паміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак.
1. з кім-чым і без дап. Спыніць спрэчку, дайсці да згоды, пачаць жыць у згодзе. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк. [Іван:] — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Ужо былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў. У дарозе маці мала размаўляла з бацькам, але Люся ведала: скора яны памірацца. Даніленка.
2. на чым. Здаволіцца чым‑н., згадзіцца на што‑н. Урэшце [маці з Колем] памірыліся на тым, што Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. падвёз, ‑везла і ‑вязла; ‑везла і ‑вязло; зак.
1. каго-што. Давезці да якога‑н. месца, прывезці ў якое‑н. месца. Падвезці пасажыраў да вакзала. Падвезці дровы к дому. □ Уначы Валодзю падвезлі да вялікай паляны, на якой гарэлі тры кастры. Федасеенка. // Узяць каго‑н. па дарозе на воз, машыну і пад. — Можа, па дарозе? — паказаў .. [Максім Сцяпанавіч] у напрамку горада. — То падвязу. Карпаў. Бягуць [дзеці] услед за трактарамі І просяць, каб падвезлі іх На гэтых конях вараных. Танк.
2. што і чаго. Возячы, даставіць; прывезці дадаткова. Падвезці будаўнічыя матэрыялы. □ Зямельку трэба, падлагодзіць, Гнайку падвезці воз-другі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
порт 1, ‑а, М порце, м.
Спецыяльна прыстасаванае месца для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту суднаў. Хутка з-за гары, што ўзвышалася на левым беразе над самай вадой, вынырнуў вялікі порт і горад. Шамякін. Я бачыў не раз, як буруны ўставалі І з мора спяшаліся ў порт караблі. Лужанін. // Прыморскі горад з такім спецыяльна прыстасаваным месцам для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту караблёў. Велізарныя порты, такія, як Адэса і Марыупаль, маюць сувязь з усімі краінамі свету. «Беларусь».
[Фр. port.]
порт 2, ‑у, м.
Льняная або баваўняная тканіна. Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, У шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прачну́цца, ‑чнуся, ‑чнешся, ‑чнецца; зак.
1. Перастаць спаць, прабудзіцца. Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Колас. Косцік прачнуўся на досвітку: нехта моцна стукаў у акно. С. Александровіч. Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. Лынькоў. // перан. Напоўніцца гукамі, рухам; ажыць. Трамвай прачнуўся, празвінеў, Адкрыліся вітрыны рана. Танк.
2. перан. Стаць актыўным, выйсці са стану застою, спакою. Прачнуліся нівы і хаты: Ўся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статку іграе жалейка. Купала. Мой спеў напоўнен быў жаданнем, Каб наш прачнуўся родны люд. Журба.
3. перан. З’явіцца, выявіцца (пра пачуццё, уласцівасць, якасць). Можа, і праўда ў чалавека прачнулася пачуццё любві да радзімы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбо́р, ‑а, м.
1. Камплект, набор прадметаў для карыстання. Чарнільны прыбор. Чайны прыбор. □ Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі. Колас.
2. Спецыяльнае прыстасаванне, апарат, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння чаго‑н., кіравання чым‑н. і пад.). Вымяральныя прыборы. □ Навіна [самалёта], галоўныя прыборы былі разбіты, левае крыло разарвана. Шамякін. Лабараторыі нарыхтоўчых пунктаў забяспечаны прыборамі для вызначэння якасці клубняў. «Звязда».
3. толькі мн. (прыбо́ры, ‑аў). Абл. Уборы, адзенне. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, І каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
судо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да суда. Судовыя органы. Судовы прыгавор. Судовы выканаўца. □ І раптам пачуўся гучны голас: — Устаць! Суд ідзе! Гэта выгукнуў судовы прыстаў. Колас. // Які падлягае нагляду, распараджэнню суда. Усе ўжо ведалі, што да судовай адказнасці прыцягваюць прараба Нядаўняга. Дадзіёмаў. Зрэшты, не паспеў Максім Танк выйсці на волю, як на яго завялі новую судовую справу. Бугаёў.
2. Які мае адносіны да судаводства. Судовы працэс. Судовы разбор. Судовыя выдаткі. // У складзе назваў рада дысцыпліну якія адыгрываюць дапаможную ролю пры судзе і следстве. Судовая медыцына. Судовая хімія.
