раскры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рассунуцца, расхінуцца, каб адкрыць, паказаць што‑н. Заслона раскрылася.

2. Вызваліцца ад таго, чым быў накрыты; стаць нічым не прыкрытым; агаліцца. Раскрыцца ў сне. □ [Урач] хацеў узяцца за прасціну, якой была ўкрыта пацыентка. Але яна яго апярэдзіла. Сама раскрылася да самых калень. Алешка. // Разваліцца, прадзіравіцца (пра страху). Але дома за гэтыя гады ўсё заняпала, раскрыўся хлеў, пабурылася ў хаце печ. Сачанка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца, раскласціся, распасцерціся (пра што‑н. складзенае). Парасон раскрыўся. Кніга раскрылася. □ Роўна на пятай секундзе, як гаварыў пасля інструктар, я тузануў за кольца. Над галавой раскрыўся парашут. «Маладосць». // Распусціцца (пра пупышкі). Набраклі, вось-вось раскрыюцца .. смолкія пупышкі на дрэвах. Мыслівец.

4. Адкрыцца (пра рот, вочы). І раптам затросся дзед Талаш. Вочы яго шырока раскрыліся, на твары адбіўся жах. Колас. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася. На Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць бачным, адкрыцца вачам. Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая палянка, вясёлая і прыветная. Колас. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Светлае жыццё раскрылася перад юнаком. □ У Расіі раскрыліся перад паэтам [А. Міцкевічам] новыя далі. Лойка.

6. Праявіць, выявіць сябе, сваю сутнасць. Вось тады і раскрыліся гаспадарчыя здольнасці Булая. Шыцік. Міхаіла Сярмяжку прызначылі брыгадзірам. І тут неўзабаве раскрыўся талент не толькі высокакваліфікаванага муляра, але і разумнага выхавацеля. Дадзіёмаў. // Адкрыцца, пакінуць гаіцца, расказаць аб сабе і сваіх думках, пачуццях. — Ты ведаеш, што ў кожнага чалавека ёсць патрэба абавязкова раскрыцца перад другім? Скрыган.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вядомым; выкрыцца. Злачынства раскрылася. Тайна раскрылася. □ Сцёпка прыкінуўся, што нічога не цяміць, .. і дзівіцца, што так скора раскрылася іх бязбожніцкая дзейнасць. Колас. Я пазнаёміўся з бацькамі, і сакрэт раскрыўся адразу. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шуме́ць 1, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць, рабіць шум ​1 (у 1 знач.). Мяккім маёвым лісцем шумяць бярозы. Мурашка. І шумяць над берагам Сосен гушчары, А ім адгукаюцца Нёмана бары. Русак. Дажджы растуць, шумяць над полем, Дзе я на ростанях стаю. Вярба. Варкасы зніклі. Неба пасвятлела. А мора ўсё спявала, усё шумела. А. Вольскі. На паперу становяцца самі Словы шчырыя песні тае, Што расла з маладымі садамі, Што шуміць у палях каласамі, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч. // Пра пачуццё цяжкасці, болю, кружэння ў галаве, якое ўзнікае ў выніку стомленасць хваробы, ап’янення і пад. Шуміць спавітая бінтамі галава... Брыль. / у безас. ужыв. Калі [Феня] выйшла з бальніцы, не адразу зразумела, у які бок трэба ісці дадому, шумела ў галаве. Арабей. Ліда задумалася. Шумела ў галаве. Федасеенка. Андрэйку душыць гарачыня, млеюць ногі ад стомы, пачынае шумець у галаве. Кавалёў.

2. перан. Весці жывую, актыўную дзейнасць, завіхацца; выказвацца з выпадку чаго‑н. [Настаўнік:] «І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма». Колас. — Нешта ціха ў вас сёння? — А чаго асабліва шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын. Лынькоў. // Працякаць, ісці, адбывацца вельмі ажыўлена, бурна. Пад блакітным агнём небасхіла Пустыром увесь край выглядае... Дзе шумела жыццё — там магіла, Толькі енкі... і плач не змаўкае... Чарот. Шумяць гарачыя дэбаты. Таўбін.

