сто́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца разбурэнню, псаванню; які захоўвае свае ўласцівасці. Стойкі газ. Стойкая парода. □ Тут .. [лясы] роўныя, старыя і стойкія — тут не так шмат балот, як на Паліку, пад Полацкам. Пташнікаў. // Устойлівы. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік.

2. перан. Які цвёрда прытрымліваецца пэўных поглядаў, думак і пад.; паслядоўны. Пранясі праз гады чыстату юнацтва, запал, нязгасную прагу да ведаў. Часамі будзе нялёгка. Але будзь мужным, стойкім, смелым, не паддавайся нават хвіліннай слабасці. Мыслівец. Не таму слава, хто на язык лёгкі, а таму, хто ў справе стойкі. Прыказка. // Мужны, непахісны, здольны перанесці любыя выпрабаванні. Задача камсамольскіх арганізацый цяпер заключаецца ў тым, каб выхоўваць юнакоў і дзяўчат усебакова развітымі, высокаадукаванымі, стойкімі барацьбітамі за нашу вялікую справу. Машэраў. Беларус — салдат кемлівы і стойкі. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырваць ‘цярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhzi ‘перамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й) ‘вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалыйустойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, які з цяжкасцю паддаецца разбурэнню, псаванню. Трывалая драўніна. □ Гураля хата, якіх нямала У гэтым краі Арлінай волі: Такія ж сцены З хваін трывалых, Такі ж арнамент па бэльках столі. Танк. // Надзейны, моцны, устойлівы. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў .. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. Але ж дзе яе [лодку], лёгкую ды манеўровую, ды з плоскім днішчам, ды трывалую, знойдзеш у нас, мой пане? В. Вольскі. Вы ведаеце, што такое цэмент? Парашочак, з выгляду рахманы, А робіць трывалым пастамент Генію І тырану. Жычка. Дзе гразь мясіў адвеку Ды кладкі клаў народ — Трывалую грав[і]йку Насыпалі за год. Гілевіч. Пад нагамі адчуваўся трывалы, увесь у купінах грунт. Мележ. // Які доўга захоўваецца і праяўляе свае якасці. Трывалы пах. // Добра засвоены (пра веды, навыкі і пад.); грунтоўны. Трывалыя веды. Трывалыя навыкі. // Сапраўдны, добры. Дамоў ад’язджаў ён [Пракоп], Далі яму боты з майстэрні дзяржаўнай — Трывалай работы. Куляшоў. // перан. Правераны часам. Трывалае шчасце. Трывалы аўтарытэт.

2. Які не мяняецца, надзейны, устойлівы. Трывалы мір. Трывалая сям’я. Трывалыя сувязі. □ Яна [ленінская канцэпцыя асобы] метадалагічна ўзбройвае літаратуразнаўства і стварае трывалую аснову для навуковага асэнсавання праблемы творчай індывідуальнасці. Івашын. Была закладзена трывалая сацыяльна-палітычная і эканамічная аснова збліжэння нацый, іх непарушнай дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва, стварэння шматнацыянальнай савецкай дзяржавы. Машэраў. — Савецкі Саюз стаў адной з індустрыяльных дзяржаў свету толькі таму, — падхапіў Іван Якаўлевіч, — што ўся наша эканоміка, народная гаспадарка базіруецца на трывалым падмурку энергетыкі. Гроднеў.

3. перан. Здольны многае вынесці, перажыць; стойкі, загартаваны. Зямля мая! Якім трывалым быў Іван Сусанін, Сягоння буду я такім. Пушча. Пішы ёй проста: «Любая, цалую. Вайну закончым і — чакай дамоў. Калі спалілі хату — адбудую. Не зломак я — з трывалых мужыкоў». Прыходзька. // Уласцівы такому чалавеку. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі. // Здольны пераносіць неспрыяльныя знешнія ўмовы (аб раслінах). Пайшлі мы з жонкай, з сынам, разбілі лехі і, што можна паводле часу, — усё пасадзілі: буракі, моркву, часнок і падобныя трывалыя расліны. Дубоўка.

4. Разм. Сытны, пажыўны (пра яду). Трывалае снеданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Захоўваць якое‑н. становішча, ухапіўшыся, узяўшыся за што‑н. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Брыль. Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Маўр. // перан. Ісці за кім‑н., прытрымлівацца чыёй‑н. лініі, каманды. [Сцяпан Аксінні:] — Адно прашу: трымайся бальшавікоў. Яны ў крыўду цябе ніколі не папусцяць. Лынькоў. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Федасеенка. // перан. Старацца захаваць што‑н. для сябе, утрымаць за сабою. [Анатоль:] Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць. Козел. // Прылажыўшы руку да чаго‑н. або ўзяўшыся рукой за што‑н., захоўваць яе ў гэтым становішчы. Дзед закашляўся. Доўга трымаўся за грудзі. Бядуля.

