Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касі́ць1 ’касіць (касой)’ (БРС, Шат., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Дзеяслоў прасл. паходжання. Параўн. бел. касі́ць ’касіць касой’ (таксама і ў дыялектах), рус. коси́ть, ст.-рус. косити, укр. коси́ти, ст.-польск. kosić, польск. kosić (таксама і ў дыялектах), ст.-чэш. kositi ’касіць касой’, чэш. kositi ’тс’, славац. kositi, балг. кося́ ’касіць (касой)’, макед. коси, серб.-харв. ко̀сити, славен. kosíti і г. д. Прасл. *kositi ’касіць, зрэзваць; галіць і да т. п.’ Дзеяслоў *kositi з’яўляецца вытворным ад назоўніка *kosa ’каса; від зброі; серп; сякера’, ’баявая сякера’ і да т. п. Звычайна прыводзяцца роднасныя формы: ст.-інд. śásati ’рэжа’, śastrám ’нож’, дан. castrāre ’адрэзваць’ і г. д. Гл. Фасмер, 2, 345; Трубачоў, Эт. сл., 11, 133–135, 142.

Касі́ць2 ’разграбаць зямлю; скрэбці’ (Сл. паўн.-зах., 2): «Курыца косіць зямлю. Куры косяць ячмень. І верабʼі косяць зямлю». Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 431, магчымае запазычанне з літ. мовы. Як крыніца прыводзіцца літ. kàsti ’тс’. Не выключаецца, што такая этымалогія можа мець месца. Але тут не вельмі падыходзіць з фармальнага боку прапануемая крыніца запазычання — літ. дзеяслоў kàsti, хоць па семантыцы ён добра адпавядае бел. лексеме. Таму можна меркаваць аб іншай крыніцы запазычання, дакладней, аб іншай форме гэтага літ. дзеяслова. Параўн. літ. kasýti ’драпаць, скрэбці’ (параўн. Фрэнкель, I, 226).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багу́н1, таксама багно́, баго́н, баган, бахун, багульнік, бугу́н, баго́ннік (гл. Кіс., Талстой, Геогр., 155). Рус. багу́н, багу́нник, багу́льник, укр. багно́, багу́н, баго́н, багу́льник і г. д. (Макавецкі, Sł. botan., 205), польск. bagno. Вытворнае ад *bag(ъ)no ’багна’ (гл.). Брукнер, 11; Фасмер, 1, 103; Слаўскі, 1, 25; параўн. яшчэ Мяркулава, ЭИРЯ, III, 16–17; Якобсон, Word, 7, 189; Машынскі, Uwagi; Талстой, Геогр. Але Абаеў (Зб. Фальку, 1–4) на аснове рэдкай рус. формы вагульник хоча бачыць сувязь з ням. wacholWacholder ядловец’) і асец. waɣyly ’шыпшына’. Няпэўная думка (Машынскі, Pierw., 214) пра сувязь з *bagnę (гл. багня́1, 2): у час цвіцення багун нагадвае воўну ягнят. Няправільна Сабалеўскі, AfslPh, 33, 477, ЖМНП, 1911, май, 162, пра роднасць з грэч. φηγός дуб’, дар. φᾱγός, лац. fāgus ’тс’ (акрамя семантыкі, тут і фанетычныя перашкоды: у грэч. і лац. словах і.-е. *‑g̑‑, якое б дало слав. Гл. таксама Шанскі, 1, Б, 8–9 (дзе прыводзяцца некаторыя новыя меркаванні). Параўн. бахун.

