устано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. устанаўліваць — устанавіць (у 1 знач.).

2. Механізм, прыстасаванне. Рэнтгенаўская ўстаноўка. Буравая ўстаноўка. Дажджавальная ўстаноўка. □ Ля корпуса [універсітэта] стаяла машына з пражэктарнымі ўстаноўкамі. Шахавец. Спецыяльныя аўтаматычныя ўстаноўкі падтрымлівалі пастаянную тэмпературу і вільготнасць у пакоі. Шыцік. // Разм. Баявая гармата, ракета, спараныя кулямёты. Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Лынькоў.

3. Мэтавая накіраванасць, арыенціроўка на што‑н. Устаноўка на якасць прадукцыі. □ Творчая ўстаноўка пісьменніка ў пазнейшых апавяданнях істотна адрозніваецца ад той, якую мы бачылі ў першых празаічных вопытах. Навуменка. // Дырэктыва, прынцып, накіроўваючае ўказанне. Ленінскі этап не абмяжоўваецца перыядам жыцця Леніна, гэты этап няспынна працягваецца тэарэтычнай дзейнасцю КПСС і брацкіх партый, увасабляецца ў праграмных устаноўках сусветнага камуністычнага руху. «Звязда».

4. У псіхалогіі — схільнасць суб’екта да пэўнай актыўнасці пры пэўнай сітуацыі; цэннасныя арыентацыі асобы, індывідуума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́за, ‑ы, ж.

1. Перыяд, стадыя, этап у развіцці якой‑н. з’явы, працэсу і пад. К. Маркс у сваёй рабоце «Крытыка Гоцкай праграмы» ўпершыню ў гісторыі сфармуляваў навуковыя палажэнні аб дзвюх фазах развіцця камуністычнага грамадства. Лушчыцкі. Следства, як відаць, зацягвалася на доўгі час, яно як бы набывала кабінетную фазу. Чорны. // У біялогіі — пэўны этап у індывідуальным развіцці арганізма. Фазы спеласці збожжа. Фаза цвіцення расліны.

2. Спец. Пэўны момант у змене формы ці стану чаго‑н. Фазы месяца.

3. У хіміі — аднародная частка якой‑н. неаднароднай сістэмы. Фазы сплаву.

4. У геалогіі — найменшая адзінка часу, якой адпавядае пэўны характар парод.

5. У фізіцы — велічыня, якая характарызуе стан хістальнага працэсу ў кожны момант часу.

6. У электратэхніцы — асобная група абмотак генератара, а таксама далучаны да яе провад, па якім ідзе электрычны ток.

[Ад грэч. phasis — з’яўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Момант, мо́мэнт ’імгненне, міг’, ’пэўны прамежак часу’, этап у гісторыі, развіцці, жыцці каго-, чаго-небудзь’ (ТС, Нас., Яруш., Шат.), мамэнт ’момант’ (Касп.; воран., Сл. ПЗБ), ’хутка, адразу’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. моментъ ’момант’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. moment ’тс’, якое з лац. mōmentum ’рухаючая сіла, штуршок’ (Булыка, Лекс. запазыч., 156; Кюнэ, Poln., 78) < movimentum < movere ’рухаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́дыя, ‑і, ж.

Перыяд, этап у развіцці чаго‑н., які мае свае якасныя асаблівасці. Імперыялізм — апошняя стадыя капіталізму. Туберкулёз у апошняй стадыі. □ Але ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі і так узбуджае эмоцыі, што на хвіліну да мяне нават вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Карпюк. Эндшпілем называецца заключная стадыя [шахматнай] партыі. «Маладосць».

•••

Светлавая стадыя — стадыя развіцця расліны, у праходжанні якой вядучую ролю адыгрываюць умовы асвятлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэда́кцыя, ‑і, ж.

1. Праўка, рэдагаванне тэксту. Рэдакцыя артыкула.

2. Пэўная фармулёўка або тэкст, якія чым‑н. адрозніваюцца ад падобных фармулёвак або тэкстаў. Пункт пратакола ў новай рэдакцыі. Другая рэдакцыя рамана. □ Многія раннія вершы Таўлая маюць па некалькі зусім розных рэдакцый. Арочка. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.

3. Кіраўніцтва выданнем (кнігі, часопіса і пад.). Кніга пад рэдакцыяй прафесара.

4. Калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў той домік пад соснамі. Брыль. — Я прыехаў здалёк, ад рэдакцыі, і хачу паглядзець, як людзі жывуць. Галавач. // Група работнікаў, якія займаюцца апрацоўкай і падрыхтоўкай тэксту рукапісу да выдання.

5. Памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі. Пазваніць у рэдакцыю. Зайсці ў рэдакцыю. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, ‘этап у развіцці’, ‘мера якасці, дзеяння’, ‘вучонае званне’ (ТСБМ), ‘ступня; крок’ (Нас.), ‘ступня; крок; мера якасці, градус’ (Байк. і Некр.), ‘ступня’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян.), ‘крок’ (Шымк. Собр., ТС), ‘ступак; ступня’ (ЛА, 3), ‘мера, роўная чалавечай ступні’ (Пятк. 2), ступі́нь ‘ступня’ (Дразд.), сту́пынь ‘тс’ (кам., КЭС), параўн. ст.-бел. степень ‘парог, лесвіца’ (Ст.-бел. лексікон), стопень ‘ступень, этап’ (там жа). Укр. ступі́нь ‘крок’, рус. ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, в.-луж. stupjeń ‘чаравік’, ‘мера праяўлення якой-небудзь якасці; працэнт’, н.-луж. stupjeń ‘лямцавы чаравік’, чэш. stupeň, славац. stupeň ‘ступень’, серб.-харв. сту́пањ, славен. stọ̑pənj, балг. стъ́пен. Прасл. *stǫpenъ. Дэвербатыў да *stǫpiti (гл. ступіць) з суф. ‑enь; гл. Фасмер, 3, 788; Шустар-Шэўц, 1371; Махэк₂, 590; Бязлай, 3, 321. Борысь (578) праславянскім лічыць *stepenь (параўн. рус. степень, серб.-харв. сте̏пен, балг. сте́пен, макед. степен, ст.-слав. степень) ад незахаванага *stepti ‘ступіць, стаць’, на якое пазней паўплываў дзеяслоў *stǫpiti. Сюды ж ступе́ніць ‘ісці’ (навагр., Шн.). Параўн. стапа, стопень, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́звы ’ўзаемнае запрашэнне ў госці; запрашэнне ўсёй бяседнай кампаніі ў другі дом на пачастунак’ (ашм., Стан.; Хрэст. дыял.), ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да яе мужа або наведванне нявесты з мужам яе бацькоў пасля вяселля’ (Шат., Ян., Жд., Сцяц., Янк. 2). Ад перазыва́ць, параўн. пярэ́звы ’перазыванне гасцей для пачастункаў’ (Некр.), што ад зваць ’клікаць, запрашаць’ (гл.). Множналікавая форма характэрна для называння абрадаў і іншых этапаў вяселля, гл. сваты́ ’сватанне’, агле́дзіны, зару́чыны і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вунь прысл. (БРС, Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Шат.). Звязана з дыял. вун, рус. вонь, вон, дыял. вωн, укр. он, онь, што ў сваю чаргу звязваюць з асабовым займеннікам ён (он, вон) (Сабалеўскі, Лекции, 96; Праабражэнскі, 1, 133; Фасмер, 2, 348). Змена галоснай у выніку лабіялізацыі пачатковага націскнога о (параўн. навагр. вонь ’вунь’, З нар. сл.); параўн. унь ’вунь’ як пераходны этап ад палес. онь да вунь. У сваю чаргу палес. онь з указ. часціцы о (літаратурнае во) і дэйктычнай часціцы -нь; параўн. іншую форму для ўказання на блізкі прадмет вось (ось < о + сь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

эфеме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Кароткачасовы, недаўгавечны. Але гэты новы струмень у развіцці беларускай лексікі быў эфемерным. Гіст. лекс. бел. мовы. Гэты першы «палявы» этап работы пісьменніка мае ў сабе шмат імпрэсіўнасці, ён цякучы, зменлівы, эфемерны, тут непазбежны выпадковасці, суб’ектыўнае перабольшванне і заніжэнне. У. Калеснік. // Ненадзейны, нетрывалы. І нейкая эфемерная блізкасць нарадзілася між ім [Севярынам] і гэтай невядомай істотай. Караткевіч. // Уяўны, нерэальны. Эфемерныя мары. □ Я думаў, што гэта эфемернае прадпрыемства, якое разлічана на лёгкую і хуткую нажыву ўладальніка. «Полымя».

2. Спец. Які мае адносіны да эфемераў. Эфемерная расліннасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адысці́ся, адыдуся, адыдзешся, адыдзецца; пр. адышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. адыдзіся; зак.

Ідучы, аддаліцца ад якога‑н. месца. Лявонка пачаў збіраць ягады і не заўважыў, як адышоўся ў бок ад статка. Шуцько. Стары паказаў мне месца, дзе сесці, а сам адышоўся крокаў за дваццаць і таксама сеў. Ляўданскі. // Перамясціцца, аддаліцца (аб падзеях, з’явах прыроды і пад.). За дзень вайна адышлася далёка наперад. Чорны. // перан. Прайсці новы этап, падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. [Лабановічу] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)