стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́, стая́ць; стой; незак.

1. Знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца.

С. пад страхой.

С. бокам.

Кветкі с. у вазе.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць пастаўленым, знаходзіцца дзе-н.

Хата стаіць наводшыбе.

Школа стаяла на ўзгорку.

Талеркі стаяць на стале.

3. Быць, знаходзіцца, займаючы якое-н. становішча, выконваючы якую-н. работу, абавязкі.

С. на чале завода.

С. на варце інтарэсаў народа.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Не працаваць, не дзейнічаць (пра прадпрыемства, механізмы і пад.).

Фабрыка стаяла цэлы квартал.

Гадзіннік стаяў.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць, знаходзіцца, мець месца.

Вечарамі стаіць цішыня.

Стаяла глыбокая ноч.

Зіма стаяла марозная.

У дзённіку стаіць пяцёрка.

На пасылцы стаяла ўчарашняя дата.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні.

Перад дэпутатамі стаяць пачэсныя задачы.

Стаіць пытанне аб укараненні новага абсталявання.

7. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе-н.

У вёсцы стаяў гарнізон.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, вытрымліваць націск.

Горад мужна стаяў да апошняга.

9. перан., за каго-што. Дзейнічаць у чыіх-н. інтарэсах, змагацца на чыім-н. баку, абараняць каго-, што-н.

С. за мірнае вырашэнне праблем.

С. гарой за сяброў.

10. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра думкі, уяўленні і пад.).

Вобраз героя стаіць у галаве.

11. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не псавацца, захоўвацца.

Варэнне будзе с. доўга.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Трымацца на якім-н. узроўні; займаць якое-н. становішча.

Вада стаіць на адным узроўні.

Стрэлкі гадзінніка стаялі на сямі.

13. стой(це), ужыв. таксама:

1) у знач. пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся);

2) як выражэнне нязгоды, здзіўлення, прыпамінання чаго-н.

Стойце, трэба лепш абмеркаваць!

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Як стой (як стаіць) (разм.) —

1) вельмі хутка; адразу;

2) без нічога, без рэчаў.

|| зак. пастая́ць, -таю́, -таі́ш, -таі́ць; -таі́м, -таіце́, -тая́ць; -то́й (да 9 знач.).

|| наз. стая́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

насі́ць, нашу́, но́сіш, но́сіць; но́шаны; незак.

1. каго-што. Тое, што і несці¹ (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час.

Н. бульбу ў склеп.

Н. дзіця на руках.

2. што. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе.

Н. светлыя сукенкі.

Н. акуляры.

Н. бараду.

3. што. Трымаць, мець заўсёды пры сабе.

Н. пашпарт у кішэні.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.).

Вецер носіць лісце.

5. што. Мець якое-н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад.

Н. прозвішча мужа.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець адзнакі чаго-н., характарызавацца чым-н.

Спрэчка насіла востры характар.

7. перан., што. Утрымліваць у сабе; адчуваць што-н., думаць пра што-н.

Н. надзею на выздараўленне.

8. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»), каго (што). Быць цяжарнай.

Н. дзіця пад сэрцам.

9. што. Трымаць у нейкім становішчы.

Н. руку на павязцы.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол).

Жывуць пчолкі і мядок носяць.

11. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець адзнакі, характэрныя рысы чаго-н., якога-н. часу.

Будынак носіць сляды грэчаскай архітэктуры.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець якую-н. прысвоеную назву, імя якога-н. дзеяча.

Мінскі педуніверсітэт носіць імя Максіма Танка.

13. што. Адлюстроўваць пэўны ўнутраны стан.

Бледны твар яго заўсёды насіў выраз разгубленасці.

Да пары збан ваду носіць (разм.) — усё мае свой час.

Дзе цябе (вас) бог носіць? (разм., жарт.) — здзіўленне пры сустрэчы, калі доўга не бачыліся.

За плячамі не насіць (разм.) — аб чым-н. такім, што не абцяжарвае.

Насіць на руках каго (разм.) — надта песціць каго-н.; балаваць.

|| наз. нашэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ка́длуб ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва, выдзеўбанага ўнутры’ (Гарб.), калдуб ’бочка з калоды для мёду’ (іўеў., З нар. сл.), калдубаначка ’маленькая дзежка з клёпак’ (глыб., З нар. сл.). Апошнія — метатэза з кадлуб, кадлубаначка. Усе адзначаныя словы з’яўляюцца па фармальных адзнаках паланізмамі, што пацвярджаецца яшчэ і семантычным крытэрыем, паколькі значэнне ’тулава’, характэрнае для польскай мовы, не зафіксавана ў бел., гл. аб усх.-слав. форме і значэннях пад кадоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабо́й ’усё з прыносаў, з прычындалля’ (Песні матчыны з Вушаччыны [у зап. Р. Барадуліна] // Полымя. 2000. № 10. С. 166). Параўн. макед. ро́бој ’частка кроснаў’. Няяснае слова. Наўрад ці звязана з рум. răboj ’палачка з нарэзкамі’, што параўноўваюць з чэш. rabuša ’расколатая на дзве часткі палачка, на якой зарэзамі адзначалі даўгі і пад.’, серб. ра̑бош, харв. rȃboš ’тс’, балг. рабо́ш ’тс’, польск. rowaś і інш. (гл. Махэк₂, 503; Скок, 3, 161).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́ра 1, ‑ы, ж.

