прыйсці́ся, прыйду́ся, пры́йдзешся, пры́йдзецца; пр. прыйшо́ўся, ‑шла́ся, ‑шло́ся; зак.

1. Аказацца адпаведным, падысці па якіх‑н. прыкметах, у якіх‑н. адносінах. Прыйсціся па памерах. Прыйсціся да твару. Прыйсціся на нагу. □ «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». Чорны. — Дык чым жа я вам гэтак прыйшлася? — спытала Аніся. Сабаленка. Спецыяльнасць токара прыйшлася тут вельмі дарэчы. Шахавец.

2. Апынуцца на якім‑н. месцы, узроўні; супасці з чым‑н. Свята прыйшлося на нядзелю. □ Затым [Кучынскі] агледзеў прыборы, пакратаў рабрыстую ручку упраўлення, якая прыйшлася між калень. Алешка. Адзін удар прыйшоўся па твары. Брыль.

3. Скласці якую‑н. колькасць у адносінах да каго‑н.; дастацца. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі .. Па дзве, дык па дзве — мы не супраць. Добра, што і гэта прыйшлося. Пянкрат. Па добрага паўвоза сена кожнаму прыйшлося. Чорны. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. безас. з інф. Аказацца вымушаным (што‑н. рабіць). Майстэрня, пакуль цёпла, — у хлеўчуку, зімой прыйдзецца перабрацца ў хату. Навуменка. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Ні Іллюк, ні нават Міхалючок маляваць не ўмелі, дык прыйшлося навырэзваць малюнкаў. Чорны. // Выпасці каму‑н. на долю, давесціся; здарыцца. [Навічкі] тупалі каля вазоў і баязліва паглядалі на будынак, дзе ім прыйдзецца вучыцца чатыры гады. С. Александровіч. Прайшоў я уздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей бачыць усякіх прыйшлося. Танк. Танцавалі дзе прыйшлося: на пакосе — на пакосе. Дубоўка.

5. 3 ас. адз. пры́йдзецца (у спалучэнні з папярэднім займеннікам або прыслоўем). Ужываецца для ўказання на няпэўнасць, выпадковасць. Дзе прыйдзецца. Што прыйдзецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Падзяліць на часткі. Раздзяліць буханку на тры часткі. □ На бюро абкома вырашылі раздзяліць вобласць на зоны. Дзенісевіч. Бондар раздзяліў атрад і адбіты абоз на тры групы, з разлікам, каб яны памаглі пагарэльцам кожнай з трох вёсак. Навуменка. // Падзяліць на якія‑н. катэгорыі, разрады. [Князь:] — Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. Караткевіч.

2. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н., выдзеліўшы кожнаму адпаведную частку. Раздзяліць прадукцыю на некалькі дзён. □ [Кулік] раздзяліў усім нявольнікам па бульбіне, якая здавалася смачней за яечню. Гурскі. // Даць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; падзяліцца чым‑н. Раздзяліць абед з таварышам.

3. Падзяліць паміж кім‑н. агульную гаспадарку, маёмасць, даўшы магчымасць жыць і весці гаспадарку самастойна. — У цябе адзін [сын], а ў мяне двое.. Калі раздзялю хутар, дык абодва жабракамі будуць, — сказаў Макар. Асіпенка.

4. Знаходзячыся паміж кім‑, чым‑н., раз’яднаць. Рака раздзяліла гэтыя вобласці. // перан. Пазбавіць сувязі, зносін з кім‑н., зрабіць далёкімі, чужымі адзін другому, разлучыць. Хоць адкрытых канфліктаў між .. [Евай і Аўгіняй] і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Колас. — Бач, жыве наш Карп, ажыццяўляюцца яго думкі, яго імкненні. Значыць, смерць не раздзяліла нас... — Баранавіч глыбока і, як здалося Сітніку, гаротна ўздыхнуў. Дуброўскі.

5. Перажыць, зведаць што‑н. разам з кім‑н. Раздзяліць гора. Раздзяліць радасць з сябрамі. □ [Сакольнаму] раптам захацелася глянуць на Аню, на тую адзіную студэнтку, якая сёння раздзяліла з ім славу двоечніка. Кулакоўскі. // Прыняць удзел у чым‑н. разам з іншымі. Раздзяліць кампанію. □ Давядзецца раздзяліць з .. [жонкай] небяспечную долю. Новікаў. // Далучыцца да чаго‑н., выказаць сваё адзінадушша з кім‑н. Раздзяліць погляды сваіх таварышаў.

