прасла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць зак., каго-што.

1. Зрабіць вядомым, славутым. — У часе вайны з фашысцкай Германіяй многія выхаванцы нашай школы праславілі сябе гераічнымі подзвігамі. Мікуліч.

2. Стварыць каму‑, чаму‑н. славу, папулярнасць, адлюстраваўшы ў мастацкім ці якім‑н. іншым творы. Праславіць у вершах народ. □ Я хачу праславіць у магутным гімне Дзень камунізма залаты. Танк. Ідэю падказала само жыццё і рэвалюцыйнае сумленне паэта: праславіць рыбацка-сялянскае паўстанне над Нараччу і гэтым самым узняць дух барацьбы ва ўсёй Заходняй Беларусі. У. Калеснік.

3. Іран. Распаўсюдзіць пра каго‑н. нядобрым звесткі, плёткі; абняславіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прываражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак., каго.

У забабонных уяўленнях — варажбой выклікаць любоў, прыхільнасць да каго‑н. [Жанчына:] — Прываражыла яна яго, не іначай, як прываражыла. У яе і маці варажбітка была. Шамякін. // Выклікаць любоў да сябе, прымусіць пакахаць сябе. Чым цябе ён так прываражыў? Ці больш кветак табе ён насіў? Ці больш песень прапеў пад акном? Танк. Не кідайся людзям у вочы, бо ты ж не якая-небудзь дзеўка-круцёлка, якая робіць усё напаказ, каб хутчэй прываражыць «самага выгаднага» жаніха. Рылько. // перан. Прывабіць, зачараваць. Лес прываражыў .. [Пазняка] і сваім асеннім хараством, і зімовай сваёй дрымотнай чароўнасцю. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пліта́, ‑ы, ДМ пліце; мн. пліты, пліт; ж.

1. Вялікі плоскі камень або кавалак металу і пад. з плоскай роўнай паверхняй. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. Прыстань шырокая, доўгая, роўная, прасторная, акуратна вылажана гладкімі каменнымі плітамі і заліта асфальтам, абсаджана двума радамі каштанаў. Колас. Рудзенькая дарожка да самага ганка была высыпана жоўтым пяском і выкладзена бетоннымі плітамі. Місько.

2. Кухонная печ з канфоркамі. — Хацелася б, сынок, каб і ты быў такі спагадлівы і уважлівы да людзей, — зазначыла маці і адышлася да пліты гатаваць снеданне. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. папоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Пачаць паўзці. Праз момант танк стаў, адскочыла вечка люка, і адтуль, спрытна куляючыся, выскачылі танкісты, пападалі на зямлю і папаўзлі ўбок. Марціновіч. Па вуліцы, рыпаючы палазамі, папаўзлі вазы. Грахоўскі. Чырвань хутка папаўзла па шчоках, пераноссі, скронях. Б. Стральцоў. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў. Новікаў. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх. Колас. Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па шыбах доўгія крывыя пісягі. Грахоўскі. Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Пакрыць шматлікімі каплямі; зака́паць. Скапаць стол чарнілам.

2. Ка́паючы, зрасходаваць.

скапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. Капа́ючы, зняць, зрэзаць (выступ, няроўнасць глебы). Калі б між намі ўсталі горы, Я мог бы іх скапаць, скрышыць; А разлілося б сіне мора. — Яго я змог бы пераплыць. Танк.

2. Ускапаць, пакапаць паверхню зямлі ў многіх месцах; зрыць. Скапаць двор канавамі. □ Алёшка спыніўся і доўга варажыў, куд[ы] падацца: сцежачкай на Лаўкі ці ездавой дарогай, што вяла па гары, якую скапалі снарады. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́ба, ‑ы, ж.

1. Луста (звычайна хлеба). Дзядзька падносіць ім [братам Стыфанцовым] тлустае сала, Рэжа таўшчэзнымі скібамі хлеб. Прыходзька. Што было ў каго, паклалі На траву-мурог: Скібу сыру, жменю солі, Чорны хлеб, пірог. Танк.

2. Пласт узаранай зямлі. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скібы цёплай, бурай зямлі. Пестрак. Перайшлі хлопцы цераз граду з чорнымі, як сажа, скібамі свежаўзаранай зямлі. С. Александровіч. // Наогул пласт чаго‑н. Скіба дзёрну. □ Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.

•••

Адрэзаная скіба (луста) — пра чалавека, які канчаткова парваў сувязь з сям’ёй, з калектывам, жыве асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рпкі, ‑ая, ‑ае.

Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шака́л, ‑а, м.

1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, якая харчуецца пераважна мярцвячынай. Сцежкай снягоў тых і дзікіх узлессяў Тур ці шакал Толькі могуць праскочыць. Хведаровіч. Недзе недалёка ў гарах завылі шакалы, вылі тонка і працяжна, нібы плакала малое дзіця... Каваль.

2. перан. Разм. Пра прагнага, драпежнага чалавека. Я чую стогн Афрыкі Каланіяльнай. І гром навальніцы Над Нігерам дальнім; Крык неграў лінчованых За акіянам, Быццё ў эфіры Шакалаў паганых. Танк. Няхай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і тэрор не зломяць узнятай народнай хвалі супроць нямецкага фашызму. Казлоў.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкада́,

1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.

2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.

3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзіно́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размяшчаецца адасоблена ад іншых прадметаў. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастушкамі. Лойка. Над адзінокім ціхім стогам Дыміцца сіняя імгла. Танк.

2. Які не мае сям’і, сваякоў, блізкіх. Гэй, сустрэнь, любы, Прыгарні, любы, Мяне маладую, Бо ніхто ж мяне, Адзінокую, Не шкадуе. Глебка. Адзінокі лось пазнаў тады, Што з людзьмі карысць яму дружыць. Бялевіч. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Колас. // Не характэрны для пэўных умоў, рэдкі. Адзінокія крокі.

3. Які праходзіць, адбываецца ва ўмовах адзіноты. Адзінокая старасць.

•••

Адзін-адзінокі гл. адзін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)