са́ма, часціца.
1. Ужываецца ў спалучэнні з якаснымі прыслоўямі для абазначэння найвышэйшай ступені. Як ні разважала [Хадоська], усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца. Мележ. [Засуліч:] — Я зараз кончу сваю ролю. Ну, можа, якіх сама больш дзесяць хвілін. Зарэцкі. [Сусед] заўсёды, чытаў нешта такое старое-старое: кніга, што ляжала перад ім, сама меней мела гадоў сто. Дамашэвіч.
2. У спалучэнні з дзеясловамі выражае самы пачатак чаго‑н., якога‑н. дзеяння. Прыцемак сама што пачынаў ахінаць горад. Васілёнак. Цяпер.. [зайцы] маладыя, сама пачынаюць гарцаваць надвячоркамі. Кулакоўскі. // У канструкцыях, якія паказваюць, што толькі пачатае дзеянне сутыкнулася з сустрэчным. Сама што я заснуў, а мяне пабудзілі. □ Але сама што.. [Магдалена] намерылася стаць пры печы за гаспадыню, як адчыніліся з сянец дзверы. Чорны.
3. У канструкцыях са значэннем: у самую пару, у самы раз, у гэты час, якраз цяпер. Над полем узлятае чародка шпакоў. Яны цяпер сама жыруюць. Навуменка. Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рой, ‑ю; мн. раі, ‑ёў; м.
1. Сям’я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу. З дзедавых расказаў .. [Міхалка] ведаў, што рой доўга не сядзіць на месцы, што матка, вывеўшы з вулля сваю маладую сям’ю, толькі чакае высланых разведчыкаў, якія паляцелі шукаць новае месца для рою. Якімовіч.
2. Вялікая колькасць насякомых або птушак, якія кружацца ў паветры. Рой мошак віўся перад .. тварам [Нявады]. Чорны. / Пра сняжынкі, лісце і пад., якія кружацца ў паветры. Узмахне Зіма рукавом кажуха і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Даніленка. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін.
3. у знач. прысл. ро́ем. Чарадой, гуртам, у вялікай колькасці. Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Крапіва. Па рэйках роем пстрыкалі кулі. Машара.
4. перан.; каго-чаго або які. Мноства, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Над вогнішчам узвіваецца цэлы рой залатых іскрынак. Курто.
•••
Віцца роем гл. віцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. каго-што. Пачаць каціць, прымусіць каціцца (пераважна што‑н. круглае). Раптам свавольнік-вецер сарваў з галавы хлопчыка шапку і пакаціў яе, як мячык, па полі, у бок ад дарогі. Сіняўскі. // Пачаць рухаць, везці што‑н. на колах. Айцец Сабольскі падняў веласіпед з дарогі і пакаціў яго ў руках, чапляючыся нагамі за пні. Пташнікаў. Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Мележ.
2. Разм. Пачаць перамяшчацца (аб транспартных сродках). Неўзабаве.. [прышэльцы] выйшлі — завуркатаў на вуліцы матор, і легкавік ціха, як бы нехаця, пакаціў да станцыі. Вышынскі. // Паехаць, адправіцца куды‑н. [Ірына] пашыла з паўтузіна новых шаўковых халатаў і пакаціла ў Сачы. Краўчанка.
3. што. Перамяшчаць сілай цячэння. Рака Сасна дажджэцца той пары, Што зноў пакоціць хвалі праз бары. Астрэйка.
4. каго-што. Разм. Паваліць, прымусіць упасці. Вася падхапіўся з зямлі. Пачырванелы, сярдзіты. — Давай яшчэ раз!.. Мы схапіліся зноў. Тузаліся, тузаліся, і я зноў пакаціў яго. Рунец.
•••
Хоць шаром пакаці — пуста, нічога няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.
1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.
2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.
3. Разм. Ужываецца як лаянка.
[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу (у полі, на снезе), межы зямельных участкаў і пад. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прыйшлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсці канал. Колас. Пакуль што я памагаў дзядзьку Гарасіму: ставіў тычкі на межах дзялянак, падчэсваў іх сякераю зверху і пісаў хімічным карандашом з аднаго і другога боку, каму надзел вызначаецца. Якімовіч.