6. Зрабіць дзяленне (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Кідаючы, размясціць у розных месцах па паверхні. Раскідаць гной. □ — Я некалі не паверыў, што Талаш раскідаў пяцёх легіянераў, вырваўся ад іх і ўцёк. Лужанін. І вецер, надзьмуўшы, як ветразь, шторы, Праз фортку ўварваўся, раскідаў лісты... Гілевіч. // Пакласці ў беспарадку, не на месца. Абуўся дзядзька, штось шукае І раптам голасна пытае: — А во! хто ж кнігі так раскідаў?! Колас.

2. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Размясціць на адлегласці адзін ад аднаго. Да вайны вакол вёсак было раскідана яшчэ некалькі меншых хутароў. Залескі. На гэтых бяскрайніх абшарах балот, як астраўкі ў акіяне, былі раскіданы прыгожыя, асабліва ўлетку, выспы. Шчарбатаў. // Прымусіць разысціся, раз’ехацца ў розных напрамках; размясціць у розных месцах. Усіх падсудных раскідала, каго куды, па ўсіх астрогах Польшчы. Машара. / у безас. ужыв. Цвіў сіні бэз, была вясна. І па палях праходзіў квецень, Калі ўсхадзілася вайна. І нас раскідала па свеце. Астрэйка.

3. Разбурыць, разваліць. Першымі часамі пасля рэвалюцыі [Банадысь] .. раскідаў старую цесную хату і на яе месцы паставіў дом. Чорны. // перан. Разладзіць, расстроіць, прымусіць распасціся. У Таццяны Восіпаўны была надзея, што, скончыўшы школу, Марылька паможа даць адукацыю Янюце і Сашы, але яе ранні замуж раскідаў гэтыя планы. «Полымя». [Анэта:] — Цераз гэты гандаль і тады сям’ю раскідаў і цяпер моцнай не зробіш! Чорны.

4. Дарэмна патраціць. — Не просіць нічога [сястра], а я ведаю: трэба памагчы. А я ўсе грошы раскідала на дробязі. Савіцкі. «І чужога не вазьму, і свайго не раскідаю» — такое цётчына правіла. Лось.

5. Праараць уроскідку. [Яўген] раскідаў запар дзве палосы: сваю і Анісеву. Баранавых.

раскіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да раскі́даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; заг. папраў; зак., каго-што.

1. Ліквідаваўшы пашкоджанні, зрабіць прыгодным для карыстання; выправіць. [Куліпа:] — Сёння дажджу няма, таксі павінна пайсці. Гэта ўчора нешта ў ім паламалася. Але ж, пэўна, паспелі паправіць. Чыгрынаў. Трэба было падладзіць плугі, паправіць падвесную дарогу на свінаферме. Даніленка. // перан. Змяніць на лепшае або вярнуць да ранейшага (аб справах, жыцці і пад.). Зноў запяклі думкі пра сваё малое, пра бяду, якой ужо не паправіць ніколі. Мележ. [Алека] неяк падумаў, што да прыезду гаспадароў няблага купіць бутэльку віна.. Але ж было яшчэ не позна, усё яшчэ можна было паправіць. Хадановіч.

2. Прывесці да належнага выгляду, да парадку. Паправіць хустку на галаве. □ Навасад паправіў за плячамі мяшок і ўвайшоў у вуліцу сяла. Краўчанка. Лена паправіла кветкі ў гладышыку, абарвала некалькі звялых лістоў. Ваданосаў.

3. Ліквідаваць недахопы, памылкі. — Ёсць там і памылкі, і недагляды. Але ўсё гэта можна паправіць. Скрыган. // Указаць каму‑н. на зробленую памылку. Цыля прываблівала сваёй адукаванасцю, смелымі думкамі і ўменнем паправіць чалавека, не робячы яму крыўды. Асіпенка. // Унесці папраўкі ў чые‑н. словы, выказванні. — Не муравашка, а мурашка, — паправіла Вера Антонаўка і скрывілася, гатовая заплакаць. Карпаў.

4. Аднавіць, палепшыць, умацаваць. [Сальвэсь:] — Яна [жанчына] там нагаворыць! Ох, яна там нагаворыць ужо! А тут што, яна дзеля гэтага і замуж ішла, каб маім дабром сваю гаспадарку паправіць. Чорны. // Разм. Палепшыць чым‑н. здароўе. У дваццаць пяць гадоў трэба было б жыць самастойна, зарабляць не толькі на сябе, але і на сям’ю. Колькі разоў узнікалі гутаркі аб гэтым! Але такт Адама Юр’евіча, бацькі, згладжваў вострыя куты. Аб гэтым будзем думаць, калі льга будзе паправіць здароўе... Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм. Дуброўскі. / Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі. Лынькоў. Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад. Дадзіёмаў. // Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту. Брыль.

