Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страхапу́д, страхапу́дала ‘страшыдла, пачвара (Юрч. Вытв., Мат. Гом.), страхопу́д ‘баязлівец’, ‘пудзіла’ (Сл. Брэс.; пін., брэсц., Нар. лекс.), страхопу́д, страхапу́дзіна ‘чалавек, які можа навесці страх сваім выглядам’ (Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), страхопу́т ‘страшыдла’ (ТС). Укр. страхопу́д ‘страшыдла, пудзіла’. Да страх і пудзіць. Магчыма, кантамінацыя, паколькі спалучэнне сінанімічных паняццяў у адным складаным слове здаецца збыткоўным. Да словаўтварэння параўн. саракапут (гл.), чэш. strakapúd ‘від дзятла’ (гл. Махэк₂, 581). Няясныя адносіны да славен. strahopeten ‘палахлівы’, strahopetec ‘баязлівец’, звязаных з славен. petáti ‘бегчы, спяшацца’, pripetiti ‘здарыцца’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 30) узводзіць да і.-е. *pent‑ ‘ступаць, ісці, хадзіць’, гл. пуць. Тады другая частка слова можа быць атаясамлена з пут‑, прадстаўленым у сухапу́т ‘худы чалавек’ (Ян.), сухопу́цье ‘суша’ (ТС), збліжаным з пудзіць ‘палохаць’ (гл.). У такім выпадку ўкр. страхополо́х, польск. strachopłoch ‘баязлівец’ — другасныя ўтварэнні; параўн. таксама польск. strachopłód ‘тс’ (‘той, хто плодзіць страх’, Варш. сл.), strachopuł ‘тс’, укр. страхопі́льне ‘пудзіла, прывід’ з няяснай другой часткай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йнік1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).

Тро́йні́к2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).

Тро́йнік3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труць1, труц ‘труціць’ (воран., ашм., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трути, струти ‘атручваць’ (Гарб.). З польск. truć ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 134). Аналагічна тру́цца ‘атручвацца’ < польск. truć się ‘тс’, ‘мучыцца, пакутаваць’. Польск. truć (się) узыходзіць да прасл. *truti, 1 ас. trovǫ ‘спажываць, вытрачаць, ператраўліваць’, звязанага чаргаваннем галосных асновы з ітэратывам *traviti і назоўнікам трава́, трова́ (гл.). Прасл. лексема *truti роднасная літ. trūnýti ‘парахнець, тлець, гнісці’, вал. toraw ‘таўчы’, ‘біць, разбіваць’, ст.-грэч. τρύω ‘быць стомленым, замучаным’, ‘прыціскаю, прыгнятаю, раню’, ст.-англ.-сакс. dˊrōwigean ‘цярпець’, ст.-нарв. þrá ‘сум’, ‘моцнае жаданне’ < і.-е. *treu̯‑ ‘церці, расціраць’ (Борысь, 644; Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650; Чарных, 2, 255; Скок, 3, 507–508; Брукнер, 575, 577; ЕСУМ, 5, 656; Бязлай, 4, 234–235).

