пан, ‑а, м.

1. Уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах). Быў у адным маёнтку такі ліхі пан.. Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго на смерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў. Якімовіч.

2. Асоба, якая належыць да прывілеяваных (чыноўных, арыстакратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі. Сюды, на ўлонне бароў і палян, Калісь прыязджаў з-за паўсвету Красой любавацца вяльможнейшы пан. Арочка. І я ўявіў і спевака, і сцэну, і залу, дзе не знатныя паны сабраліся, а людзі, што сумленна жадаюць жыць, без крыўды, без маны. А. Вольскі.

3. Асоба, якая карыстаецца ўладай у адносінах да залежных ад яе людзей. Выходзяць на поле плугі, Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

4. Разм. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, імкнецца набыць звычкі, уласцівыя пану. [Бацька:] — Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Навуменка.

5. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме пане). Разм. Форма ветлівага звароту або ўпамінання асобы, якая належала да прывілеяваных слаёў грамадства. [Стары:] — Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Лынькоў. [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч. // У наш час — форма ветлівага звароту да афіцыйных прадстаўнікоў або грамадзян іншых краін. Паважаныя дамы і паны!

•••

Сам сабе пан гл. сам.

[Чэшск. pan.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Нягладкі, з упадзінамі і ўзвышшамі. Дарога была няроўная, з каляінамі, Варавіцкі ледзь выкручваў машыну паміж імі. Лобан. Месца тут няроўнае — то высокая гара, то глыбокая нізіна. Шамякін.

2. Размешчаны не па прамой лініі; крывы. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Гартны.

3. Неаднолькавы па велічыні, памерах, якасці, умовах і пад. з кім‑, чым‑н. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка.

4. Нераўнамерны ў працэсе дзеяння; перарывісты, з перабоямі. Няроўны пульс. Няроўнае дыханне. □ Калі-нікалі халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі. Мележ. [Газоўка] кідала няроўнае, трапяткое святло на сцены з бярвенняў, між якіх тырчаў сухі.. мох. Васілеўская.

5. перан. Неўраўнаважаны; няўстойлівы. Няроўны характар.

6. перан. Не заўсёды аднолькавы, з лепшымі і горшымі часткамі (пра стыль).

7. Такі, у якім прымаюць удзел неаднолькавыя ў якіх‑н. адносінах бакі. Весці няроўны бой. □ Аб .. падзеях [у Іспаніі] пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася дапамагчы тады іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Лынькоў. І жнівеньскім ранкам У сорак другім Змаганне няроўнае Выпала ім. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць і прасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; зак.

1. Правесці які‑н. час седзячы. Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок і праседзеў з паўгадзіны на адкосе. Чорны. Так і праседзеў галодны чалавек на лаўцы, пакуль сям’я абедала. Чыгрынаў. Надзя амаль усю, ноч моўчкі прасядзела на саломе, прыхінуўшыся да сцяны. М. Ткачоў. // Правесці нейкі час, седзячы за якой‑н. работай, займаючыся чым‑н. Над той кніжкай Барашкін праседзеў да глыбокай ночы. Савіцкі. [Хвядос:] — А як жа! І дзед і бацька мой на рацэ праседзелі. А я ў гэту вайну ўвесь партызанскі атрад рыбай карміў. Парахневіч. Зубок прасядзела да позняга вечара і дапамагла Вераб’ёвай напісаць вялікі, з цікавымі фактамі артыкул. Кавалёў. // Прабыць дзе‑н., які‑н. час, адбываючы пакаранне. Другіх караюць, але не больш, як на той тэрмін, што абвінавачаныя праседзелі да суда. Машара. Косцю нехта гаварыў, што Бубновіч пры панскай Польшчы праседзела некалькі год у турме за падпольную работу. Карпюк. Паўлоўскі прасядзеў пад арыштам да глыбокай зімы. Чорны.

2. Разм. Правучыцца ў школе або іншай навучальнай установе больш устаноўленага тэрміну, застаючыся на другі год. У шостым класе Валя прасядзела два гады. Васілевіч.

3. Разм. Працерці ці праціснуць працяглым сядзеннем. Праседзець штаны. Праседзець канапу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шляхам прыбівання цвікамі.

2. Прыгнуцца, прыціснуцца да зямлі (ветрам, дажджом і пад.). Пастрашыць, пырсне [дождж] раз ці два, Што не здаволіцца трава, Што не прыб’ецца нават пыл. Лужанін.