•••
Спаборны судовы працэс гл. працэс.
Судовы выканаўца гл. выканаўца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узабра́цца, узбяруся, узбярэшся, узбярэцца; узбяромся, узберацеся; зак.
Намагаючыся, узысці, падняцца на што‑н., узлезці куды‑н., на верх чаго‑н.; ускарабкацца. Хто б ні прыехаў у горад, ён абавязкова ўзбярэцца на вал — адсюль відаць большая частка горада. Хадкевіч. Вось і дно яра, вось і яго правы адхон. Узабрацца на гэты адхон, і — адразу лес. Курто. Машына Сяргея ўзабралася на цвёрдую камяністую градку. Весялей запрацавалі колы. Астрэйка. / у перан. ужыв. Бывала, як выйдзе [Патапавіч] з хаты на досвітку, не снедаўшы, дык сонейка на поўдзень узбярэцца, пакуль прыйдзе. Кулакоўскі. // Абвіваючыся вакол чаго‑н., узняцца (пра расліны). І на сцяну Ужо ўзабраўся дзікі хмель. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэнзу́ра, ‑ы, ж.
1. У старажытным Рыме — пасада цэнзара (у 1 знач.).
2. У капіталістычных краінах — нагляд за друкам, за зместам друкаваных твораў, пастаноўкай п’ес, кінафільмаў і пад. Царская цэнзура. Ваенная цэнзура. □ Усе газеты і пісьмы, адрасаваныя палітычным вязням у Лукішках, праходзілі строгую пракурорскую цэнзуру. Машара. Штораз часцей на старонках «Нашай нівы» белыя плямы: цэнзура лютуе. Мядзёлка. // Установа, якая ажыццяўляе такі пагляд. Друкаваўся Максім Танк і ў легальным камуністычным «Часопісе для ўсіх», які зноў жа быў забаронен цэнзурай на першым нумары. Бугаёў.
3. Прагляд твораў, якія прызначаюцца да друку, да пастаноўкі ў тэатры, або прагляд якой‑н. карэспандэнцыі, што ажыццяўляецца дзяржаўнай установай.
[Лац. censura.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шано́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Дастойны павагі, паважаны. — Вы не знойдзеце нідзе Працы больш шаноўнае. Дзе ні вуліца, ні пляц, Як паглядзіш — мой палац. Астрэйка. // Які выклікае павагу. Шаноўныя гады. □ Народ наш старасць паважае. Заўжды схіляецца перад сівой Шаноўнай галавой. Корбан.
2. (звычайна ў звароце). Вельмі паважаны. Вы памыліліся, шаноўны грамадзянін, Вы па старому адрасу, а там мяне няма. А. Александровіч. / у іран. ужыв. [Вольга:] — Дарэчы, я ніяк не вызначу, якой масці наш шаноўны кватарант? Новікаў. / у знач. наз. шано́ўны, ‑ага, м.; шано́ўная, ‑ай, ж. Крык разбудзіў нечакана: — Гэй, уставайце, шаноўныя! Куляшоў. — Дык вось, шаноўны, — зноў пачаў Шарон (Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён). Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкіле́т, ‑а, М ‑леце, м.
1. Сукупнасць касцей, якія ствараюць цвёрдую аснову цела чалавека і жывёл. Шкілет чалавека. Шкілет каня. // перан. Пра вельмі худога, хворага, знясіленага чалавека. Дужа падазрона ўжо гаварыў гэты кульгавы шкілет. Новікаў.
2. Аснова, каркас; астаткі чаго‑н. Прасохлыя шкілеты леташніх касецкіх будак жаўцелі сярод свежай зелені. Кулакоўскі. То тут, то там стаяць шкілеты абгарэлых машын, гарматы з разадранымі стваламі. Даніленка.
3. перан. Тое, што служыць асновай для далейшага развіцця, канструявання; схема. Поруч з вершамі Танк піша ў гэты час дробныя празаічныя творы, якія цяжка назваць апавяданнямі, бо фабульны шкілет у іх вельмі слабы, гэта проста імпрэсіі. У. Калеснік.
[Грэч. skeleton.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)