узры́ў, ‑рыву, м.
1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.
2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.
3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ачу́цца, ачуюся, ачуешся, ачуецца; зак.
1. Прыйсці да памяці, ачнуцца; акрыяць. Колькі ехала і як ехала, [Зося] не ведала. Ачулася толькі, калі конь сам на двор узышоў. Крапіва. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра. Колас.
2. Падаць голас, стаць чутным; пачуцца. Першай ачулася Рагіна і выбегла з-за перагародкі. Адамчык. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх. Гартны. Каб у нас мядзведзі вяліся. Не-е... А вось ачуліся. Пташнікаў.
3. Прачнуцца, праявіцца. [Вера:] — Шанавала я свае пачуцці да вас, таму маўчала, чакала, можа, бацькоўскае сэрца ачуецца. Дуброўскі.
4. Апынуцца. Карцела жаданне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсці з цеснага душнага вагона і ачуцца на вуліцы Рыгі. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.
1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.
2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.
3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.
4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.
2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рад I м., в разн. знач. рад;
сядзе́ць у другі́м ра́дзе — сиде́ть во второ́м ряду́;
на градзе́ расло́ пяць радо́ў мо́рквы — на гряде́ росло́ пять рядо́в морко́ви;
самкну́ць рады́ — воен. сомкну́ть ряды́;
у рада́х а́рміі — в ряда́х а́рмии;
р. акалі́чнасцей — ряд обстоя́тельств;
гандлёвыя рады́ — торго́вые ряды́;
мясны́ рад — мясно́й ряд;
◊ у пе́ршых ~да́х — в пе́рвых ряда́х;
гады́ ў рады́ — в ко́и-то ве́ки
рад II прил., в знач. сказ. рад;
ве́льмі р. — о́чень рад;
◊ р. стара́цца! — рад стара́ться!;
р. не р. — рад (и́ли) не рад;
р. вас ба́чыць — рад вас ви́деть;
(і) сам не р. — (и) сам не рад;
жыццю́ не р. — жи́зни не рад;
чым бага́ты, тым і ра́ды — погов. чем бога́ты, тем и ра́ды;
хто дабру́ не р. — погов. кто добру́ не рад;
ра́да б душа́ ў рай, ды грахі́ не пуска́юць — посл. рад бы в рай, да грехи́ не пуска́ют
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
далажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і без дап.
1. Афіцыйна паведаміць, зрабіць даклад 1 (у 2 знач.). — Таварышы, — звярнуўся Гуга да сходу: — да нас прыехаў наш таварыш і зямляк. .. У яго ёсць план работы, аб якім ён і даложыць вам. Колас. // Зрабіць данясенне, давесці да ведама. Пагранічнік далажыў начальніку заставы Мікалаю Іванавічу Свірыну пра здарэнне. Пальчэўскі. Келер пастроіў салдат і далажыў лейтэнанту, што скончылі аперацыю. Мележ. // Разм. Расказаць, паведаміць аб чым‑н. — А вас, панічыку, пыталася паненка, — далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей. Колас.
2. Паведаміць начальніку, гаспадару аб прыходзе наведвальніка. Сакратар(к)а далажыла, і .. дырэктар згадзіўся прыняць наведвальніка. Шахавец.
•••
Далажыць па камандзе — далажыць вышэйшаму па рангу камандзіру.
далажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і чаго.
Палажыць дадаткова; дадаць, дакласці. Далажыць у сподак варэння. Далажыць грошай на пакупку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак. і незак.
1. што. Зняць (знімаць) віну за што‑н.; прабачыць (прабачаць). Усё магу дараваць, а хлусню — ніколі. Асіпенка. Крытык! Родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва.
2. што. Вызваліць (вызваляць) ад якога‑н. абавязацельства. Дараваць доўг.
3. што. Падарыць (дарыць). Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала.
4. заг. дару́й(це), часта ў знач. пабочн. Ужываецца пры звароце да каго‑н. для папярэджання аб чым‑н. ці для выражэння просьбы прабачыць у чым‑н. Даруйце, я затрымаўся. □ — Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян, — лагодна заўважыў Лабановіч. — Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Колас.
•••
Дараваць жыццё — памілаваць засуджанага да пакарання смерцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; заг. адмоўся; зак.
1. Не згадзіцца рабіць што‑н.; выказаць сваю нязгоду займацца чым‑н. Пасля сканчэння акадэміі Зіну і Ніну хацелі пакінуць у аспірантуры, але яны катэгарычна адмовіліся. Гурскі. Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Колас. // Не прыняць чаго‑н., адхіліць. Адмовіцца ад падарунка. □ [Дзед:] — А пра вас, малых, дык і гаварыць няма чаго, — ад салодкага вы ніколі не адмовіцеся. Рылько.
2. Парваць сувязі з роднымі, блізкімі; адрачыся. Але Паддубны не можа адмовіцца ад Ганны, адштурхнуць яе ад сябе, панесці цяжкую рану гэтаму блізкаму і дарагому чалавеку. Хромчанка.
3. Не прызнаць за сваё, не пацвердзіць чаго‑н. Адмовіцца ад сваіх абяцанняў. Адмовіцца ад подпісу. // Перастаць трымацца чаго‑н.; адступіцца ад чаго‑н. Адмовіцца ад веры. Адмовіцца ад сваіх поглядаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выбача́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каму, каму за што, на што і без дап.
1. Не караць за што‑н., дараваць. [Дзед Мароз:] — Выбачай мне за спазненне, Што ні хочаш — я ў імгненне Для цябе [Міхася] зраблю. Кірэенка. Сорам добрай гаспадыні даваць такі хлеб чужым людзям. А што ж інакш рабіць? Што ж, няхай.. [Кастусь] выбачае. Чорны.
2. заг. выбачай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. (часам як пабочнае слова), калі просяць прабачэння за турботы, непрыемнасць і пад. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. — Выбачайце, я ўзнерваваны. Чорны. [Жэня:] — Выбачайце, Віктар Сяргеевіч, мы вас патурбавалі... Якімовіч. // Ужываецца як форма пратэсту, нязгоды. [Дзед Бадыль:] — Дзеўка — золата, а на пасаг выбачайце! Крапіва. Каламуціцца ноч. Расшчапляецца атам. Гэта зноў Вы з вайной? Выбачайце, паны дыпламаты. Лужанін.
3. каго. Прызнаваць, што хто‑н. заслугоўвае даравання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. з кім і без дап. Гаварыць або рабіць што‑н. несур’ёзна, смехам, для пацехі. Звінелі коні цуглямі, Паводдзе з плота рвалі, А з коннікамі смуглымі Дзяўчаты жартавалі. Гаўрусёў. // Весела вастрасловіць. — А ты, бачу, не забыў, што граблямі завецца, — жартаваў старшыня. Васілевіч.
2. з каго-чаго і без дап. Насміхацца, кпіць. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў.
3. з кім-чым. Несур’ёзна, безуважна адносіцца да каго‑, чаго‑н., недаацэньваць каго‑, што‑н. Са здароўем чалавека жартаваць нельга. Шахавец. З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца... Якімовіч.
4. Гаварыць, рабіць што‑н. нарокам, легкадумна. — Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца. — Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Якімовіч.
•••
Жартаваць (гуляць) з агнём — рабіць тое, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)