3. Лаяцца, сварыцца, крычаць; гучна, адкрыта выражаць сваю незадаволенасць. — Спакайней, спакайней. Разбяромся раніцай.. Чаго шумець? Лобан. — Едзь зараз жа, — п’яны ёлуп! — шумелі на .. [Яўгена] сваякі. Новікаў.

4. перан. Разм. Шмат гаварыць, абмяркоўваць што‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі да чаго‑н. — Аб ім [Сакольным] смела можна гаварыць і нават шумець. Кулакоўскі. Шумелі хлопцы: «Эх... шкада жанчыны!» І кожны Насту ратаваць быў рад. З. Астапенка. // Мець шырокую вядомасць, выклікаць шырокі інтарэс, прыцягваць агульную ўвагу да сябе. Справа шумела на ўвесь гарадок. Чорны. Смірніцкі расказваў неахвотна. — Увогуле, — заключыў ён, — «Медыцынскі работнік» шуміць. Шахавец.

шуме́ць 2, ‑міць; незак.

Узнімацца пенай; пеніцца. Піва шуміць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлях, ‑у, м.

1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей. Чорны. — Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях. Скрыган. Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе. Кірэенка. // Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка. Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок. Мурашка. // Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях... Колас. Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. В. Вольскі. // Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.

2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе. Шамякін. Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам. Даніленка. Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына. Брыль. // перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы. «Маладосць».

3. перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі... Маўр.

4. толькі мн. (шляхі́, о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.

5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель. Самуйлёнак.

6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху. Бядуля. А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны. Куляшоў. // перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму. Каваленка. Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту. Гіст. бел. сав. літ. // перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам. Гіст. бел. літ. мовы. Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой. Шахавец.

7. перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай. Брыль. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным. Шкраба. // Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім. Смагаровіч. Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках. Тармола. [Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху. Васілевіч.

8. перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі. Карпаў. Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны! Гілевіч.

•••

Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.

Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.

Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт. Лыч.

Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.

Жыццёвы шлях — жыццё.

Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).

На шляху да чаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.

Саступіць з (свайго) шляху гл. саступіць.

Стаць на шлях чаго, які гл. стаць.

Стаць (стаяць) на шляху чыім, у каго гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць. // Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак... Чарнышэвіч. У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу. Марціновіч. // Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.

2. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце. Колас. З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол. Корбан. // Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў. Бялевіч.

3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы... Прануза. [Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе. Мікуліч. Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты. Брыль. // Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае. Дубоўка.

4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны. Русак. Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду. Шамякін. // Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны. Купала. Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню. Васілевіч.

5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Савіцкі. Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар. Панчанка.

6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух? Колас.

7. у знач. наз. сардэ́чны, ‑ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю. Куляшоў.

