвітак’ (Мар. дыс.). Марозаў, там жа, лічыць, што гэта паланізм. Параўн. польск. brzask ’тс’. Хоць тэарэтычна браск можа быць і бел. словам (параўн. рус. брезг ’тс’, бре́зжит ’світае’, чэш. břesk, ст.-слав. пробрѣзгъ і г. д. — слав. *brězg‑; аб слав. словах гл. Фасмер, 1, 211), усё ж на бел. глебе яно ізаляванае (акрамя таго, у бел. мове было б брэск). Укр. дыял. бряск ’бляск’ таксама з польск. (гл. Рыхардт, Poln., 37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курта́ты1 ’бясхвосты’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’маларослы’ (Гарэц.). Укр. куртатій ’тс’. Прыметнік з прадуктыўным суфіксам ‑аты. У іншых славянскіх мовах гэты суфікс не зафіксаваны (параўн. Слаўскі, 3, 414), таму слова трэба лічыць беларуска-ўкраінскай інавацыяй. Агульнараспаўсюджанае ў заходнеславянскіх мовах kurta ’сабака з адрэзаным хвастом’ запазычана з лац. curtus ’кароткі’ (с.-лац. curtus canis ’сабака з адрэзаным хвастом’).

Курта́ты2 ’чорт’ (Федар.). Да куртаты1 (гл.). Параўн. куцы1 ’кароткі’ і куцы2 ’чорт’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анчу́тка ’д’ябал’ (Мядзв.). Рус. дыял. анчута (СРНГ), анчут. Табуістычная замена назвы д’ябла анчыхрыст у кантамінацыі з уласным імем Анісіфар (Успенскі, Труды знак., 5, 487). Версію аб балтыйскім паходжанні слова гл. Тапароў, Baltistica, IX (1), 29 і наст., Талстой, Материалы Всесоюзного симпозиума по вторичным моделирующим системам I (5), Тарту, 1974, 31. Краўчук (вусн. паведамл.) лічыць, што зыходным з’яўляецца форма анчут < анчи‑юд (параўн. пск. анчию́д; Пск. сл., 1, 66): анчи‑ (анти‑) + юд (Иуда). Параўн. анцію́д(а).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дра́бы ’рэбры, косці; касцяк, каркас’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’воз’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Паводле Фасмера (1, 545), які і рус. дря́бы ’воз для снапоў’, бел. драбі́на, укр. драби́на, польск. drabina, роднаснае з с.-ням. treppe, trappe ’лесвіца’ (так і Бернекер, 1, 219). Іначай Трубачоў (Эт. сл., 5, 100–101), які пад праформамі *drabъ, *draby аб’яднаў вялікую групу слоў і лічыць, што ёсць сувязь з прасл. *dьrati ’драць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драпе́жны ’драпежны’ (БРС, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drapieżny ’тс’ (запазычанне ўжо ў ст.-бел. мове, гл. Булыка, Запазыч., 101). З польск. мовы ўзяты і шматлікія вытворныя: драпе́жыць, драпе́жства (Нас.), драпе́жнік, драпе́жніцкі, драпе́жніцтва (БРС); яны вядомы і ў ст.-бел. мове (Булыка, там жа). Насуперак Трубачову (Эт. сл., 5, 102) ст.-рус. драпежити з’яўляецца звычайным паланізмам. Здаецца, Слаўскі (1, 161) лічыць бел. драпе́жны, драпе́жыць роднаснымі з польск. лексемамі, што вельмі няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрынду́шка ’частушка’, ’дробязь, цацка’ (БРС), дрындуха ’частушка’ (Шат.). Параўн. у Насовіча: дры́ндаць ’ленавацца; хадзіць, спяваючы’, дры́нда ’гультай’, ’від плуга’. Слаўскі (1, 172) прыводзіць вялікую групу слав. слоў са шматлікай семантыкай і лічыць, што гэта ўсё лексемы гукапераймальнага характару. Параўн. польск. drynda ’вазок’, dryndač ’павольна ехаць, трэсціся на возе’, укр. дри́нда ’вазок’, дри́ндати ’бегчы рыссю’, серб.-харв. др̏ндати ’балбатаць, размаўляць’ і г. д. Паводле Сл. паўн.-зах., дры́ндаць ’хадзіць без справы, бадзяцца’ < польск. dryndać.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўтапёс, жаўтёпасак ’пясчаная глеба’ (Шат.), жаўтопёсок (Мат. Гом.), жаўтапесак (глус., Янк. II) ’тс’. Параўн. жаўтазём ’глеба з жоўтага пяску’ (Сцяц.). Складанае слова з прыметнікавай асновы жоўты (гл.) і назоўніка пясок (гл.). Цікава, што апошні прадстаўлены ў форме без суфікса ‑ъкъ; яе можна лічыць або адлюстраваннем старажытнага стану, або пазнейшым усячэннем па мадэлі жаўтазём. Трэба пры гэтым мець на ўвазе нерэгулярнае адлюстраванне ě ў выглядзе ё, якое ўказвае, як і форма жаўтёпасак, на пазнейшыя дэфармацыі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Памост ’узвышша ў выглядзе пляцоўкі, насланай з дошак; падлога’ (ТСБМ, Шат., Янк. 3., Сл. ПЗБ, Гарэц.), ’падлога’ (Касп., Сцяшк. МГ, ДАБМ, 954; Шпіл., Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334, Бір. дыс.), ’падстаўка з хворасту пад дуплянкі’ (Мат. Гом.), помосто́к ’ступенькі перад уваходам у дом’ (Шушк.). Рус. помо́ст, укр. помо́ст, ст.-рус. помостъ ’падлога, дах, ярус; рыначная плошча’, помостити. Фасмер (3, 323) лічыць ад po‑ і мост (гл.), але магчыма і аддзеяслоўнае ўтварэнне ад памасціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгада́ць, прыгадва́ць ’узнавіць у памяці; прыпомніць’ (ТСБМ), прыгадава́ць ’гаварыць, лічыць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з далейшым развіццём семантыкі — ’прыдумаць; задумка’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг.), ’адшукаць; знайсці’: пригадай скорей верёвку, штоб взлезци (Нас.), таксама прыга́длівы ’знаходлівы’ (Нас.) і прыгада́ць ’дапамагчы; паспачуваць’: не плачь — мы твоей беде пригадаем (Дабрав., Кросны). Да гада́ць у значэнні (згодна з ТСБМ — размоўным) ’меркаваць’ (гл.), укр. пригада́ти ’ўзгадаць’, пригада́ти ’прыдумаць’. Спецыяльна гл. Булахаў, Развіццё, 43.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Склон1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.

Склон2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)