пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасава́ць 1, ‑суе; незак.
Падыходзіць, адпавядаць каму‑, чаму‑н. Голас .. [Любы] быў пявучы і таксама, як і твар, страшэнна не пасаваў да ўсяго яе выгляду. Чорны. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята. Чарнышэвіч. Тонкія рысы твару неяк не пасавала да такога дужага асілка, якім быў Андрэй. Ваданосаў.
пасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.
Перадаваць адзін другому мяч, шайбу і пад. у спартыўнай гульні. Дзеці забаўляліся каля гімнастычнага гарадка, пасавалі мяч. Беразняк. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася. Савіцкі.
[Ад англ. pass — перадаваць.]
пасава́ць 3, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
1. Пры гульні ў карты адмовіцца ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.
2. перан.; перад кім-чым і без дап. Прызнаваць сябе бяссільным перад чым‑н.; здавацца. Я не хацеў пасаваць перад братам і, хаця абліваўся ўвесь потам, аж прыгнуўся — стараўся захапіць як мага шырэйшы пракос. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паслу́га, ‑і, ДМ ‑лузе, ж.
1. Дзеянне, учынак, які прыносіць карысць, дапамогу каму‑н. Сяброўская паслуга. Прапанаваць свае паслугі. □ І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку. Колас. Сяброўкі хацелі ўхутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч. Кладучыся, .. [Карызна] заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Паслугу ўсе прымаюць, ды часта яе забываюць. Прыказка.
2. толькі мн. (паслу́гі, ‑слуг). Работа, што выконваецца для задавальнення чыіх‑н. патрэб. — Разведчыца з’явілася са сваімі паслугамі да Рыбіна сама. Пестрак. Чалавек для паслуг яму [Ліндэ] быў патрэбны. Бядуля. // Гаспадарча-бытавыя або іншыя выгоды. Камунальныя паслугі. Паслугі бібліятэк.
•••
Бюро добрых паслуг гл. бюро.
Да вашых (тваіх) паслуг — выражэнне ветлівасці, якое паказвае гатоўнасць да чаго‑н.
Да яго (нашых, іх і пад.) паслуг — хто (што) можа быць у чыім‑н. распараджэнне.
Мядзведжая паслуга — няўмелая паслуга, якая замест дапамогі прыносіць цяжкасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пасох, ‑ла; зак.
1. Зрабіцца, стаць сухім, страціўшы вільгаць; высахнуць. Бялізна пасохла. □ — Снедай, — сказала .. [Вілю] маці, — а то аладкі ў печы зусім пасохнуць. Чарнышэвіч. Дзе ўшчэнт пасохла Зямля без жывых расін, Засмягла і стала [в]охрай Лісце лясных раслін. Калачынскі. Усцяж вады лужок быў стаптаны скацінай, людзьмі, птушкамі, пабурэў за лета, пасох. Карамазаў. // Перасохнуць (пра вусны). Твар рэдактара быў памяты, пад вокам сіняк, губы пасохлі. Гурскі. // Выпарыцца, знікнуць (пра вадкасць). Лужыны пасохлі. □ Ён [амерыканскі салдат] цешыцца! Кладзе свой брудны след На той зямлі, дзе не пасохла кроў яшчэ. Панчанка.
2. Звянуць, засохнуць ад неспрыяльных умоў — пра ўсё, многае. Дваццаць пяць дзён дажджу не было, Дваццаць пяць дзён не было расы, Дваццаць пяць дзён панаваў спалох: Жыта пасохла, згарэлі аўсы. Хведаровіч. Навалам ляжала вялікае каменне. Яго панакідана так густа, што багата якія дрэўцы, заціснутыя паміж імі, пасохлі. М. Стральцоў.
3. Разм. Схуднець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.
4. Сохнуць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасярэ́дзіне, прысл. і прыназ.
1. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, на аднолькавай адлегласці ад аднаго і другога краю. Школьная святліца здалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і не смеў ступіць далей. Колас. Па шырокім асфальце ішла прыгожая, хораша адзетая пара. Упоравень адно з адным, а пасярэдзіне сын. Кулакоўскі. У хаце пуста і няўтульна. Пасярэдзіне чорная печка. Асіпенка. З краёў балота зарасло альшэўнікам і лазой, а пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярэдзіне» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца або прасторы, у сярэдзіне ці ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Пасярэдзіне мястэчка, збоку рыначнай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Брыль. Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка. Колас. Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым напоеным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Схаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Пахавайце вуды, стрэлы, лукі, Прыступіце, дзеці, да навукі. Колас. Хлопцы адразу пахавалі якаркі па кішэнях. Шчарбатаў.
