трымацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Захоўваць якое‑н. становішча, ухапіўшыся, узяўшыся за што‑н. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Брыль. Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Маўр. // перан. Ісці за кім‑н., прытрымлівацца чыёй‑н. лініі, каманды. [Сцяпан Аксінні:] — Адно прашу: трымайся бальшавікоў. Яны ў крыўду цябе ніколі не папусцяць. Лынькоў. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Федасеенка. // перан. Старацца захаваць што‑н. для сябе, утрымаць за сабою. [Анатоль:] Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць. Козел. // Прылажыўшы руку да чаго‑н. або ўзяўшыся рукой за што‑н., захоўваць яе ў гэтым становішчы. Дзед закашляўся. Доўга трымаўся за грудзі. Бядуля.
2. Быць умацаваным на чым‑н., утрымлівацца на якой‑н. апоры пры дапамозе чаго‑н. Сідар весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара. Чорны. Нізенькія, нязграбныя, збітыя абы-як,.. [клеткі] трымаліся на падстаўках рознай вышыні, падрамантаваныя сям-там свежымі дошчачкамі. Ракітны. // перан. Падтрымлівацца чыімі‑н. клопатамі; існаваць чым‑н., асноўвацца на чым‑н. [Бародзіч:] — Думаеце, усё на вас трымаецца? Алешка. [Брыль:] — Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас. // Захоўваць якое‑н. становішча, раўнавагу. Лодачкі былі велікаватымі дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Лупсякоў. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках. Шыцік.
3. Не адступаць, не здавацца, моцна стаяць. Заслон трымаўся. [Ворагі] шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Лынькоў. // Разм. Мацавацца. [Залескі:] — [Галіна], брат, доўга трымалася. Паўмесяца, як злягла .. Прагнасць помсты падтрымлівала яе сілы. Шамякін.
4. Знаходзіцца, быць; заставацца ў якім‑н. месцы. Мне было прыемна бачыць, што следам едзе цэлы абоз: ніхто не адстае ад нас, але ніхто і не апярэджвае, усе трымаюцца свайго месца. Кулакоўскі. Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. Сяркоў. // Працягваць сваё існаванне, жыць. У Вані-санітара даўно скончыліся сухары, засталося, можа, у біклажцы некалькі глыткоў чыстай вады — гэтым і трымаемся. «Маладосць». Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага. Маўр. // Захоўвацца, быць у сіле. Моцна трымаюцца перажыткі мінулага ў свядомасці некаторых людзей. «Маладосць». / Пра пахі, настоі і пад. Трымаецца між сасонак устойлівы грыбны пах. Навуменка. // Вадзіцца, жыць (пра звяроў, птушак, рыб). Буйны акунь трымаецца пераважна ў глыбокіх ямах, звычайна з камяністым дном. Матрунёнак. — Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Парачанкі і па касе. В. Вольскі.
5. У час руху прытрымлівацца пэўнага напрамку, кірунку. Таго ж кірунку трымаліся і лодкі, якіх на возеры было цяпер не менш, чым качак у ціхую пару. Арочка. // перан. Прытрымлівацца чаго‑н., паступаць у адпаведнасці з чым‑н. Пажадаю вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя. Купала. [Матка] трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас. Лынькоў. Даследаванні гісторыкаў, археолагаў усё больш падрываюць антынавуковыя тэорыі, якія трымаюцца на расісцкіх забабонах. «ЛіМ».
6. Паводзіць сябе, дзейнічаць якім‑н. чынам. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове. Няхай. З малымі Ён [Антось] размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Колас. / Пра жывёл, птушак. Больш памяркоўна трымаюцца куры. Певень, дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.
7. Знаходзіцца ў пэўным становішчы, стане, захоўваючы яго тым ці іншым чынам. Човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе. Маўр. [Тапурыя:] — Нарэшце, прынялі мяне на вельмі стары карабель, ён ледзьве на вадзе трымаўся. Самуйлёнак.
8. Утрымлівацца, захоўвацца. [Мікуць:] — Я сёння жыта глядзеў. І сваё, і калгаснае. Жаць пара. Трэба пачынаць. Абы толькі надвор’е трымалася. Чорны. Цёплая трымаецца восень. Навуменка. Гэта было ў сакавіку, яшчэ трымалася зіма. Марціновіч. Лёд на балоце Трымаецца звонкі. Танк. // Захоўваць сваю цэласць, быць прыдатным для выкарыстання. І паправіць .. [вароты] ніяк нельга, бо калі станеш папраўляць, трэба кранаць сцяну, а тая і так ледзь трымаецца. Галавач.
9. Зал. да трымаць (ва ўсіх знач., акрамя 11).
•••
Абедзвюма рукамі трымацца — даражыць чым‑н., з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю і пад. карыстацца чым‑н.
Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца — не магчы хадзіць, стаяць па прычыне слабасці або ап’янення.
Трымацца за спадніцу — быць у поўнай залежнасці ад жанчыны (пра мужчыну).
Трымацца на валаску — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).
Трымацца рукамі і зубамі за што — моцна трымацца за што‑н., не адступаць ад чаго‑н.
Трымацца свайго слова — выконваць абяцанні.
Толькі трымайся! — вокліч, які ўказвае на вялікую ступень чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага. — Цяпер памчыць [цягнік] пад горку, толькі трымайся... Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе .. камандзіра чулася трывога за .. падрыўнікоў. Лынькоў.