шкілет, ‑а, М ‑леце, м.

1. Сукупнасць касцей, якія ствараюць цвёрдую аснову цела чалавека і жывёл. Шкілет чалавека. Шкілет каня. // перан. Пра вельмі худога, хворага, знясіленага чалавека. Дужа падазрона ўжо гаварыў гэты кульгавы шкілет. Новікаў.

2. Аснова, каркас; астаткі чаго‑н. Прасохлыя шкілеты леташніх касецкіх будак жаўцелі сярод свежай зелені. Кулакоўскі. То тут, то там стаяць шкілеты абгарэлых машын, гарматы з разадранымі стваламі. Даніленка.

3. перан. Тое, што служыць асновай для далейшага развіцця, канструявання; схема. Поруч з вершамі Танк піша ў гэты час дробныя празаічныя творы, якія цяжка назваць апавяданнямі, бо фабульны шкілет у іх вельмі слабы, гэта проста імпрэсіі. У. Калеснік.

[Грэч. skeleton.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)