3. Плывучы, прыстаць, наблізіцца да чаго‑н., спыніцца каля чаго‑н. Мы прыбіліся к берагу, і лодка пайшла шпарчэй. Масарэнка. // Разм. Доўга ідучы, блукаючы, дабрацца, прыйсці куды‑н. — [Алёшка] уцёк і адзін начаваў у лесе: заблудзіўся, і не мог вярнуцца назад. Раніцай прыбіўся да лесніка. Якімовіч. У эшалонах ехалі і так, .. як жабракі, па людзях карміліся, каб хаця як назад прыбіцца. Галавач.

4. перан. Далучыцца, прыстаць да каго‑, чаго‑н. Полк ноччу знаўся, і яны прыбіліся да вайсковай часці. Навуменка. Праз некалькі дзён я прыбіўся да невялікай групы такіх жа, як сам, уцекачоў. Сачанка. У вайну прыбіўся ў нашу глухую тады вёску нейкі акружэнец з Волагды. Кулакоўскі. Прыбіўся [Іван Крот] да іх у атрад аднекуль з Хартыніцкіх хутароў. Місько.

5. Разм. Пабіцца; ударыцца. [Цясляр:] — Наша дзіця прыбілася, а яны тут пра нейкае чужое дабро. Чорны.

6. Абл. Падбіцца, натаміцца. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, .., з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. Быкаў.

•••

Прыбіцца да берага — тое, што і прыстаць да берага (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́снуць, ‑цісну, ‑ціснеш, ‑цісне; зак.

1. што. Сціснуць (чыю‑н. руку, пальцы, локаць і пад.) у знак прывітання, удзячнасці або на развітанне. [Сцёпка] няспрытна падаў руку, а яна [Аленка] так слаўна, па-прыяцельску паціснула і патрэсла яе. Колас. Рамір узяў яе пальцы ў свае, удзячна паціснуў іх. Асіпенка.

2. што і на што. Налегчы цяжарам; націснуць. Чалавек .. паціснуў бокам ці плечуком на грошы і ўціснуў іх у спарахнелы пласт моху. Чорны. Цёця ўстала і паціснула пальцам уключа[льнік]. Брыль.

3. Разм. Рушыць, пайсці. Сяляне, зліўшыся ў .. грамаду, павольна паціснулі да каморніка. Колас. [Рыгор] набраў поўныя пляшкі крынічнай вады і паціснуў у лес. Ваданосаў.

4. Увабрацца ў сілу, памацнець. Нанач яшчэ больш паціснуў мароз. Пташнікаў. У канцы лістапада, пасля зацяжных дажджоў, паціснулі маразы. Жук.

5. каго-што і без дап. Наступаючы, прымусіць адступіць, адысці. — Адтуль, — і Антось паказаў на ўсход, — маецца заданне. У гэту ноч раніцай, зрабіць тут на .. [белапалякаў] налёт. Наступ іх затрымаць.. А на фронце ў гэты час бальшавікі паціснуць. Нікановіч.

6. што. Разм. Пасунуўшы, наблізіць да чаго‑н. [Волька] пераставіла столік, паціснула да шафы крэслы. Скрыган.

7. Ціснуць некаторы час.

•••

Паціснуць плячамі (плячыма) — зрабіць рух плячамі ў знак няведання, неразумення, здзіўлення і пад. — Скажыце, вас напэўна падвысяць па службе? — Прыстаў, яшчэ малады і даволі просты чалавек, паціснуў плячамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пекану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

Разм.

1. каго, каму і без дап. Параніць, прычыніць боль чым‑н. распаленым, жыгучым. Пекануць агнём. Пекануць крапівой. □ Не паспеў я і вокам міргнуць, як адна аса пеканула мяне проста ў брыво. Якімовіч. // Абдаць жарам; прыпячы. У твар .. [Арсену] пеканула чырвань ці то ад злосці, ці то ад сораму. Сабаленка. // перан. Імгненна ўзрушыць чым‑н. Пекануць позіркам. □ [Леапольд Гушка] адвык думаць пра ватага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Чорны.

2. каго і без дап. Моцна выцяць, агрэць. Пекануць бізуном па спіне.