•••

Сардэчная сарочка гл. сарочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труд1 ‘праца’ (неалагізм, Юрч. Сін.), ‘цяжкая праца’ (в.-дзв., шальч., люб., паст., ашм., Сл. ПЗБ), ‘праца, работа’ (Вруб.), ‘вялікі ўчынак’ (Некр. і Байк.), ‘пакуты, цярпенне, цяжкасці’ (Варл.; маладз., Янк. Мат.), труда́ ‘цяжкае становішча, цяжкасць, мука’ (Бяльк.), труды́ ‘вялікія намаганні’ (Юрч. СНЛ), ‘мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні’ (Барад.), ‘турботы, клопаты, намаганні’ (Скарбы), ‘пакута, цяжкасць’ (Сцяц.), ‘мука, нясцерпны боль’ (Гарэц.; шальч., мядз., Сл. ПЗБ), ‘цяжкая хвароба, вялікія мукі’ (Пан.), тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць да болю працай, хадой і да т. пад.’ (ТСБМ, ТС), ‘таміць, турбаваць’ (Ласт.), трудзі́цца ‘працаваць’ (мёрск., Нар. лекс., ТС), ‘цяжка працаваць’ (в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), ‘мучыцца, пакутаваць’ (Гарэц., Бяльк., Пан.; брасл., глыб., Сл. ПЗБ), ‘вельмі мучыцца ад фізічнага болю’ (Юрч. Сін.), ‘недаядаць’ (в.-дзв.), ‘вяліць, рыхтаваць тытунь для курэння’; ‘брадзіць (пра раствор)’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трудъ ‘работа, напружанне фізічных і разумовых сіл’, ‘вынік працы’, ‘пакута, цяжкасць’ (ГСБМ), ‘праца’, ‘стомленасць’, ‘бяда’, ‘праклён’ (Альтбаўэр), трудити ‘таміць работай’, ‘турбаваць, гнясці’, трудитися ‘цяжка працаваць’, ‘клапаціцца, турбавацца’, ‘пакутаваць, мучыцца’ (ГСБМ). Укр. труд ‘праца, работа’, рус. труд ‘цяжкая працяглая хвароба’, стараж.-рус. трудъ ‘запал, стараннасць’, ‘праца’, ‘клопат’, ‘пакуты’; ‘хвароба’, ‘гора, скруха, смутак’, польск. trud ‘цяжкая праца, вялікія намаганні’, ‘утома, змора’, ст.-польск. trud ‘мука, пакута’, ‘страта сіл’, каш. trud ‘намаганне, напружанне’, чэш. trud ‘напружанне, цяжкасць’, ‘клопат’, ст.-чэш. ‘тс’, ‘катаржная праца’, ‘пакута, мука’, ‘мучэнне’; славац. trud ‘сум’, ‘цяжкая праца’ (у апошнім значэнні запазычана з рускай мовы, гл. Махэк₂, 654), славен. trûd ‘праца, стараннасць’, харв. trûd, серб. труд ‘праца, намаганне, старанне’, макед. труд ‘тс’, ‘праца (дзейнасць)’, ‘праца (твор)’, балг. ‘праца, намаганне, вынік працы’, ст.-слав. троудъ ‘пакуты, мука, намаганні’, ‘барацьба’. Прасл. *trudъ ‘намаганне, цяжкая праца’ — роднаснае літ. triū̃sas ‘праца, клопаты’, triū̃sti ‘рабіць карпатлівую працу’, ‘завіхацца каля дома, па гаспадарцы’, лат. traûds ‘крохкі’, с.-в.-ням. drôʒ ‘цяжар, груз, бярэмя’, ‘прыкрасць, непрыемнасць’, лац. trūdere ‘ўдараць, піхаць, прымушаючы гнаць, штурхаць’, ірл. trot (< *trudno‑) ‘спрэчка’, што да і.-е. *tr‑eu̯‑d‑ ‘церці, расціраць, мяць, ціснуць’ < *ter‑/*tr‑ ‘церці’. Мяркуецца, што пачатковым значэннем у прасл. trudъ было ‘цяжкая ноша, цяжар’ (Фасмер, 4, 107–108; Брукнер, 575; Махэк₂, 654; Скок, 3, 514; Чарных, 2, 266; Сной₂, 789; ЕСУМ, 5, 654–655). Сюды ж вытворныя трудавы́ ‘які вымагае працы’, ‘зароблены працай’ (Нас.), трудава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (Нас.), ‘цяжка раджаць, мучыцца пры родах’ (ігн., Сл. ПЗБ), трудові́к ‘працаўнік’ (столін., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трудлі́вы ‘тс’ (Ян.), трудаві́ты ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ), трудава́нне ‘намаганне’, ‘цярпенне пры хваробе’ (Нас.).

Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел. трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус. смал. труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус. трудъ ‘немач, хвароба’, польск. trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск. trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж. trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш. trud ‘вугор, прышч’, славен. trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв. чак. trûdi ‘гемарой’, серб. тру̂д ‘розныя хваробы’, макед. дыял. тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав. трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл. *trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ. trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч. τερηδών ‘шашаль, дрэваед’, уэл. trwyddo ‘вярцець’ < і.-е. *tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац. laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбі́ць, адаб’ю, адаб’еш, адаб’е; адаб’ём, адаб’яце; зак., каго-што.