пахава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Закапаць нябожчыка ў зямлю. Толькі позна ноччу жанчыны сілком адабралі ў .. [Ірыны] дзіця, абмылі яго, прыбралі, палажылі на стол. Раніцай, спяшаючыся, пахавалі на могілках. Лынькоў. // Страціць каго‑н. у выніку смерці. [Ганна] пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў свет... Гартны. // Палічыць каго‑н. памёршым, загінуўшым. Жарты — вярнуўся сын, якога яны шаснаццаць год назад пахавалі і аплакалі... Васілевіч. // Засыпаўшы, абваліўшыся, пазбавіць магчымасці выйсці адкуль‑н. [Самалёты] скінулі бомбы на жылыя кварталы і пад абломкамі пахавалі шмат людзей. Гурскі.
2. перан. Забыць што‑н., адмовіцца ад якой‑н. думкі, ідэі і пад. [Саханюк:] — Слухайце, калега; зойдзем на мінутку да мяне! [Лабановіч:] — Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён — фальшывы. Колас. Толькі я вянкоў на хвалях штосьці не прыкмеціў. Мусіць, хвалі пахавалі звычаі старыя. Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
правалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. Упасці ў якую‑н. яму. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. // Упасці куды‑н., праламаўшы паверхню ўласным цяжарам. Лёд праламаўся, .. [Міхал Тварыцкі] праваліўся па пояс у ваду. Чорны.
2. Абрушыцца, абваліцца; праламацца пад цяжарам. На ганку правалілася масніца... Мележ. У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. Колас.
3. Стаць упалымі, уваліцца (пра вочы, шчокі). У пакой зайшоў Мяснікоў. Стомлены, — відаць, ён увесь час недасыпаў — праваліліся вочы, пахудзеў. Гурскі.
4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. Планы праваліліся. // Быць раскрытым (пра падпольшчыкаў, падпольную арганізацыю). [Бачароў:] — Вядома, гарантыі даць не магу, але з палкоўнікам многія трымаюць сувязь і ніхто яшчэ не праваліўся. Новікаў. // Атрымаць нездавальняючую адзнаку на экзамене. Неўзабаве пасля вайны Вера паступала ў медыцынскі інстытут і правалілася на ўступных экзаменах. Дуброўскі.
•••
Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.
Праваліцца мне скрозь зямлю — клятвеннае запэўненне ў чым‑н.
Як скрозь зямлю праваліўся — нечакана, бясследна знік, прапаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прабыць які‑н. час, трымаючыся за што‑н. Пратрымацца за поручні.
2. Захавацца, не змяніцца на працягу якога‑н. часу. Вось пратрымалася сухмень дзён дзесяць, і лісце на бярозцы пачало жаўцець. Гаўрылкін.
3. Не адступіць, не здацца, утрымаць пазіцыі на працягу якога‑н. часу. Пратрымацца на ўмацаванай пазіцыі. □ Злучэнне пратрымалася да прыцемак. М. Ткачоў.
4. Вытрымаць, устаяць (перад якімі‑н. цяжкасцямі) на працягу якога‑н. часу, да якога‑н. тэрміну. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Бураўкін. // Разм. Пражыць. — Жыццё цяпер не тое, дый ты яшчэ, можа, не адзін год пратрымаешся, калі даглядаць. Лупсякоў. Мушу я цяпер прызнацца, Што хацеў бы пратрымацца І яшчэ гадоў дзесятак Ці другі, на добры лад. Гілевіч. // Прабыць дзе‑н., захаваць за сабой месца на працягу якога‑н. часу. Загады, якія .. [Глушко] аддае, правільныя, бо калі б было інакш, то на пасадзе майстра ён не пратрымаўся б і дня. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.
1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.
2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.
1. каго-што. Прысунуць, перамясціць блізка да каго‑, чаго‑н. — У цябе тут нічога няма?.. [Сіла Прохаравіч] прыблізіў свой твар да самага твару Пеціка. Навуменка. // перан. Зрабіць адпаведным інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н.; непасрэдна звязаць з кім‑, чым‑н. Прыблізіць літаратуру да жыцця. Прыблізіць навучанне студэнтаў да практыкі камуністычнага будаўніцтва.
2. што. Зрабіць больш блізкім у часе, паскорыць наступленне чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца баржджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы. Колас. Думаць прымусіць аб заўтрашнім дні, каб камунізма прыблізіць пару. Чарнушэвіч.
3. каго-што. Дапусціць блізкія адносіны з сабой; уключыць у лік прыбліжаных. Не, Гарбачоў не баяўся, што яму не ўдасца зноў прыблізіць да сябе Люсю. Шашкоў. [Пілсудскі] прыкмеціў беглага паручніка і прыблізіў да сябе. Новікаў.
4. каго-што. Зрабіць больш блізкімі, зразумелымі адзін аднаму. Просьба, асабліва такі зварот, нібы прыблізілі Косцю да Марынкі. Шыцік.
5. што. Зрабіць падобным да чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)