3. Востра, моцна пранізаць, адчуцца (пра боль). Паспрабаваў падняцца і не здолеў — у левай назе пекануў боль. Шамякін. // безас. Пра адчуванне вострага, нясцерпнага болю. — У левы локаць так пеканула, што думалася — рука адляцела. Алешка.

4. Выстраліць; пальнуць. Быццам па ваўках, дзед звыкла Пекануў з драбавіка. Астрэйка. Я спыніўся, паглядаючы на шарака і падумаў: а што калі зайсці з боку кустоў ды адтуль пекануць касому. Ляўданскі.

5. перан.; што і без дап. Сказаць рэзка, прама што‑н. непрыемнае, непажаданае; упікнуць; абразіць. — А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём. Пальчэўскі. А раўнаваў Косця Гену да справы. І гаварыў яму ў вочы, што думаў. Па праву партызанскай дэмакратыі. Сёння — там, у сямейным лагеры, — таксама пекануў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыт, ‑у, М спрыце, м.

1. Дасканаласць, умельства. [Хлопцы] абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. Кулакоўскі.

2. Фізічная лоўкасць, паваротлівасць; хуткасць у рухах. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было лёгка і зручна, усе трое [Хоня, Міканор і Алёша] як бы хвалілася спрытам адзін перад адным. Мележ. Ведай — лесаруба цяжкая работа. Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. [Станіслаў] паставіў чамаданы і, са спрытам юнака пераскочыўшы плот, падбег да грушы. Скрыпка. // Уменне, майстэрства (у якой‑н. галіне). Так майстар, вопытам багаты, І спрыт і веды ўсе свае У школе хлопцам і дзяўчатам Для славы іх перадае. Астрэйка. Раённыя кіраўнікі заўважылі гаспадарскі спрыт Пракопа Касянка, і райком партыі вырашыў пусціць яго на павышэнне. Сабаленка. [Язэп] заўважыў, што Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Бядуля. // Здатнасць, схільнасць да чаго‑н. На рыбу .. [дзядзька] меў нейкі асаблівы спрыт. С. Александровіч. [Падлоўчы] ўспамінаў .. свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.

3. Абаротлівасць, уменне ўладжваць справы; здольнасць знаходзіць выхад з любога становішча. Там, дзе не хапае ведаў, выратоўвае спрыт напалам з нахабствам. Лобан. — Ну хто б падумаў, што столькі здагадлівасці і спрыту можа быць у школьніка, — пазіраючы на Косціка, гаварыла Наста. Пальчэўскі. Патрэбна шмат поту і спрыту, Каб цэнты на хлеб наскрабці. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. — А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.

2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.

3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.

4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыць і сты́нуць, стыну, стынеш, стыне; пр. стыў, ‑ла; незак.

1. Станавіцца халодным, трацячы, аддаючы цяпло, астываць. Чай стыне. □ [Валя] праверыла юшку, падышла да стала, дзе даўно стыла амаль не кранутая вячэра. Шамякін. Шуміць трава па пояс, Ля рэек стыне шлак. Юнацтва — скоры поезд. А сталасць — таварняк. Гаўрусёў.

2. Мерзнуць, замярзаць на холадзе. Пад кажух забіраўся холад, стылі рукі ў рукавіцах. Лупсякоў. Згорбілася на спіне паддзёўка, і .. [Андрэй] пачуў, што ў яго мокрыя плечы: пачынаюць стыць. Пташнікаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. Там ён, абліты вадой ледзяною, К сэрцу рукою білет прыціскаў, Быццам білет пад сцюдзёнай вадою Сэрцу юнацкаму стыць не даваў. Куляшоў. // Траціць на момант здольнасць рухацца, камянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Я і цяпер яшчэ ад жаху стыну, Хоць і не ўспомню, у каторы век, Ад зайздрасці разгневаны, дубіну Падняў на чалавека чалавек. Грахоўскі. На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка. Зарэцкі. Да вачэй фартух падносіць маці, Стыне ў горле і ў мяне сляза. Астрэйка.

3. перан. Сціскацца на момант ад чаго‑н., заміраць (пра сэрца). І стыне сэрца ў горкай скрусе. Адразу дзень цямнейшым стаў. Дайнека. Ад жаху вабнага салодка сэрца стыне Каля віроў і шчупаковых ям. Грачанікаў.

•••

Кроў стыне (у жылах) гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)