3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою. Адамовіч. Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі.

4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі. Шамякін.

5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе. Васілевіч. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Шыцік. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. Паслядовіч. Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя. «Звязда».

6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык. Лынькоў. Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік. Чорны.

•••

Складанае трайное правіла гл. правіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплы́сці і сплыць, сплыву, сплывеш, сплыве; сплывём, сплывяце; пр. сплыў, сплыла, ‑ло; зак.

1. Паплысці, сысці ўніз па цячэнню, быць знесеным вадой. Так, пэўна, і сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе .. мяшчане і трэскі не прапускалі. Караткевіч. Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Гарэцкі. // перан. Зменшыцца. Цяпер людзей сплыло крыху. Чорны.

2. Сцячы адкуль‑н., выцечы. Вада ў рацэ пасля веснавой паводкі яшчэ вялікая. Але з прырэчнага лугу ўжо сплыла. Каршукоў. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, .. [Сотнікаў] ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Быкаў.

3. Павольна, плаўна апусціцца, паляцець, аддаліцца і пад. Пасля раптам хмары сплылі, зноў выбліснула сонца. Арабей. Мяркуючы быццам, што рабіць, .. [коршак] зноў сплыў да зямлі. Мурашка. Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. Улёгся вецер, Сыраваты, рэзкі. Смуга сплыла з палёў у пералескі. І. Калеснік. // перан. Паступова, павольна знікнуць. У наступны момант .. [Назарэўскі] адвярнуўся, і з яго твару сплыла ўсмешка. Чорны. Узрушэнне, выкліканае незвычайнасцю навіны, паступова сплыло. Навуменка.

4. Прайсці, мінуць (пра час, здарэнні). Было даўно — З тае пары Нямала дзён сплыло. Кірэенка. За ўсім адразу не паспееш, Жыццё, як воблачка, сплыве. Бураўкін. Было ды сплыло. Прымаўка.

5. перан. Разм. Бясследна знікнуць, прапасці. Гарод пры школе добры быў, — яго ўсе вучні абраблялі. Ды ўраджай кудысьці сплыў, калі ў свой час яго сабралі. Корбан. // Хутка зрасходавацца. [Дзядзька Міша:] — І што вы думаеце? Не агледзеўся чалавек, як сплылі тыя яго тысячы. Палтаран.

6. Знемагчы ад страты крыві. Яна сплыла крывёю і была бледная-бледная, не зважаючы і на загар. Шахавец.

•••

Сплысці (сплыць) (з) вадою — прайсці, мінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вузкая і тонкая пласцінка з завостраным канцом, якая паварочваецца на восі і паказвае час, напрамак і пад. у розных вымяральных прыборах. Гадзіннікавая стрэлка. Стрэлкі компаса. □ Стрэлка манометра пасоўвалаа ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак. Стрэлкі прыбораў іскрыліся, паказвалі зададзеную вышыню, а хуткасць перайшла лічбу, якую назваў капітан. Алешка.

2. Знак для ўказання напрамку ў выглядзе лініі, ад канца якой пад вострым вуглом адходзяць дзве кароценькія рыскі. Стрэлкі руху ветру. □ На ўсё былі таблічкі, адмысловыя стрэлкі з надпісамі: да кіпятку трыццаць... дваццаць... дзесяць метраў. Лынькоў. // Узор, рысунак такой формы. Панчохі са стрэлкамі. / Пра бровы, вусы і пад. Стрэлкі густых, прыгожых брывоў [жанчыны] ўзлятаюць угору. Навуменка.

3. Прыстасаванне на рэйкавых пуцях для пераводу рухомага саставу з аднаго пуці на другі. Цягнік выкіраваўся за стрэлкі і пачаў набіраць хуткасць. С. Александровіч. Міколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам і грукатам.. пастукваючы на стрэлках, цягнік. Лынькоў.

4. Вузкі і доўгі выступ сушы; пясчаная каса. Дзве доўгія стрэлкі прычалаў уразаліся далёка ў заліў. Шамякін.

5. Бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе. Бульба прарастала з-пад падрубы пограба, гнала на двор бледна-ружовыя кволыя стрэлкі. М. Стральцоў. Калі з’явіцца кветкавая стрэлка, зямлю багата наліваюць. «Беларусь». // Вузкі, доўгі парастак, ліст расліны. Стрэлкі цыбулі.

6. толькі мн. (стрэ́лкі, ‑лак). Травяністая расліна сямейства крыжакветных з маленькімі белымі кветачкамі і стручкамі ў форме сумачкі.

