стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сэ́рца ’цэнтральны орган кровазвароту’, ’гэты орган як сімвал перажыванняў, настрою, пачуццяў’, перан. ’гнеў, злосць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Дразд., Сцяшк., Сл. ПЗБ), таксама сэ́рцо ’тс’ (Мал., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сэ́рцэ ’тс’ (Нас., Шн. 2, Сл. Брэс., Сержп. Прымхі), ст.-бел. сэ́рцэ ’тс’ (XVI ст., Золтан, Athila, 551); сюды ж сэ́рцацэнтральная ўнутраная частка дрэва, стрыжань’ (Сцяшк.), ’стрыжань’ (Сл. Брэс.), ’чырвы (масць у картах)’ (Наша ніва, 2002, 15 лют.), сэ́рцэ ’адтуліна ў жаку або рыбацкай сетцы’ (Тарн., Горбач, Зах.-пол. гов.); гл. таксама серца. Укр. се́рце, рус. се́рдце, стараж.-рус. сьрдьце, польск., н.-луж. serce, ст.-польск. sierce, чэш., славац. srdce, серб.-харв. ср̏це, дыял. ’унутранасці, вантробы’, славен. srcẹ̑, балг. сърдце́, дыял. съ́рце ’тс’ і ’жывот, страўнік’, макед. срце, ст.-слав. срьдьце ’тс’ і ’жывот, страўнік’. Прасл. *sьr̥dьce ’сэрца’ < *sьr̥dьko утрымлівае памянш. суф. ‑ko; каранёвае імя захоўваецца ў *milo‑sŕ̥dъ ’міласэрны’, *sr̥diti sę ’сярдзіцца, злавацца’. Першапачатковае *sьrd‑/*sьdь, роднаснае літ. širdìs ’сэрца’, лат. sir̂ds ’сэрца; мужнасць; гнеў’, ст.-прус. seyr ’сэрца’, грэч. κῆρ (< *ḱērd‑), гоц. haírtô‑ ’сэрца’, хец. kard ’тс’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 605–606; Слаўскі, SP, 1, 101; Траўтман, 302; Фрэнкель, 986–987; Вальдэ-Гофман, 1, 271–272; Покарны, 579–580; Махэк₂, 572; Шустар-Шэўц, 1284–1285; Скок, 3, 316–317; Борысь, 542; Сной, 600; ЕСУМ, 5, 222. Ацвярдзенне с‑ Карскі (1, 357) тлумачыў украінскім і польскім уплывам, дзе, аднак, да гэтага часу формы serce і sierce сустракаюцца ў гаворках, а распаўсюджанне першай з іх адбылося праз т. зв. культурны дыялект з чэшскай мовы і фіксуецца з пачатку XVI ст. (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 314). Параўн. таксама пярэчанні Векслера (Гіст., 207), які па лінгвагеаграфічных прычынах сумняваецца ў такіх уплывах і дапускае тут вынік рэгрэсіўнай асіміляцыі. Першапачатковая семантыка, суадносная з паўднёваславянскай, захавалася ў выразе натшчэ серца ’на пусты страўнік’ (Сержп. Прымхі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

со́нца, ‑а, н.

1. Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло. Вярчэнне Зямлі вакол Сонца. □ Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Колас. Вызначаючы кароткі начны шлях.. летняга сонца, на поўначы святлела паласа .. зары. Брыль. Стала душна, як толькі ўзышло сонца. Самуйлёнак.

2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам. Загараць на сонцы. Сушыць на сонцы. □ Уся вуліца была заліта першым сонцам. Чорны. Маёр.. з асалодай падстаўляе сонцу мускулістыя рукі і грудзі. Брыль. Прыжмурыўшыся ад яркага паўдзённага сонца, Васіль зірнуў на неба. Якімовіч. // Пра сонечнае надвор’е. Заўтра будзе сонца і вецер. Бядуля.

3. перан. Пра што‑н., што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго‑, чаго‑н. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Украіна і Беларусь, як і ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, расквітнелі пад сонцам новага жыцця, народжанага рэвалюцыяй. Бярозкін. // Пра таго, хто з’яўляецца прадметам пакланення, захаплення. І ўжо з Сімбірска крочыў чалавек Насустрач сонцу, каб ярчэй заззяла. І сам ён сонцам стаў для нас навек, Нам імя Ленін Самым родным стала. Прыходзька.

4. Цэнтральная планета іншых планетных сістэм.

5. Пэўны пакрой спадніцы.

