неспако́йна,
1. Прысл. да неспакойны.
2. безас. у знач. вык. Аб стане неспакою, хвалявання, які адчуваецца кім‑н. Неспакойна было на душы ў Надзеі. Кавалёў. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.
3. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць спакою дзе‑н. Неспакойна было на дарогах і сцежках... Мележ. Перагарадзіўшы.. [Ганне] дарогу, Рыгор сказаў: — У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няйна́чай,
1. прысл. Напэўна, іменна. Павел уважліва агледзеў кожную мясцінку, заўважыў пасохлыя галінкі бярэзніку, няйначай камісар наводзіў тут якую маскіроўку. Лынькоў. Зося дапускала, што калі.. [Рыгор] прыехаў, то няйначай павінен выйсці на рынак. Гартны.
2. у знач. пабочн. Хутчэй за ўсё, відавочна. [Нехта з дамашніх:] — І хто ж мог запаліць.. [стажок]? Пастушкі, няйначай. Колас. [Майбарада] зірнуў на чалавека. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай, студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ната́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Кароткі запіс аб чым‑н. Да гэтую справу Сцёпка глядзеў сур’ёзна. Чытаючы, рабіў сякія-такія нататкі, выпіскі. Колас. [Люба] дастане запісную кніжку і спешна пачала чытаць карандашныя нататкі. Гартны. // Кароткае пісьмовае або друкаванае паведамленне; артыкул. Сонцаў перапісаў некалькі радкоў з газетнай нататкі. Мележ. [Шуст:] — Я чытаў, выступаў на сходах, пісаў нататкі для насеннай і гарадской газет. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак., што.
1. Зрабіць мутным, узбоўтаным. — Ах! — даўбешкаю махнуў, Цэліўся па палі. Але міма дзеўбануў, Скаламуціў хвалі. Калачынскі. // перан. Зрабіць няясным, заблытаным. [Тэатр] вытузаў сілу, разблытаў нервы, скаламуціў жыццё... Гартны.
2. перан. Вывесці са стану спакою; устрывожыць, усхваляваць.
•••
Вады не скаламуціць — тое, што і вады не замуціць. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі — ціхі, вады не скаламуціць. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смяшо́к, ‑шку, м.
Разм.
1. Кароткі або ціхі смех. Айцец Мікалай па-сяброўску стукае настаўніка па плячы, а сам смяецца дробным смяшком. Колас. Смяшок у зале перарос у рогат. Мехаў. // Пра жартаўлівы або іранічны выраз вачэй. Бляскам акуляраў засланяўся смяшок у вачах... Бядуля.
2. часцей мн. (смяшкі́, ‑оў). Жарты, насмешкі. Перш цішэй, а што далей — то смялей.. [рабочыя] пасылалі .. [палкоўніку] ўслед жарты, смяшкі і посвіст. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́хлы, ‑ая, ‑ае.
Пратухлы, з непрыемным пахам гніення. Тухлыя яйкі. Тухлая рыба. □ — Твой сазан тухлы, — крыкнуў Вано. — Ты яго здохлага злавіў. Самуйлёнак. // Разм. Затхлы, нясвежы (пра ваду); згорклы (пра масла). Тухлае масла. □ Падшыванцы — свіныя пастухі, забыўшы пра сваіх свіней, пра ўсё на свеце, плёскаліся ў копані, у зацвілай раскай тухлай вадзе. Мележ. // Уласцівы гніючым прадуктам (пра пах). На Рыгора панясло смуродам тухлага паветра. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урачы́, ураку, урачэш, урачэ; урачом, урачаце, уракуць; пр. урок, уракла, ‑ло; заг. урачы; зак., каго-што і без дап.
Паводле забабонных уяўленняў — пашкодзіць каму‑, чаму‑н. благім вокам; прынесці няшчасце, хваробу. Хавала [маці] ўсё ад вачэй тваіх сініх, Баялася Усё — каб хаця ты не урок. Тармола. // Разм. Пахваламі, прадказаннем чаго‑н. добрага паклікаць дрэннае. — Так, майго Васільку, каб не ўрачы, усе любяць за яго людскасць, самавітасць. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хруст, ‑у, М ‑сце, м.
Трэск ад чаго‑н., што ломіцца, крышыцца і пад. З-за куста пачуўся лёгкі хруст, быццам пад нагою зламалася [галінка]. Гартны. Лядок з тонкім хрустам лопаўся пад нагамі, пырскаючы вадой. Гаўрылкін. // Падобны гук пры жаванні, ядзе. Аржанец узяў з міскі агурок, адкусіў яго амаль да палавіны і, з хрустам жуючы, усміхнуўся. Брыль.
•••
Да хрусту — так, каб захрусцела, хруснула. [Бацька] напружвае сківіцы да хрусту. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цямно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
Разм. Тое, што і цемната. [Петрусёва маці:] — Якая пагода нецікавая і цямнота, сырасць... Гартны. [Сымон:] — Я хацеў бы ведаць ноты... Пашкадуй мае цямноты: Навучы, скінь з мяне ночку, Каб і я мог чытаць кнігі І па нотах граць, як пан! Колас. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпіц 1, ‑а, м.
Уст. Тое, што і шпіль (у 1 знач.). З мільённага людскога мурашніку, што трапятаў перад Ганнінымі вачыма, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гэта фігура засланяла сабою і гмах Ісакіеўскага сабора, і шпіц Петрапаўлаўкі. Гартны.
[Ням. Spitze.]
шпіц 2, ‑а, м.
Невялікі пакаёвы сабачка, які мае вузкую морду, стаячыя вушы і пушыстую густую поўсць. «Дзе ж праўда ёсць? — падумала яна [балонка]. — Каму павага? Шпіцам ды аўчаркам?» Корбан.
[Ням. Spitz.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)