Багун2 ’расліна Cynoglossum officinale L., касталом лекавы’ (Кіс.). Мабыць, назва перанесена з багу́н1 ’Ledum palustre’, таму што Cynoglossum, як і Ledum, мае вельмі непрыемны пах. Не выключаецца, што ёсць сувязь і з ба́гна ’балота’ (бо расліна расце ў пясчаных месцах і на берагах рэчак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бада́ць1, бадану́ць (Нас.), бадлі́вы (Шат.), баду́н ’бадлівы’ (Нас.), бадзючы ’калючы; бадлівы’ (Нас., Касп.), басці, баду́ (Шат., БРС, КЭС, лаг.), басці́ся (Касп., Яруш.). Рус. бода́ть (ст.-рус. бости), укр. бости́, польск. bóść, bodać, чэш. bůsti, bodati, ст.-слав. бости, балг. бода́, серб.-харв. бо̀сти, ба́дати. Прасл. bosti, bodǫ і ітэратыў bodati, badati (bosti адлюстроўваецца ў бел. мове ў басці́, баду́, гл. Гарэц., Др.-Падб.). Параўноўваюць з літ. bèsti, bedù, лат. badīt, badu ’рыць, капаць’, лац. fodio ’капаю, рыю’, літ. badýti, badaũ ’калю’. І.‑е. *bhed‑: *bhod‑. Бернекер, 66; Траўтман, 29; Фасмер, 1, 183; Фрэнкель, 41.

Бада́ць2 ’дапытвацца, дамагацца’ (Сцяшк.), ’меркаваць, разважаць; дамагацца, дапытвацца, вывучаць, даследаваць’ (Інстр. лекс.). Ст.-бел. бадати ’вывучаць’ (Гіст. лекс., 96; Булыка, Запазыч.; параўн. Бярында, 20, 50, 51). Ст.-укр. бадатися дапытвацца, дашуквацца’. Запазычанне з польск. badać ’тс’ (гл. Цімчанка, 49; Жураўскі, Гіст. лекс., 196). Паходжанне польск. дзеяслова няяснае: 1) з *ob‑ada‑ti да і.-е. *od‑ ’нюхаць’, Бернекер, 24; Ваян, RÉS, 19, 300; Махэк₂, 41; параўн. таксама Развадоўскі, RS, 1, 254; 2) ітэратыў да прасл. *bosti ’калоць’, Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; асабліва Слаўскі, RS, 23 (1), 153. Неверагодна Штрэкель, AfslPh, 12, 452: < італ. badare звяртаць увагу’. Аддзеяслоўнае бада́нне ’разважанне; угадванне’ (Нас.) таксама з польск. badanie, гл. Кюнэ, Poln., 42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барэ́ц1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti () ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti () (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мак ’мак, Papaver L.’ (ТСБМ, Кіс., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мін., брэсц., маг. мак‑цякун ’мак-самасей’, ’снатворны мак’ (Кіс.), тураў. глухі мак ’тс’ (ТС), макава расінка ’зусім мала’ (Шат.), макам ’рассыпаючыся дагаджаць’, ’беззваротна знікаць’ (Нас.), макам сядзець ’павольна расці’ (калінк., З нар. сл.). Укр., рус. мак; польск., н.- і в.-луж. mak; чэш., славац. mak, славен. màky серб.-харв. ма̏к, макед., балг. мак ’тс’. Прасл. makъ звязана з грэч. μὴκων, дарыйск. μᾱ́κων ’мак’, ст.-в.-ням. maho > новав.-ням. Mohn, с.-в.-ням. mān, ст.-сакс. mâgo, ст.-швед. val‑moghi, швед. vallmo (у якіх герм. *walha‑ ’аглушэнне, непрытомнасць’), ірл. meacon ’мак’ (Бернекер, 2, 9; Цупіца, Gutturale, 135; Траўтман, 166). Слова праеўрапейскае (або старажытнае азіяцка-міжземнаморскае) — гл. Махэк₂, 349; Эльквіст, 1305; Фасмер, 2, 560; Сабаляўскас, КСИС, 28, 1960, 70; Скок, 2, 359; БЕР, 3, 618–619). Покарны (698) выводзіць гэту лексему з і.-е *mak(en) ’мак’. Сюды ж ма́кавы, ма́кавый (ТСБМ, Бяльк.), макаві́нне, макавіннік, макавінё, макавеня, макавіеня ’сцябло з лісцем маку’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.; Федар. 