сэрца 1, ‑а, н.
1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.
2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.
3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.
4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.
5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.
6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.
•••
Парок сэрца гл. парок.
Разрыў сэрца гл. разрыў.
Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.
Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).
Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.
Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.
Браць (блізка) да сэрца гл. браць.
Браць (узяць) за сэрца гл. браць.
Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.
Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.
Вырваць з сэрца гл. вырваць.
Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.
З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.
З заміраннем сэрца гл. заміранне.
З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.
Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.
Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).
Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).
Кроўю сэрца гл. кроў.
Мець сэрца гл. мець.
Надарваць сэрца гл. надарваць.
На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.
Не мець сэрца гл. мець.
Няма сэрца ў каго гл. няма.
Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.
Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.
Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.
Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.
Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.
Разбіць сэрца каму гл. разбіць.
Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.
Сэрца ад’есці гл. ад’есці.
Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.
Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.
Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).
Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.
Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).
Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).
Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).
Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.
Увайсці ў сэрца гл. увайсці.
У глыбіні сэрца гл. глыбіня.
Усім сэрцам — усёй істотай.
Як маслам па сэрцы гл. масла.
(Як) нож у сэрца гл. нож.
сэрца 2, ‑а, н.
Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.
сэрца 3, ‑а, н.
У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.