Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзецмалайцы, радарайца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́та ’расліна Secale, род з сям. злакавых’. Рус. жи́то ’мясцовая назва для жыта, ячмяню або наогул для збожжа’, укр. жи́то ’жыта’, польск. żyto ’тс’, в.-луж. žito ’жыта, збожжа’, н.-луж. žyto ’збожжа, жыта’, чэш. žito ’збожжа’, дыял. ’пшаніца’, славац. žito ’жыта’, дыял. ’пшаніца’, славен. žito ’збожжа, жыта’, дыял. ’проса’, серб.-харв. жи̏то ’збожжа; рытуальная ежа з пшаніцы’, дыял. ’проса’, балг. жѝто ’пшаніца’, дыял. ’жыта’, ’збожжа’, макед. жито ’збожжа’, ’пшаніца’, ’куцця’. Ст.-слав. жито ’збожжа’, ’плод’. Ст.-рус. жито ’збожжа’, ’ячмень’, ’багацце’. Ст.-прус. geits ’хлеб’. Шырокае першапачатковае значэнне прасл. *žito ’злакавая расліна’, ’збожжа’, ’ежа з зерня’ робіць бясспрэчнай сувязь жыта і жыць. *Žito ўтворана ад кораня *g​i, *g​ei‑ (Покарны, 1, 467–468) з суфіксацыяй *‑t‑: і.-е. *g​eito‑ (параўн. яшчэ кімер. bwyd ’ежа’). Пра суч. слав. значэнні слова гл. Клепікава, Усачова, ОЛА, 1965, 148–169. Праабражэнскі, 1, 239; Фасмер, 2, 57; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 294; Мейе, Études, 298; Ваян, RÉS, 41, 60; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 548; Скок, 3, 681; Траўтман, 82; Тапароў, E–H, 194–197.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заря ’планета Венера’, укр. зоря ’зорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ ’ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прые́мны ’які прыносіць задавальненне, радасць; прывабны’ (ТСБМ), прыёмны ’ветлівы; удзячны’ (Ян.), прые́мны, ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (гродз., ЛА, 3), прыямне́йшы ’больш прыемны’ (дзятл., Сл. ПЗБ), прыёмны ’ветлівы; гасцінны’ (Сл. ПЗБ, ТС); таксама цікавыя прінёмчасты, прынёмцыстый ’тс’ (віц., гарад., ЛА, 3) з другасным узнаўленнем гістарычнага суф. ‑н‑, які асэнсоўваецца як пачатак займеннікавага кораня. Узыходзіць да прасл. *prijьmьnъjь, прэфіксальнага ўтварэння ад *jьmьnъjь з рэалізацыяй у заходніх і ўсходніх славян (ЭССЯ, 8, 230; параўн. Слаўскі, 1, 561 і SEK, 1, 346). Інакш ЕСУМ (2, 296), дзе ўсе вытворныя разам з зыходнымі формамі адносяцца да прасл. *imati. Польск. przyjemny ’прыемны’, чэш. příjemný, славац. príjemny, рус. дыял. прии́мный ’гасцінны, той, хто з ахвотай, ласкава, сардэчна прымае’, укр. приємний ’прыемны’, прийо́мний ’гасцінны’. Паводле Векслера (Гіст., 209), форма прые́мны запазычана з польск. przyjemny ’тс’, а лексема прыёмны — з рус. приёмный (там жа, 190); інакш Станкевіч (Зб. тв., 2, 156), які разглядае іх у агульным радзе з узае́мны, яе́чня, Трае́цкі, што проціпастаўляюцца рус. взаи́мный, яи́чница, Тро́ицкий. Гл. таксама пра бел. непрые́мны Унбегаўн, RÉS, 1929, 1–2, 19.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́пліць ’марудзіць, марудна прымацца за справу’ (Нас.), ’марудна рабіць’ (Шымк. Собр.), пытацца ’марудзіць’ (Бяльк.), сюды ж пепліць ’тс’, пеплецца ’паволі рабіць’, піплівы ’карпатлівы, нудны (пра работу)’: ваша такая піпліваяработа, піша і піша (ашм., LKK, 16, 186). Традыцыйна параўноўваюць з балтыйскімі адпаведнікамі: лат. pipelėties ’корпацца, марудзіць’ (Блесэ, SB, 5, 18; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 14), літ. piplioti ’карпатліва, старанна працаваць’, pyplys ’слабы, нядужы чалавек’ (Грынавяцкене і інш., LKK, 16, 186), pėpti ’слабець, чэзнуць’, pepis ’вялы чалавек, мямля, размазня’ (Санька, Kryu̯ja, 1996, 1, 91), што дае падставы адносіць беларускія словы да балтызмаў. Аднак балг. пьпля ’поўзаць (пра насякомых, малых жывёлах), рухацца паволі, з цяжкасцю, чуць варушыцца; рабіць нешта, але безвыніку’ (Младэнаў, 538: інтэрпрэтуе як слова з няпоўнай рэдуплікацыяй) прымушае прыняць гукапераймальнае паходжанне (таксама Фасмер, 3, 419, адносна беларускіх слоў); паводле Сноя (гл. Бязлай, 3, 38), у аснове самастойных утварэнняў — рэдуплікацыя імітатыўнага кораня і.-е. *ρϊ‑ρ‑, параўн. польск. дыял. рурііс ’мяць, рабіць нядбала, дрэнна, корпацца’, в.-луж. piplić ’саматужнічаць; калупацца ў носе’, н.-луж. pimplis ’марудна рабіць, корпацца’, чэш. piplat ’рабіць марудна, корпацца, калупацца’, слава іх. piplať sa ’марудзіць, рабіць паволі і нерашуча’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руда́1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда2, руды.