Труць2 ‘яд, атрута’ (Некр. і Байк., Ласт.). Магчыма, з польск. truć ‘расліна, сокам якой змазвалі стрэлы, палюючы на аленяў’ (Варш. сл.), параўн. trut, truta, trutka ‘атрута (як прынада)’ і папярэдняе слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбло́, трэбло́ ‘жывот, страўнік (жывёлы)’ (Рэг. сл. Віц.), ‘пуза, трыбух’ (ТС), трэбло́ ‘тоўсты, няўклюдны і прагны да яды’ (Растарг.), тры́бло ‘пузаты’ (Зайка Кос.), ‘трыбух’ (пін., ЖНС), трабло́ ‘жывот, чэрава’ (Мат. Гом.), трубло́ ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1), трыбла́ты, трэбла́ты ‘чэраваты’ (лун., стол., лельч., ЛА, 1; лельч., Нар. лекс.; шуміл., Сл. ПЗБ), ‘тоўсты’ (Сцяшк. Сл., ТС), ‘трыбухаты, з вялікім чэравам’ (кам., Сл. ПЗБ), трыбла́тый ‘тс’ (лун., Шатал.; кам., Жыв. НС), трібластый ‘тс’ (сен., ЛА, 1), трубла́ты ‘тс’ (ельск., там жа). Укр. три́бло ‘вялікі ненасытны жывот’, ‘чалавек, які шмат есць’, рус. пск., смал. требло́ ‘вялікі жывот; тоўсты чалавек, прагны да яды’. Няясна. На сувязь з требух (гл. трыбух) указвае ЕСУМ, 5, 626. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 135), слова запазычана з літ. driblà ‘той, хто вялікі’, ‘тое, што вялікае’, параўн. і літ. tribuliúoti ‘мяць’. Як праславянскі дыялектызм разглядае *treb(ъ)lo Трубачоў (Труды, 1, 284), роднасны лац. strebula ‘мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’. Гл. таксама трубло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́нды-ры́нды ‘лахманы (?)’: Pawiesiła tryndy ryndy / Nad akoniceju (свісл., Федар., 6). Параўн. укр. тринди‑ри́нди (перадача пустой, бессэнсоўнай гаворкі), рус. дыял. три́нды‑бри́нды ‘бяспутны чалавек’, польск. дыял. tryndy ryndy (прыпеў). Рыфмаванае спалучэнне слоў, першае з якіх з’яўляецца імітатывам, заснаваным на гукаперайманні тры́нды (гл. трындзець), параўн. укр. три́нды (прыпеў), рус. тры́нды‑тры́нды (імітацыя ігры на балалайцы), што могуць выводзіцца з больш простых гукаперайманняў, напрыклад, з трын, дын, гл. папярэдняе слова. Адносна ўкр. тринды Смаль-Стоцкі (Приміт., 178) мяркуе пра кантамінацыю ў межах ти́нди‑ри́нди (пустая гаворка), параўн. ти‑ди‑ди́ (прыпеў з песні) з першаснымі элементамі (ЕСУМ, 5, 569). Другая частка спалучэння, якая рыфмуецца з першай, можа суадносіцца з ры́нда ‘бяспутная, бадзячая без працы жанчына’ (Растарг.), ‘лянота, бесклапотнасць, неахайнасць’ (Жарт. песні), параўн. укр. палес. ри́нды ‘лахманы’, рус. дыял. ры́нда ‘лаянка на чалавека’, адносна паходжання якіх выказваюцца розныя версіі: гл. рында1 (< літ. rindà ‘няўклюда’), запазычанне з венг. rondy ‘лахманы’ (ЕСУМ, 5, 24), запазычанне з фін. ryntty ‘абарванец’ (Феакцістава, Номинативное воплощение абстрактной идеи: аўтарэф. канд. дыс., Екатеринбург, 2003, 21).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пы1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туз1 ‘старшая ў сваёй масці ігральная карта’ (ТСБМ, Нас., Пятк. 3, Бяльк., Янк. БП, Вруб.), перан. ‘таўсцяк; багаты чалавек, уплывовая асоба’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.): наеўся, як туз (рэч., Ліцв.). З польск. tuz, якое з с.-в.-ням. tûs, dûs ‘туз’; мяркуецца, што першапачаткова з ням. Daus ‘двойка’ ў гульні ў косці з двума вочкамі, параўн. ід. tejz, tojz ‘туз’, потым назва перайшла на гульню ў карты < ст.-франц. daus, франц. deux < нар.-лац. duōs ‘два’, ‘двойка’ (Брукнер, 585; Фасмер, 4, 115; Арол, 4, 114; ЕСУМ, 5, 669).

Туз2 ‘вымова, спагнанне з бойкай’ (Нас.): даць туза́ ‘моцна пабіць, адлупцаваць’ (Некр. і Байк.), параўн. укр. туз ‘удар, штуршок’, рус. валаг. туз ‘моцны ўдар’ (СРНГ), польск. tuzy ‘удары’, ‘бойка, лупцоўка’, ‘шышка’, poszedł z nim w tuzy ‘ўзяліся за ілбы’. Дэвербатыў ад ту́заць (гл.), магчыма, другасна набліжаны да папярэдняга слова (‘ход тузом’?). Сюды ж туза́нікі ‘частыя спагнанні’, туза́нка ‘лаянка з бойкай’, туза́ла, туза́н ‘строгі чалавек, які любіць спаганяць’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́сціна ’праўда’ (ТСБМ, Бяльк.), ’пазыка без працэнтных нарашчэнняў або сума чыстага падатку без пені’ (Бяльк.), ’ісцінны, сапраўдны доўг’ (Шат.), истина ’чысты капітал’ (Шн., 2, 403), и́сцинна ’праўда’, ’сапраўдная колькасць чаго-н. узятага ці пазычанага’ (Нас.). Рус. и́стина ’праўда’, дыял. и́стинник ’наяўныя грошы, капітал’, ’першапачатковая сума крэдыту без працэнтаў’, укр. їстина ’капітал, асноўны капітал’, ’ісціна’ (Грынч.), польск. iścina ’сапраўднасць, сутнасць’, ’уласнасць’, ’наяўнасць’, чэш. jistina ’наяўнасць, капітал’, славац. istina ’тс’, славен. îstina ’праўда’, ’асноўны капітал’, серб.-харв. и̏стина ’праўда’, балг. и́стина ’тс’, макед. истина ’тс’. Ст.-слав. истина ’праўда, сапраўднасць’, ’дакладнасць’, ст.-рус. истина, истинна ’праўда’, ’сапраўднасць’, ’справядлівасць’, ’сапраўдная колькасць тавараў, грошай (без прыбытку)’, ст.-бел. истина ’праўда’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ina (Мейе, Études, 450–452) ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 242; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 472 (семантычны пераход ’правільнасць, праўда’ → ’рэч правільная, сапраўдная, істотная, галоўная, якая забяспечвае’; параўн. лац. capitalis ’галоўны’ — капітал); Шанскі, 2, I, 131 (запазычанне са ст.-слав.). Няма падстаў лічыць бел. слова запазычаным з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 34).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)