1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. □ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Колас. // Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай. // Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. // Разм. Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. Брыль.

2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара. Кулакоўскі. Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук. // Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым‑н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць. Броўка. На экране танцавала балетная пара. Шамякін. // Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету. Крапіва. // Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.

3. у знач. прысл. па́рамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.

4. у знач. вык., каму (звычайна з адмоўем). Разм. Пра таго, хто адпавядае каму‑н. па якіх‑н. якасцях, у якіх‑н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік. Колас.

5. Разм. Два прадметы, дзве штукі чаго‑н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят. Крапіва.

6. Разм. Невялікая колькасць чаго‑н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава]. Самуйлёнак. [Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай]. Марціновіч.

•••

Пара сіл (спец.) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.

На пару; у пары з кім — разам, удваіх з кім‑н.

па́ра 2, ‑ы, ж.

Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі. Асіпенка. На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца. Корбан. // Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго‑н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай. Лынькоў. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін. // Разм. Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць. Прымаўка.

•••

Мятая пара (спец.) — адпрацаваная пара ў машынах.

З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.

Паддаць пары гл. паддаць.

Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).

пара́, ы́; мн. по́ры (з ліч. 2, 3, 4 пары́), пор і по́раў; ж.

1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой. Танк. А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае. Няхай. Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці. Грамовіч. // Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася. Васілёнак. // Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Пра які‑н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. Васілёнак. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара. Муравейка. З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры. Астрэйка. // Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.

2. у знач. вык. Настаў час для чаго‑н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег. Колас. Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Шамякін.

•••

Без пары — рана, дачасна.

Да гэтай пары — да гэтага часу.

Да пары да часу — пакуль што.

З той парыз таго часу, моманту.

Каторая пара — вельмі позна.

Не ў пару — не ў час, недарэчы.

У пару — у час, своечасова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ршаўлі мн. л. ’грузды’ (Сцяшк. Сл.). Імаверна, роднаснае да порхаўка (гл.), звязанае з порхлы ’рассыпісты’ ці з іншымі значэннямі слоў з аднаго гнязда з коранем порх‑ / поре-, такімі, як ’сыпаць, кідаць’, ’прарастаць’, ’выскокваць’, ’даваць парасткі’, ’лушчыцца’, параўн. рус. дыял. поршни ’высыпка прышчоў на твары’, чэш. дыял. perša ’рабацінне’ (Мяркулава, Этимология—1970, 154). Магчыма, балтызм, параўн. літ. purslas ’пеністая сліна, pursti ’разбухаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́хлапні ’моцныя, густа сплеценыя лапці з анучамі да кален’ (Сержп., Отч., 5; паўн.-усх., КЭС). Да пахлапень (гл.), паводле тыповай мадэлі, параўн. пыхрясьні ’прыгожыя лыкавыя лапці’, шчарбаты ’лапці, якія складаліся толькі з падэшвы’ і пад. Падрабязней пра назвы абутку гл. Мацкевіч, Грынавяцкене, БЛ, 43, 3–19, а таксама Вахрас, Наим. об., 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прачы́стая, прачы́ста ’Багародзіца; свята Раства Божай Маці’ (Нас., Сл. ПЗБ), заўтра прочыста, шоб у хаце было чысто (ТС, пад чысто); прачы́сцянка (пречистенка) ’тс’ (Нас.). З ц.-слав., ст.-слав. прѣчистъ, з прѣ‑ (гл. пера-) і чистъ (гл. чысты), першапачаткова ’нявінная, беззаганная’, прэфікс пра- (< *per‑) перадае высокую меру якасці, гл. ESJSt, 12, 703.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэпе́й абрад, ’галінка (хвоі, упрыгожаная кветкамі)’ (Мат. Гом.). Магчыма, пад уплывам рус. репе́й адбыўся семантычны перанос ’калючы дзядоўнік’ > ’калючая галінка хвоі’. Але калі гаворка пра вясельны абрад, у час якога каравай упрыгожвалі “шышкамі” — абкручанымі цестам і запечанымі галінкамі з двума і трыма парасткамі, тады можна суаднесці з в.-луж. repuch ’развілістая галіна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́лак ‘жэрдка, якая кладзецца на кроквы ўверсе ўздоўж хаты’, ‘шасток (каля печы)’ (Сцяшк.; гродз., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ). Польск. дыял. smołak ‘адна з дзвюх жэрдак, якія падкладваюцца пад саху для перавозкі замест колаў’. Гл. сволак ‘тс’, хутчэй за ўсё, другасна збліжанае з смала1, гл. Варш. сл., 6, 244. Гл. таксама асмолак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)