Руда́4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руно́1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сва́рка ‘спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад.; лаянка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свар, сва́ра ‘тс’ (Нас.; ЛА, 3; Сл. ПЗБ), сва́рба ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы), свары́цца ‘спрачацца, крычаць; лаяцца’ (Нас., Касп., Ласт., Бяльк., Варл.), ст.-бел. сваръ (Альтбаўэр). Укр. сва́р(а) ‘сварка’, свари́тиса, рус. сва́ра ‘сварка, варожасць’, свари́ться, ст.-рус. сваръ ‘сварка’, сварити ‘спрачацца’, польск. swar, swarzyč sie, в.-луж. swar, swarić, н.-луж. swariś, палаб. svorĕt, чэш. svářit se, svár ‘сварка’, славац. sváriť sa, svár ‘тс’, славен. svȃr ‘ганьбаванне’, svaríti ‘ганьбаваць, перасцерагаць’, балг. сва́ра ‘сварка, спрэчка’, ст.-слав. сваръ ‘разлад, звадка, сварка’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-ісл. svara ‘адказваць’, гоц. swaran ‘клясціся’, ст.-в.-ням. swerian ‘клясціся, гаварыць пэўна’, лац. sermo ‘размова’, нов.-в.-ням. Schwur ‘клятва’, гл. Траўтман, 296; Фасмер, 3, 569. Прасл. *svarь, *svara, *svariti ад і.-е. кораня *su̯er‑ ‘урачыста гаварыць’. Махэк₂ (594) *svariti спрабуе вывесці з *vaditi (гл. вадзіць) шляхам замены d на r у прыметніку *vadlivъ, адкуль гэтая змена распаўсюдзілася на назоўнік і дзеяслоў. Гл. таксама Борысь, 588–589; Шустар-Шэўц, 1383; БЕР, 6, 534; Бязлай, 3, 345.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́рдзел ‘інструмент для свідравання дзірак у дрэве, метале і інш.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Гарэц., Маш., Ян., Мядзв., Др.-Падб., Жыв. сл., Клім., Пятк. 2), свердзіль ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярдзёлак ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), све́рдлік ‘маленькі свердзел’ (Янк. 1, Мат. Гом., Ян.), свярдло, све́рла ‘тс’ (Сцяшк.), све́рдла ‘трайня ў возе’ (кобр., Нар. словатв.), све́рдліць ‘свідраваць’ (Нас.). Укр. све́рдел, све́рдло, рус. све́рдел, сверло́, ст.-рус. свьрдло, мн. л. свердьлы, польск. świder, чэш., славац. sviderпольск.Махэк₂, 596), серб.-харв. свр̏дао, свр̏дла, серб.-ц.-слав. свръдьлъ, славен. svẹ́dər, балг. свърдел, свръдел, макед. сврдел, сврдло, ст.-слав. свръдьлъ ‘тс’. Прасл. *svькdьlъ/*svьrdьlo (Трубачоў, Ремесл. терм., 375). Роднаснае, перш за ўсё, германскай назве колючай, рубячай зброі: ст.-в.-ням. swërt, ням. Schwert, англ. sword ‘меч’; гл. Трубачоў, там жа; Фасмер, 3, 573–574. Махэк₂ (596), Младэнаў (573) аднаўляюць прасл. *svьrb‑dlo і мяркуюць аб роднасці з ст.-ісл. hvirfill ‘віхар, кальцо, макаўка, верхавіна’, ст.-в.-ням. hwërfen, wërban ‘вярцець’. Сной₁ (622) прасл. *svьrdьlъ узводзіць да і.-е. кораня *su̯er‑ ‘рэзаць, калоць’; таксама Борысь, 622. Гл. яшчэ БЕР, 6, 565–566. Параўн. свідар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіст ‘рэзкі высокі гук’, ‘гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі’, ‘гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра’ (ТСБМ), свіста́ць ‘утвараць рэзкі высокі гук’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Юрч.), ‘сцябаць, хвастаць’ (Нас.), ‘свістаць’, ‘ліцца з сілаю’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘брыкаць, брыкацца’ (Юрч.), свісце́ць ‘свістаць’, сві́снуць ‘засвістаць’, ‘моцна ўдарыць’, ‘хутка прайсці’ (Сл. ПЗБ), ‘украсці, ‘моцна ўдарыць’ (Растарг.), ст.-бел. свиснути ‘засвістаць’ (Альтбаўэр). Укр. свист, свиста́ти, рус. свист, свиста́ть, свисте́ть, польск. świstać, świsnąć, чэш. svístati, svíštěti, славац. svištať, славен. svískati ‘шыпець, фыркаць’, švȋstati ‘свісцець’, ст.-слав. свистати. Прасл. *svistati ‘свісцець’, шматкратны дзеяслоў *sviščati; гл. Борысь, 624. Лічыцца экспрэсным гукапераймальным словам, аналагічным лац. sibilō, ‑are ‘свісцець’, грэч. σίζω ‘свіст’; узнаўляюць таксама і.-е. корань *k̑vis‑: *k̑veis‑, роднасны ст.-ісл. hvísla ‘шаптаць, свістаць, бушаваць’, ст.-англ. hvístlian ‘свістаць’, англ. whistle ‘тс’. Параўн. яшчэ польск. gwizdać, чаш. hvízdati, славац. hvizdať, в.-луж hwizdać, н.-луж. gwizdaś з варыянтам кораня *gweizdz‑, гл. Фасмер, 3, 581; Махэк₂, 597; Брукнер, 538; Бязлай, 3, 352. Борысь (624) славянскае слова ўзводзіць да і.-е. гукапераймальнага *su̯ei̯‑/su̯i‑ ‘сіпець; свісцець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)