6. Гімнастычнае практыкаванне на турніку.

•••

Да сонца, з сонцам (устаць, падняцца і пад.) — да ўсходу сонца, да святла; вельмі рана.

Месца пад сонцам гл. месца.

Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы шлях па месцазнаходжанню сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядро́, ‑а; мн. ядры, ядзер і ядраў; н.

1. Унутраная частка плода (звычайна арэха), зерня або семя, накрытая шкарлупінай, абалонкай. Ядро слівавай кветачкі. □ Прагрызла [мышка] адзін арэшак — у ім смачнае ядро. Бяспалы.

2. Спец. Унутраная, звычайна больш шчыльная частка чаго‑н. Ядро каметы. Ядро туманнасці. // У геалогіі — самая глыбокая і шчыльная ўнутраная частка Зямлі з радыусам каля 3500 км. // У фізіцы — цэнтральная, дадатна зараджаная частка атама, у якой практычна сканцэнтравана ўся маса атама. Атамнае ядро. □ Сапраўднае авалоданне энергіяй ядра пачалося ў той дзень, калі рукой чалавека была пушчана атамная электрастанцыя. «Маладосць». // У біялогіі — важнейшая састаўная частка ўсякай расліннай і жывёльнай клеткі.

3. перан. Асноўная, найбольш важная частка чаго‑н. Індустрыяльнае ядро горада. □ Паколькі асноўную частку ядра дзяржавы складалі беларускія землі, беларуская мова была прызнана за дзяржаўную на ўсёй тэрыторыі [Вялікага княства Літоўскага]. «Полымя». // Асноўная частка якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Асноўным ядром першых часцей Чырвонай Арміі былі рабочыя-чырвонагвардзейцы. «Беларусь». Ядро атрада, чалавек дзесяць, ішло ляснымі дарогамі. Новікаў. Як вядома, ядром працоўнага калектыву з’яўляецца пярвічная партыйная арганізацыя. «Звязда».

4. Сутнасць, аснова чаго‑н. Гісторыя [са знаходкай] і з’яўляецца ядром апавядання [«Цікавая знаходка» М. Ваданосава], яго квінтэсенцыяй. «Полымя».

5. Шарападобны каменны або чыгунны снарад ударнага дзеяння, які прымяняўся ў гладкаствольнай артылерыі ў 14–17 стст. // Шарападобны разрыўны снарад з парахавым зарадам у 17–19 стст.

6. Металічны шар для спартыўных практыкаванняў у штурханні. Дзесяціборцы закончылі спаборніцтвы па штурханню ядра. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэ́ма, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і пад.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства. Сістэма галактык. // Сукупнасць прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай якога‑н. вучэння. Філасофская сістэма класікаў марксізма-ленінізма. Педагагічная сістэма Макаранкі. // Сукупнасць метадаў, правіл ажыццяўлення чаго‑н. Сістэма кантролю. Сістэма планавання. // Сукупнасць якіх‑н. элементаў, адзінак, якія аб’ядноўваюцца па агульнай прыкмеце, прызначэння). Сістэма гукаў беларускай мовы. □ Нанава наладзіць падпольную сувязь пры дапамозе сістэмы троек было нялёгка. Машара.

2. Парадак, абумоўлены правільным размяшчэннем і ўзаемнай сувяззю частак чаго‑н. Даводзілася ўсе свае веды прыводзяць у сістэму, многа чаго чытаць. Шахавец. // Прадуманы план. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме. Навуменка. // Звычайны, устаноўлены распарадак чаго‑н. [Дыспетчарскія] даклады.. увайшлі ў сістэму, праводзяцца штодзённа. Шынклер. // Прынятае ўстанаўленне, парадак; закон. Сістэма атэстацыі працаўнікоў. Сістэма падаткаў. Сістэма водпускаў. □ [Шыковіч:] — Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Шамякін.

3. Форма арганізацыі, будова чаго‑н. (дзяржаўных, палітычных, гаспадарчых адзінак, устаноў і пад.). Дзяржаўная сістэма. Выбарчая сістэма. // Форма грамадскага ладу; фармацыя. Сацыялістычная сістэма. Капіталістычная сістэма. □ Там крызіс лютуе, Там крык безрабоцця — Сістэма старая згніла. Колас.

4. Сукупнасць гаспадарчых адзінак, блізкіх па сваіх задачах і арганізацыйна аб’яднаных у адзінае цэлае. Сістэма аховы здароўя. Сістэма органаў народнай асветы. Працаваць у сістэме ўстаноў Акадэміі навук БССР. □ К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі. Чорны.