6, Мат. Гом., Ян.), ’адрэзаныя вяршкі сцёблаў канапель з насеннем’ (Нас.), ма́кавішча, макаві́шча, ма́ковышчэ ’града, дзе рос мак’ (ТСБМ, слаўг., Яшк.; пін., Нар. лекс.), даць макаўца́ ’пстрыкнуць’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малодзіва, мало́дзіва, моло́дзво, моло́дзьво, малодзьва ’малако непасрэдна перад і адразу пасля родаў, цялення’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Касп., Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ; карэліц., Нар. лекс.), малозіва, моло́зыво (слаўг., чав., Мат. Маг.; Грыг., Бяльк.; полац., Нар. сл.; красл., астр., трак., Сл. ПЗБ; Бес., Вешт., Ян.), малодзіла ’тс’ (шкл., Мат. АС). Укр. молозиво, рус. молозиво; польск. młodziwo, młozawo, mleziwa ад młody ’малады’, чэш. mlezivo, славац. mledzivo, славен. mlézivo, mléziva, серб.-харв. mljȅza, mȉzivo. Прасл. melzivo ’салодкае малако’ (гл. Вештарт, Бел. лекс., 23–24), якое з melgʼ‑/molgʼ‑ ’даіць’ (ст.-рус. мълсти ’збіваць масла’, млѣсти ’даіць’, славен. mlȅsti, mółsti, серб.-харв. му̏сти, макед. молзе, балг. мълзя́. І.‑е. адпаведнікі: літ. mìlžti, mélžti, malžýti, лат. malazenš, molozejs ’малодзіва’, ст.-в.-ням. mëlhan ’даіць’, гоц. miluka ’малако’, ірл. bligim ’даю’, ст.-грэч. ἀμέλγω, алб. mjel, лац. mulgeo, тахар. A, тахар. B malk‑, mālk‑ ’даіць (-ца)’, ст.-інд. mr̥játi, mã́rs̥ti, mārjati ’чысціць’, авест. marəzaiti ’мые’ (Мее, MSL, 17, 60; Міклашыч, 187; Бернекер, 2, 73; Траўтман, 178; Фасмер, 2, 644–645; Скок, 2, 488–489; Бязлай, 2, 189 і 194; Мартынаў, Этимология–1968, 20). Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што рус. форма молозиво з’яўляецца «чыста» славянскай, а melz‑ утварылася ў выніку перакрыжавання (з германск. melk‑) ізаглосы. Гук ‑дз‑ пад уплывам польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малі́на, малі́ны, малы́на, малэ́нэ ’маліна звычайная, Rubus idaeus L.’, ’маліннік’ (ТСБМ, Кіс., Бес., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ; драг., КЭС, міёр., Жыв. сл.), малі́ніца, малі́нушка ’маліна’ (Нар. Гом.; Кліх). Укр. мали́на, рус. мали́на, малины, польск. malina, malinia, палаб. moleina, н.-луж., чэш., славац. malina, в.-луж. malena, славен. malína, серб.-харв. ма̀лина, макед., балг. малина. Прасл. malina, першасным значэннем якога, паводле Скока (2, 363), было ’чарніцы’, параўн. роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. mė́lynas ’блакітны’, mė́lyna ’пляма’, лат. mel̃ns ’чорны’, ст.-прус. mīlinan ’пляму’ (В. скл.), літ. mel̃svas ’сіняваты’, ст.-грэч. μέλας ’чорны, цёмны’, ст.-в.-ням. ana‑mâli ’пляма, шрам, рубец’, с.-в.-ням. mâl ’пляма’, брэтон. melen ’жаўтаваты’, лац. mulleus ’чырванаваты’, ст.-грэч. μολύνω ’пэцкаю’, ст.-інд. malina‑ ’запэцканы’ — усе да і.-е. *mel(ə)‑ ’цёмны, брудны, запэцканы’ (Міклашыч, 181; Бернекер, 2, 12, Брукнер, 319; Фасмер, 2, 563; Скок, 2, 363; Бязлай, 2, 164; БЕР, 3, 627). Махэк₂ (349) адносіць гэту лексему да «праеўрапейскай» асновы *mōr‑/m̄ol. Мартынаў (Тезисы: Ареальные иссл.… Л., 1975, 24) выводзіць яе з прасл. m̄alъ ’малы’ — ягада складаецца з малых частак. Сюды ж малі́ннік, ігн. маліня́к ’зараснік маліны’, ’яе галінкі’ (ТСБМ, ТС; любан., Нар. словатв.; міёр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), малі́навік, малі́ннік ’пітво, настоенае на маліне’ (Нас.); малінавы(й) ’цёмна-чырвоны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)