2. Спец. Паплавок у выглядзе шаста з мяцёлкай або перакладзінай наверсе, які абазначае мель, фарватэр і пад. — Пакупаемся, Галіна Казіміраўна, — прапанаваў Зянон. — Тут жа, мусіць, вельмі глыбока? — Не, не! Вунь аж да тых тычак можна ісці. Сабаленка. // звычайна мн. (ты́чкі, ‑чак). Шост, які выкарыстоўваецца як падпорка для павойных раслін. Вацькоўскі дом: шчыт — узыходзячае сонца, На тычцы ўецца белабровы хмель. Лойка. Халахцей баяўся Мар’і. «Бледны чорт» — было вышэйшай ступенню яе абурэння, і ён хуценька ныраў у тычкі з фасоляй і выбягаў на сцежку за поплавам. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учыні́ць, учыню, учыніш, учыніць; зак., што.
Разм.
1. Зрабіць; правесці, арганізаваць. [Баец] ведаў ужо ўсю страшную гісторыю з бацькам, якую ўчынілі з ім фашысты. Дудо. Таварышы, — вымавіў рэдактар, — тут мы тут сапраўдны суд учынілі над нарысам Макара Шыянка, і мне, мабыць, трэба тут быць арбітрам. Сабаленка. Збіраемся мы звычайна учатырох: я, Санька, Міша і Косцік. А як збяромся, дык абавязкова нешта ўчынім. Ваданосаў. // У спалучэнні з назоўнікамі абазначае: выканаць, ажыццявіць тое, што выказана назоўнікам. Учыніць праверку. Учыніць крыўду. □ Часам.. [гракі і галкі] ўчыняць такі гвалт, такі гармідар, што чуваць ажно ў Міхалаве. П. Ткачоў.
2. Утварыць, зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае. Учыніць скандал. Учыніць пажар. □ Праз месяц пасля выхаду з Гарбылёў.. [партызаны] ўчынілі такое, чым можна, калі застанешся жывы, ганарыцца да скону дзён. Навуменка.
3. Абл. Рашчыніць. Учыніць хлеб. □ — Цёця Тася! Мы вам дапаможам: і ўчынім, і замесім. Нават спячом самі, толькі вы кіруйце ўсім. Дубоўка. [Цётка Ганна:] — Піце, мае дзеткі! Гэта я [квас] учыніла на хлебе, але ён не слабеў, за гарадское сітро. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалі́цца, хвалюся, хвалішся, хваліцца; незак.
Расхвальваць што‑н. сваё, свае поспехі, заслугі і пад. Хваліцца сілай. □ — Вось гэта ў мяне сёлета добра ўрадзіла! — хваліўся гаспадар, паказваючы на канюшыну. Бядуля. [Сонька] ўсім хваліцца, што кучаравая ад роду, але мы ведаем, што без гарачага цвіка тут не абыходзіцца. Сяркоў. Дык вось кінь, Ілья, хваліцца Сваім громам, бліскавіцай: Твая тэхніка — старая, У архіў даўно пара ёй. Крапіва. // З пахвальбой расказваць пра свае ўчынкі, дасягненні і пад. Бацька, захмялелы, хваліўся за сталом, што ён зарабіў не блага і надумаў набыць машыну-воўначасалку. Кухараў. Адразу ж пачала [імянінніца] хваліцца: — А ў нас сёння смачны-смачны пірог быў, з варэннем. Юрэвіч. // З выхваляннем абяцаць зрабіць што‑н. Польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. Брыль. [Хлапчукі:] — А яшчэ хваліўся — любога на лапаткі палажу! Рунец. // Расказваць, паведамляць пра што‑н. Лясніцкі.. звярнуўся да Тацяны: — Хваліцеся ж, Тацяна Карпаўна, вашымі поспехамі ў санітарнай справе. Шамякін. Пра гэтае месца мы нікому з рыбакоў не хваліліся, бо, апрача ўсяго, там лепш чым дзе бярэцца рыба. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хваста́ць, хвашчу, хвошчаш, хвошча; незак.