7. Абл. Страказа. У паветры купаліся блакітныя са слюдзянымі крыльцамі стрэлкі. Сачанка.

•••

Магнітная стрэлка — тонкі магніт у выглядзе выцягнутага ромба, які рухаецца вакол вертыкальнай восі компаса і заўсёды павернуты адным канцом на поўнач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трубі́ць, трублю, трубіш, трубіць; незак.

1. Дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць. Трубіў пастух... З палосак Дахаты жнеі йшлі, Іх песень адгалоскі Журботаю плылі... Панчанка. Ты [партыя], як маці, схілялася, родная, Над маёю калыскай тады, Калі ў трубы трубіла паходныя, Падымаючы сілы народныя, Царскі лад руйнаваць назаўжды. Непачаловіч. // Гучаць (пра трубу). Трубы трубяць. □ Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выязджае пан на ловы. Гарэцкі. // Падаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы. Недзе на пуцях трубілі паравозы. Лынькоў. Вакол густы туман, параход увесь час трубіць. Мележ. // Ствараць нізкія, моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Дзіка трубяць ваўкі. Куляшоў. Я слухаў, Як гусі трубілі, Грымела вясны гамана, І думаў аб юнай рабіне. Калачынскі.

2. што. Гукамі трубы падаваць сігнал да чаго‑н.; выконваць на трубе што‑н. Трубіць атаку. Трубіць зару. Трубіць трывогу. □ Эй, гарніст, трубі паход! Колас.

3. што і без дап. Разм. Шмат есці. Густаў, дурніца гэты, прыносіць толькі па дванаццаць марак кожнай пятніцы — што застаецца ад аліментаў яго прыгажуні, — а хлеба трубіць шмат, і з сабой жа бярэ таксама. Брыль.

4. перан. Разм. Пісаць, весці размовы аб кім‑, чым‑н., распаўсюджваць чуткі. [Веля:] — Жыві! Але мяне не прымушай жыць так, як табе хочацца! [Яўген:] — Пэўна ж! Аб тваім жыцці цяпер увесь пасёлак трубіць! Савіцкі. // Назойліва напамінаць, гаварыць аб чым‑н. А Марыя Цітаўна, перакрыкваючы радыёлу, што грымела на ўсю хату, трубіла: «Я ж вас, дзеткі мае, усіх люблю». Гаўрылкін.

•••

Трубіць на ўвесь свет — тое, што і трубіць (у 4 знач.).

Трубіць у фанфары — паднімаць урачысты шум вакол чаго‑н., урачыста абвяшчаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улаві́ць, улаўлю, уловіш, уловіць; зак.

1. каго-што. Разм. Схапіць, злавіць каго‑, што‑н. [Хлапчук] выйшаў, улавіў за лейцы каня і накіраваў зноў на палоску. Мурашка. Улавілі [казакі] і Максіма Цёмнай ночкай у бары. І павіслі на асіне Нашы хлопцы-бунтары. Машара.

2. перан.; што. Успрыняць органамі пачуццяў тое, што слаба праяўляецца, хутка знікае. Улавіць шолах лесу. Улавіць пах кветак. □ — Ручаюся! — прамовіў я, саромеючыся, і ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі, якая, стоячы збоку, прыслухоўвалася да размовы. Карпюк. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома. Пташнікаў. Вавулін прыгледзеўся і ледзь улавіў цёмны цень фурманкі, што марудна рухалася насустрач. Лупсякоў. // Заўважыць, прыкмеціць, адчуць што‑н. У .. позірку [дзяўчыны] .. [Іван] улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Быкаў. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачыма, а адразу ўсёй істотай. Навуменка. // Зразумець, выявіць сутнасць, характэрныя рысы чаго‑н. Насця гаварыла, не павышаючы голасу, і Заранік напружваў слых, каб улавіць сэнс яе слоў. Хадкевіч. Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. // Запомніць, пераняць мелодыю, матыў і пад. Песня была новая, слоў .. [Жыгалка] не ведаў, але хутка ўлавіў матыў і цягнуў яе з натхненнем. Дуброўскі.

3. што. Сумець своечасова скарыстаць, выкарыстаць зручны час. Улавіўшы момант, калі сход можна было пачынаць, Карэцкі ўстаў з-за стала. Шахавец.

4. што. Выявіць і прыняць, зарэгістраваць якімі‑н. прыборамі. Улавіць радыёхвалю. Улавіць слабыя токі. □ Аўтаматы сейсмастанцыі ўлавілі ваганні планеты і ўключылі прыборы і асвятленне. Шыцік.

•••

Улавіць вухам — пачуць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)