сыр, ‑у; мн. сыры, ‑оў; м.
Харчовы прадукт, які робіцца з малака, што заквашваецца пэўным спосабам. Галандскі сыр.
•••
Плаўлены сыр — сорт мяккага сыру.
Плаваць (качацца) як сыр у масле гл. плаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Маргары́н ’харчовы тлушч — сумесь алею і жывёльных тлушчаў’ (ТСБМ). З рус. маргари́н ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якое са ст.-ням. Margarin < франц. margarine < ст.-грэч. μάργαρον, μαργαρίτος ’перл, жэмчуг’, да якога маргарын падобны колерам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ражо́к¹, -жка́, мн. -жкі́; -жко́ў, м.
1. мн. ро́жкі, -жак; гл. рог¹.
2. Тое, што і рог¹ (у 2 знач.).
3. Назва розных вырабаў, прадметаў у выглядзе рога¹, трубкі з расшыраным канцом.
4. толькі мн. Харчовы прадукт у выглядзе коратка нарэзанай макароны.
Наварыць ражкоў.
5. Лапатачка для надзявання абутку.
|| прым. ражко́вы, -ая, -ае.
Ражковае дрэва.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ікра́, -ы́, ж.
1. Маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і інш.
Класці ікру.
2. Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы.
Бутэрброд з ікрой.
3. Сурагатны прадукт, імітацыя (у 2 знач.) па смакавых уласцівасцях і знешнім выглядзе рыбінай ікры.
4. Страва з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш.
Кабачковая і.
І. з баклажанаў.
|| прым. ікраны́, -а́я, -о́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Макарон, мыкарон ’локшына’ (Гарэц., Шн. 3, Касп., Нас., Вешт.; полац., Нар. сл.; Бяльк.), ’мітусня’ (Нас.), макарона ’харчовы прадукт з прэснага цеста ў выглядзе тонкіх трубачак’, ’страва з макароны’ (ТСБМ), макароны ’тс’ (Мат. Гом.). Гэта еўрапейскае слова запазычана яшчэ ў сярэдневякоўі, відавочна, праз польск. мову з італ. maccaroni, якое да грэч. μακαρία ’ежа з ячменнай мукі ці круп’ (Меер–Любке, 427; Фасмер, 2, 561; Махэк₂, 349; Брукнер, 319; Кохман, 84). Бел. макарона стала ж. р. пад уплывам локша, локшына.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
нападзе́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.
2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цу́кар, ‑кру, м.
1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.
2. мн. цукры́, ‑о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.
3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.
•••
Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.
[Ад ням. Zucker.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ма́сла, ма́сло ’харчовы тлушч са смятанкі ці смятаны’, ’мінеральнае тлустае рэчыва’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Вешт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. ма́сло, ст.-рус. масло, польск. masło, н.-луж. masło, чэш. maslo, славац. maslo, славен. máslo, серб.-харв. ма̏сло, макед. масло, ст.-слав. масло ’масла’. Прасл. maslo < maz‑slo, утворанае ад mazati ’мазаць’ (гл.) (Бернекер, 2, 23; Фасмер, 2, 578). Масла, выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі як мазь, якой націралі цела, валасы; некаторыя народы ім мазалі калёсы. Аналагічна ў германцаў: ст.-в.-ням. ancho ’масла’, роднаснае да лац. unguentum ’мазь’ (Махэк₂, 353). Сюды ж ма́слены ’які з масла, падобны на масла’ (ТСБМ, Кліх), ’ліслівы’, ма́сліцца ’блішчаць, ільсніцца’, ’лашчыцца’, ’валаводзіцца, няньчыцца, цацкацца’, ма́сліць ’задобрываць, схіляць ласкамі і падарункамі’ (Нас., ТСБМ; жлоб., Нар. словатв.) і ўтворанае ад якаснага прыметніка масленіцца (Васілеўскі, БЛ, 10, 17).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
атэста́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Афіцыйны дакумент аб сканчэнні навучальнай установы. [Генадзій:] Атэстат магу прадставіць, а наконт сталасці мяркуйце самі. Крапіва. // Пасведчанне аб прысваенні вучонага або спецыяльнага звання. Атэстат прафесара. Атэстат старшага навуковага супрацоўніка. Атэстат майстра сельскагаспадарчай вытворчасці.
2. Дакумент на права атрымання ваеннаслужачымі грашовага, харчовага і інш. забеспячэння, а таксама дакумент, па якім утрыманец ваеннаслужачага атрымлівае частку яго грашовага забеспячэння. Харчовы, грашовы атэстат.
3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пасведчанне аб праходжанні службы, якое выдавалася пры адстаўцы.
4. Дакумент, які пацвярджае пародзістасць свойскай жывёлы.
•••
Атэстат сталасці — пасведчанне аб заканчэнні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы (у дарэвалюцыйнай Расіі — мужчынскай гімназіі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ікра́, ‑ы, ж.
1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.
2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.
•••
Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).
Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.
Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).
Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)