1. каго-што і па чым. Біць чым‑н. гнуткім; сцёбаць. [Адаму] здавалася, што конь ледзь рухаецца, і ён раз-поразу хвастаў яго пугай. Чарнышэвіч. Са жмутамі аеру [хлопцы і дзяўчаты] заняліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Карпаў. // Разм. Біць, наносячы звонкія ўдары па твары, целе. Палкоўнік крычаў, як вар’ят, сарваў з шыі капітана крыж, а ў клубнага афіцэра — пагоны. І пачаў хвастаць таго, з клуба, па твары. Місько. // Наносіць удары каму‑н. у час руху. І вось той ельнік... Густыя лапкі хвошчуць па твары, па спіне, колюць рукі. Паўлаў. Голле хвастала па кабіне, пакідаючы на шкле зялёныя плямкі. Радкевіч.
2. каго-што і па чым. Сячы, біць (пра вецер, дождж, снег і пад.). [Лабановіч] павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам. Колас. Дробныя калючыя сняжынкі, гнаныя з поля ветрам, хвасталі, балюча секлі твар [Агаты]. Сабаленка. // і без дап. Ліцца з сілаю. Хвастаў праліўны дождж, і халодныя струменьчыкі прасочваліся на спіну. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З шумам выпускаць паветра праз ноздры. Праз паўгадзіны Клава бачыла, як нядаўна звязаны і скрыўлены жандар чмыхаў, як лось, мыючыся каля бочкі з вадою. Чорны.
2. Усміхаючыся, смеючыся, плачучы, утвараць гук носам ці губамі. Сям-там пачалі мужчыны чмыхаць, хлопцы шаптацца ды дзяўчаты падраготваць. Мурашка. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу, за хлявом.. доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар. Галавач.
3. З шумам выпускаць праз пэўныя адрэзкі часу паветра, пару, адпрацаваныя газы. Недалёка грукатаў цягнік. Нават чуваць было, як ён натужна сон і чмыхаў. Новікаў. Адсюль ужо былі бачны першыя хаты Затокаў і чутно, як чмыхае каля клуба рухавічок. Жычка.
4. перан. Разм. Сердаваць, злавацца, выражаючы незадаволенасць чым‑н. — Цьфу ты, нацыя бабская... — нездаволена чмыхаў дзед. — Ты да яе [Палаткі] як чалавек, а ў яе сваё ў галаве... Лынькоў. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на паравозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумле́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. [Купала] лічыў, што свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага чалавека з’яўляецца самаадданае змаганне за родную зямлю. Гіст. бел. сав. літ. Паліна Галавач была жонкай сумленнага чалавека, савецкага афіцэра Кузьмы Галавача. Новікаў. // Уласцівы чалавеку з такімі якасцямі. Сумленным сэрцам ты ў ім Іводгулле адрозніш І ворагаў і сяброў галасы. Аўрамчык. // Не здольны ўкрасці, не схільны да крадзяжу. Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала, — Сам ты злодзей, — адказала яна [п’янаму], а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён не ўкраў. Галавач. Слабы замок бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на, пострах. Бядуля. // Старанны, шчыры. Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Які выказвае праўдзівасць характару, адкрыты (пра твар, погляд і пад.). Рыбаковы сумленныя вочы Схаладзелі на міг, нібы лёд. Панчанка.
2. Згодны з паняццем сумленнасці. Сумленныя паводзіны. □ [Дзімін:] — Ты [Максім Сцяпанавіч], напрыклад, лічыш сумленным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Карпаў. // Які вынікае з адносін да сваіх абавязкаў; атрыманы дзякуючы такім адносінам. Зарабіць, сумленны кавалак хлеба. □ Хоць не кожны хай мае партыйны білет, Але ў працы сумленнай мы ўсе — камуністы. Прыходзька.
3. Нічым не заплямлены, бездакорны. Сумленнае імя. // Якая захоўвае свой жаночы гонар. Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)