5. Структура, якая складае адзінства ўзаемна звязаных частак. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Каранёвая сістэма расліны. □ Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы. Маўр. // Тэхнічнае адзінства, сукупнасць узаемна звязаных збудаванняў, механізмаў і пад., якія дзейнічаюць узгоднена. Вартавыя сістэмы касмічнага карабля. □ Над капустай шэрым алавяным бляскам адсвечвалі трубы арашальнай сістэмы. Ракітны. // Марка, канструкцыя якіх‑н. машын, іх частак. Вінтоўка сістэмы Бердана. □ У калгасе лепш ураблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. прадметаў, прыстасаванняў і пад. аднаго прызначэння. Сістэма штучных спадарожнікаў. □ Ілья Ільіч устаў, паслухмяна падаўся ў сенцы і хоць марудна, але абмацаў сістэму запорак, адчыніў дзверы. Кулакоўскі.

6. У батаніцы і заалогіі — класіфікацыя, групаванне. Сістэма Лінея.

7. У геалогіі — сукупнасць пластоў горных парод, якая характарызуецца пэўнымі выкапнямі, фаунай і флорай.

•••

Вегетатыўная нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе дзейнасць унутраных органаў і абмен рэчываў у арганізмах.

Геацэнтрычная сістэма свету — абвергнутае навукай уяўленне, што Зямля з’яўляецца нерухомым цэнтрам сусвету, вакол якога рухаюцца ўсе планеты і зоркі.

Геліяцэнтрычная сістэма свету — вучэнне, якое даказвае, што Зямля і іншыя планеты рухаюцца вакол Сонца.

Дзесятковая сістэма класіфікацыі — класіфікацыя кніг у бібліятэках, заснаваная на падзеле кніг па зместу на дзесяць асноўных раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу дзеліцца па дзесяткі.

Другая сігнальная сістэма — гукавая мова як уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, што ўзнікаюць пры ўздзеянні моўных сігналаў і служаць асновай абстрактнага мыслення.

Дысперсная сістэма — рэчыва ў выглядзе дробных часцінак разам з тым асяроддзем, у якім яно рассеяна, напрыклад: туман, дым.

Дэцымальная сістэма класіфікацыі — тое, што і дзесятковая сістэма класіфікацыі.

Калідорная сістэма — сістэма размяшчэння пакояў у будынку, калі дзверы з усіх пакояў выходзяць у адзін вялікі калідор.

Картачная сістэма — парадак размеркавання прадуктаў харчавання, тавараў па картачках.

Ланкастэрская сістэма навучання — арганізацыя ўзаемнага навучання, калі старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вучаць малодшых вучняў.

Мажарытарная сістэма — антыдэмакратычная сістэма выбараў у некаторых капіталістычных краінах, пры якой лічацца толькі галасы, пададзеныя за кандыдата партыі, атрымаўшай большасць галасоў у дадзенай акрузе.

Метрычная сістэма мер — міжнародная сістэма адзінак вымярэння, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм.

Перыядычная сістэма (элементаў) — класіфікацыя хімічных элементаў, створаная Д.І. Мендзялеевым на аснове суадносін паміж іх атамнай вагой і ўласцівасцю рэчываў, якія ўтвараюцца гэтымі элементамі.

Прадметная сістэма навучання — сістэма навучання, пры якой кожны прадмет выкладаецца асобным выкладчыкам.

Прапарцыянальная сістэма выбараў — у буржуазных дзяржавах — парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што вылучылі сваіх кандыдатаў у прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з колькасцю атрыманых імі галасоў.

Рачная сістэма — а) рака са сваімі прытокамі; б) сукупнасць рэк якой‑н. краіны, мясцовасці, часткі свету.

Сістэма роднасці — сукупнасць тэрмінаў для абазначэння розных ступеней роднасці (па крыві і па шлюбу).

Сонечная сістэма — сукупнасць нябесных цел, якая складаецца з Сонца і планет, што рухаюцца вакол яго.

Сусветная сістэма сацыялізма — сацыяльная, эканамічная і палітычная садружнасць свабодных, суверэнных народаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі пабудовы камуністычнага грамадства.

Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.

Эндакрынная сістэма — сістэма эндакрынных залоз, залоз унутранай сакрэцыі.

[Грэч. systēma — цэлае, складзенае з частак, злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)