крэ́сла, ‑а, н.
1. Прадмет мэблі, звычайна са спінкай, прызначаны для сядзення аднаго чалавека. Венскае крэсла. □ Вялікая гасціная была ўстаўлена добрым дзесяткам крэслаў вакол круглага стала. Ваданосаў. // Такі прадмет мэблі з мяккай абіўкай і ручкамі-падлакотнікамі. [Дзяўчына] падышла пад акно, зірнула на двор і толькі тады вярнулася і села ў мяккае крэсла каля канапы. Мурашка.
2. перан.; звычайна з азначэннем. Разм. Месца работы, пасада. Заняць міністэрскае крэсла. □ Летась залічыў у штат жонку майго лепшага сябра Радзівонава — раскрытыкавалі так, што ледзь у крэсле ўтрымаўся. Вірня.
•••
Крэсла-ложак — раскладное крэсла, якое можна выкарыстоўваць у якасці ложка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заўзя́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які пастаянна і з захапленнем займаецца чым‑н., аддаецца чаму‑н. Заўзяты паляўнічы. Заўзяты балельшчык. □ [Кузьма] быў такі заўзяты і ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім і бралі з сабой. Шамякін.
2. Напорысты, упарты. У сяле добра помнілі: быў у .. [Шкробатаў] некалі сын, Радзівон, упарты, заўзяты. Мележ.
3. Які выконваецца, вядзецца старанна, з захапленнем, з запалам; упарты, напружаны. Заўзятая праца. □ Саша вяла нейкую заўзятую гутарку з Жарнавіком і не пачула, што сказаў Малашкін. Пестрак. Мы выйшлі на двор і ўбачылі заўзятую бойку двух шпакоў у паветры. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гу́рба, ‑ы, ж.
Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.
гурба́, ‑ы́, ж.
1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.
2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абце́рці, абатру, абатрэш, абатрэ; абатром, абатраце, абатруць; заг. абатры; пр. абцёр, ‑церла; зак., каго-што.
1. Выціраючы, зрабіць сухім, чыстым. Узяўшы яблык, Марына абцерла яго ражком хусткі і пачала есці. Кавалёў. Стары паклаў жалеза і абцёр аб фартух рукі. Чорны. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. // Выціраючы, сцерці што‑н. Яўхім абцёр рукавом пот на лбе і акінуў позіркам двор, шукаючы ценю. Пальчэўскі.
2. Зняць верхні слой чаго‑н. Аб пясок абцёр іржу з яе — І падкова нібы люстраная. Непачаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́менькі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
Разм. У спалучэнні з назоўнікамі з прасторамі або часавым значэннем выражае гранічную акрэсленасць месца, часу дзеяння. У саменькі поўдзень. □ Тут каза — як скокне ўбок, А Вавёрка — на дубок, Аж на саменькі вяршок. Муравейка. На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор: — Волька, ты дома? Скрыган. // Паказвае на непасрэдную блізкасць да каго‑, чаго‑н. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Колас. Наша хата стаяла пры саменькай дарозе. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падваро́тня, ‑і, ж.
1. Шчыліна паміж варотамі (радзей дзвярамі) і зямлёй. Грымеў ланцугом па дроце ад свірна да хлява здаравенны рыжы сабака, які да гэтага ляжаў у хляве, зашыўшыся туды праз падваротню. Дамашэвіч.
2. Дошка, якой закрываюць гэтую шчыліну; падваротніца. Мы асцярожна выцягнулі падваротню, паўзком пралезлі ў дзірку. Жычка.
3. Праём у доме або паміж дамамі для праезду, праходу ў двор (звычайна ў шматпавярховых будынках). Забегчы ў падваротню. □ Дзіцяняты, як вераб’і, кінуліся гарохам па дварах, падваротнях. Лынькоў. Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Пакрыць шматлікімі каплямі; зака́паць. Скапаць стол чарнілам.
2. Ка́паючы, зрасходаваць.
скапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.
1. Капа́ючы, зняць, зрэзаць (выступ, няроўнасць глебы). Калі б між намі ўсталі горы, Я мог бы іх скапаць, скрышыць; А разлілося б сіне мора. — Яго я змог бы пераплыць. Танк.
2. Ускапаць, пакапаць паверхню зямлі ў многіх месцах; зрыць. Скапаць двор канавамі. □ Алёшка спыніўся і доўга варажыў, куд[ы] падацца: сцежачкай на Лаўкі ці ездавой дарогай, што вяла па гары, якую скапалі снарады. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., што.
Разм.
1. Ускапаць, узадраць, узламаць паверхню чаго‑н. Свінні ўзвярнулі двор. Вецер узвярнуў страху. // Узараць. Але ж хіба не ён [Станіслаў Пракопавіч] узвярнуў увосень усё Лавацкае поле і той клін пад Гальдорадай, што ад вайны можа ўспорваўся які раз ці два і выганам стаў? Пташнікаў.
2. Узваліць што‑н. цяжкае, грувасткае на верх чаго‑н. Узвярнуць бярвенне на платформу вагона. Узвярнуць паклажу на плечы.
3. перан. Прыпісаць каму‑н. чужую віну, незаслужана абвінаваціць. [Аляксей:] — Невядома, што там у .. [брата з камендантам] было, аб чым яны дамовіліся, але ўсю бяду ўзвярнулі на мяне. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шырыня́, ‑і, ж.
1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.
3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)