пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.

2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.

•••

Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.

Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.

Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.

Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надобахатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’ (карэл., Сцяшк.), ’убранне’ (стаўбц., Нар. сл.), на́даб (надыб) ’патрэба’ (Бяльк.), надобʼе (надобʼя) ’госці’ (чэрв., Нар. лекс.), nadobak, nadobinka, nadobnina ’аздобная рэч, патрэбная рэч’ (Федар.), nadóbnina ’драўніна для вырабу сельскагаспадарчых прылад’ (Арх. Федар.), надобейка ’нагода, падзея’ (Песні сямі вёсак). Укр. надоба ’неабходнасць, патрэба’, надібок ’кавалак дрэва або жалеза, прыдатны для справы’, ’гаспадарчыя прылады’, надібʼя ’рэчы, маёмасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, надобье ’тс’, надобень ’неабходная ў доме рэч’, польск. nadoba ’хараство, прыгажосць’, ’начынне’, nodobie ’прылады’, nadobek ’любы пусты посуд (гаршчок, бутэлька)’, чэш. nádoba ’начынне, посуд’, nádobá ’прылады’, славац. nádoba ’посуд’, в.-луж. nadoba ’прылады, начынне; даход; багацце’, н.-луж. nadoba ’веліч; дабрабыт; начынне’. Вытворнае ад *doba, гл. даба; першасная форма, відаць, надабе (гл.), што ўяўляе спалучэнне прыназоўніка на з формай дав., месн. скл. адз. л. ад названага назоўніка са значэннем ’на часе, у (патрэбны) час’, адкуль развілася форма надоба ’патрэба, неабходнасць’ і іншыя, больш канкрэтныя значэнні, што ўскосна пацвярджаецца і больш ранняй фіксацыяй прыслоўя ў помніках пісьменнасці. У якасці чэхізма ў Скарыны разглядаецца надобье ’пасуда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 206), што неабавязкова, паколькі такая форма і семантыка прадстаўлены ў гаворках. З большымі падставамі ў якасці запазычання, відаць, з польскай мовы можна разглядаць вытворнае ст.-бел. надобный ’прыгожы, зграбны’ (з XVI ст., Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 194), бо, як паказвае семантычная паралель польск. śliczny, чэш. sličný ’падобны, прыгожы’, такое развіццё значэння характэрна для заходнеславянскіх моў (Машынскі, Kultura, II, 1, 101). Зрэшты, некаторыя этымолагі адрозніваюць аманімічныя зыходныя словы і іх вытворныя ад кораня dob‑: doba ’спосаб, від’ (сюды адносяць і падобны, надобны, аздобны і г. д.) і doba ’часавы перыяд’, да якога трэба аднесці астатнія пералічаныя формы (Махэк₂, 121–122; Бязлай, 1, 105). У адпаведнасці з гэтым у якасці зыходнай формы для надоба ’прылада; пасуда’ дапускаецца зборны назоўнік *nadobьje ’патрэба, неабходнасць’, з якога шляхам сінгулярызацыі ён быў утвораны (Махэк₂, 387; Шустар-Шэўц, 13, 980).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

предме́т м.

1. прадме́т, -та м.; (вещь) рэч, род. рэ́чы ж.;

предме́ты дома́шнего обихо́да прадме́ты (рэ́чы) ха́тняга ўжы́тку (ха́тнія рэ́чы);

предме́ты широ́кого потребле́ния прадме́ты шыро́кага ўжы́тку;

2. (тема) прадме́т, -та м., тэ́ма, -мы ж.; (вопрос) пыта́нне, -ння ср.;

предме́т спо́ра тэ́ма (прадме́т) спрэ́чкі, пыта́нне спрэ́чкі, спрэ́чнае пыта́нне;

3. (объект) прадме́т, -та м.; аб’е́кт, -та м.;

предме́т нау́чного иссле́дования прадме́т (аб’е́кт) навуко́вага дасле́давання;

предме́т насме́шек аб’е́кт (прадме́т) насме́шак;

4. (дисциплина преподавания) прадме́т, -та м., дысцыплі́на, -ны ж.;

сдать экза́мены по всем предме́там здаць экза́мены (іспы́ты) па ўсіх прадме́тах (дысцыплі́нах);

5. разг., уст. (возлюбленный) каха́ны, -нага м.; (возлюбленная) каха́ная, -най ж.;

на сей предме́т канц. разг., шутл. нако́нт гэ́тага;

на тот предме́т, е́сли канц. на той вы́падак, калі́; у тым вы́падку, калі́;

име́ть в предме́те уст. мець на ўва́зе (на мэ́це);

предме́т любви́ прадме́т каха́ння; (возлюбленный) каха́ны; (возлюбленная) каха́ная;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

скарб, ‑у, м.

1. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце. Кляшторны. Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі. Дубоўка. // Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць. Калачынскі. Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі. Прыходзька.

2. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры. Лушчыцкі. Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем. «Полымя». // Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту. Майхровіч.

3. перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб. Дуброўскі. Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё! Кірэенка. Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі. Дубоўка. Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее. Шыцік. // іран. ужыв. [Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі. // Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою. Брыль. Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам. Сяргейчык. Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ. Бядуля.

4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны. Нядзведскі.

5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні. Маркс. [Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб. Якімовіч. І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы. Алешка. / у іран. ужыв. Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб. Пальчэўскі.

6. Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі. Колас. Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты. Сабаленка. Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы. Лупсякоў. За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам. Мележ.

7. Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. І грошы тыя начальства забрала да скарбу. Гарэцкі.

[Польск. skarb.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)