2. Быць умацаваным на чым‑н., утрымлівацца на якой‑н. апоры пры дапамозе чаго‑н. Сідар весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара. Чорны. Нізенькія, нязграбныя, збітыя абы-як,.. [клеткі] трымаліся на падстаўках рознай вышыні, падрамантаваныя сям-там свежымі дошчачкамі. Ракітны. // перан. Падтрымлівацца чыімі‑н. клопатамі; існаваць чым‑н., асноўвацца на чым‑н. [Бародзіч:] — Думаеце, усё на вас трымаецца? Алешка. [Брыль:] — Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас. // Захоўваць якое‑н. становішча, раўнавагу. Лодачкі былі велікаватымі дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Лупсякоў. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках. Шыцік.

3. Не адступаць, не здавацца, моцна стаяць. Заслон трымаўся. [Ворагі] шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Лынькоў. // Разм. Мацавацца. [Залескі:] — [Галіна], брат, доўга трымалася. Паўмесяца, як злягла .. Прагнасць помсты падтрымлівала яе сілы. Шамякін.

4. Знаходзіцца, быць; заставацца ў якім‑н. месцы. Мне было прыемна бачыць, што следам едзе цэлы абоз: ніхто не адстае ад нас, але ніхто і не апярэджвае, усе трымаюцца свайго месца. Кулакоўскі. Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. Сяркоў. // Працягваць сваё існаванне, жыць. У Вані-санітара даўно скончыліся сухары, засталося, можа, у біклажцы некалькі глыткоў чыстай вады — гэтым і трымаемся. «Маладосць». Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага. Маўр. // Захоўвацца, быць у сіле. Моцна трымаюцца перажыткі мінулага ў свядомасці некаторых людзей. «Маладосць». / Пра пахі, настоі і пад. Трымаецца між сасонак устойлівы грыбны пах. Навуменка. // Вадзіцца, жыць (пра звяроў, птушак, рыб). Буйны акунь трымаецца пераважна ў глыбокіх ямах, звычайна з камяністым дном. Матрунёнак. — Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Парачанкі і па касе. В. Вольскі.

5. У час руху прытрымлівацца пэўнага напрамку, кірунку. Таго ж кірунку трымаліся і лодкі, якіх на возеры было цяпер не менш, чым качак у ціхую пару. Арочка. // перан. Прытрымлівацца чаго‑н., паступаць у адпаведнасці з чым‑н. Пажадаю вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя. Купала. [Матка] трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас. Лынькоў. Даследаванні гісторыкаў, археолагаў усё больш падрываюць антынавуковыя тэорыі, якія трымаюцца на расісцкіх забабонах. «ЛіМ».

6. Паводзіць сябе, дзейнічаць якім‑н. чынам. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове. Няхай. З малымі Ён [Антось] размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Колас. / Пра жывёл, птушак. Больш памяркоўна трымаюцца куры. Певень, дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.

7. Знаходзіцца ў пэўным становішчы, стане, захоўваючы яго тым ці іншым чынам. Човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе. Маўр. [Тапурыя:] — Нарэшце, прынялі мяне на вельмі стары карабель, ён ледзьве на вадзе трымаўся. Самуйлёнак.

8. Утрымлівацца, захоўвацца. [Мікуць:] — Я сёння жыта глядзеў. І сваё, і калгаснае. Жаць пара. Трэба пачынаць. Абы толькі надвор’е трымалася. Чорны. Цёплая трымаецца восень. Навуменка. Гэта было ў сакавіку, яшчэ трымалася зіма. Марціновіч. Лёд на балоце Трымаецца звонкі. Танк. // Захоўваць сваю цэласць, быць прыдатным для выкарыстання. І паправіць .. [вароты] ніяк нельга, бо калі станеш папраўляць, трэба кранаць сцяну, а тая і так ледзь трымаецца. Галавач.

9. Зал. да трымаць (ва ўсіх знач., акрамя 11).

•••

Абедзвюма рукамі трымацца — даражыць чым‑н., з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю і пад. карыстацца чым‑н.

Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца — не магчы хадзіць, стаяць па прычыне слабасці або ап’янення.

Трымацца за спадніцу — быць у поўнай залежнасці ад жанчыны (пра мужчыну).

Трымацца на валаску — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

Трымацца рукамі і зубамі за што — моцна трымацца за што‑н., не адступаць ад чаго‑н.

Трымацца свайго слова — выконваць абяцанні.

Толькі трымайся! — вокліч, які ўказвае на вялікую ступень чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага. — Цяпер памчыць [цягнік] пад горку, толькі трымайся... Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе .. камандзіра чулася трывога за .. падрыўнікоў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)