1. Ударамі адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць (частку цэлага або што‑н. прымацаванае). [Крамарэвіч] падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Чорны. Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правуюруку. Брыль. // Адкрыць, адчыніць што‑н. забітае. Адбіць дзверы, дошку.

2. Сустрэчным ударам адкінуць. Праходзіла мінута за мінутай, а мне ўсё не ўдавалася адбіць яшчэ ніводнага мяча. Карпюк. // Паспяхова абараняючыся, прымусіць адступіць; аказваючы моцнае супраціўленне, спыніць (напад, атаку і пад.). Праз некалькі хвілін Арсен быў ужо ў артылерыстаў, перад якімі стаяла задача адбіць наступленне варожых танкаў. Кавалёў. Сталі радзіцца [звяры], Як быць, Як напад ваўка адбіць. Калачынскі. // перан. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх. Бальшавікі адбілі ўсе атакі праціўнікаў, якія спрабавалі раззброіць расійскі пралетарыят. «Звязда».

3. Сілаю, з боем адабраць каго‑, што‑н., вярнуць захопленае. Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Гарэцкі. Мы раніцой адбілі гэту вёску. Панчанка.

4. Разм. Прывабіць, прыцягнуць да сябе, выклікаць любоў да сябе, прымусіўшы аддаліцца ад другога. [Жлукта:] Гэты палкі юнак хоча адбіць у мяне маю жонку. Крапіва. // Аддаліць, адхіліць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. або каго‑н. Адбіць пакупнікоў.

5. Прымусіць баяцца што‑н. рабіць, знішчыць, адабраць (ахвоту, жаданне, памяць і пад.). [Прыстром] хацеў давесці Дзерашу больш яскрава беззаганнасць сваёй тэорыі, сваіх думак, раз назаўсёды адбіць у таго ахвоту спрачацца. Шынклер. Можа гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў .. [Аўдоцці] памяць, замутнілі розум? Мележ.

6. Адкінуць у адваротным кірунку (прамені, гук і пад.).

7. Адлюстраваць што‑н. на сваёй гладкай, бліскучай паверхні. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Алеся, бедная Алеся, Краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах. Трус. // Адлюстраваць у вобразах, паняццях; выказаць.

8. Выявіць, даць вонкавае праяўленне (пачуццям, стану і пад.).

9. Выстукаць рытмічнымі ўдарамі. Другі [хлопец], у сіняй кашулі з вышытым каўняром, сарваўся б з месца, адбіў бы чачотку. Васілёнак. // Адзначыць ударамі, звонам. Гадзіннік адбіў дванаццаць. // Перадаць па тэлеграфе. [Маргарыта:] — Яе думала, што.. [Барыс] не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Скрыган.

10. Ударам (ударамі) пашкодзіць што‑н., зрабіць балючым. Яшчэ і дагэтуль усе ў вёсцы памяталі, як.. [Грамабой] адбіў печані Сідараваму хлапцу, калі той незнарок упусціў карову ў Грамабоеву віку. Крапіва.

11. Завастрыць лязо касы, б’ючы малатком.

12. Аддзяліць, перагарадзіўшы. Гэтаму сталу ўжо і месца падрыхтавалі: высокай фанернай фарбаванай шырмай адбілі кавалак пакоя з акном і дзвярыма проста ў калідор. Чорны. // Абмераўшы, выдзеліць участак чаго‑н. Усім хацелася на свае вочы бачыць, што робіцца, дзе каму які ўчастак адаб’юць. Галавач.

13. Правесці лінію ударам вяроўкі або шнура. // Паставіць кляймо.

14. Пабіць (расліны, пасевы). Град адбіў жыта.

•••

Глузды адбіць — пабоямі пашкодзіць разумовую дзейнасць каго‑н.

Ногі адбіць (збіць, набіць) — моцна натаміць ногі, доўга ходзячы. Дзед Тодар здрыгануўся, ступіў да стала: — Нічога не прыдумаеш. Вілія і пад лёдам шалёная... Ногі мы адбілі, цэлыя суткі не прысеўшы. Пташнікаў.

Адбіць паклон — пакланіцца. [Бабка] закончыла нарэшце сваю малітву і адбіла апошні паклон. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)