даручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., што каму.

1. і з інф. Ускласці на каго‑н. абавязак выканаць што‑н.; даверыць выкананне чаго‑н. Вукрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Колас.

2. Даверыць каго‑, што‑н. чыім‑н. клопатам, апецы. Даручылі .. [дзяцей] клопатам цёці Фені, яна знойдзе.. чалавека, які прытуліць малых. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́, -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі; -ла́дзены; зак.

1. каго-што. Палажыць у іншае месца.

П. кнігі з паліцы ў шафу.

2. перан., што. Ускласці абавязкі, адказнасць і пад. на іншага.

П. ўсю работу на памочніка.

3. што чым. Укласці, змясціўшы ў прамежках што-н.

П. талеркі стружкамі.

4. што. Злажыць нанава, іначай.

П. комін.

5. што. Перадаць сродкамі іншай мовы.

П. з беларускай мовы на рускую.

|| незак. пераклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і перакла́дваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 знач.).

|| наз. пераклада́нне, -я, н., перакла́дванне, -я, н. (да 1—4 знач.) і перакла́д, -у, М -дзе, м. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абавя́зак, ‑зку, м.

Тое, што хто‑н. павінен выконваць у адпаведнасці з грамадскімі або асабістымі патрабаваннямі. Усеагульны воінскі абавязак. Пачэсны абавязак. Пачуццё абавязку. Правы і абавязкі грамадзян. □ Воінская служба ў радах Узброеных Сіл СССР — ганаровы абавязак савецкіх грамадзян. Канстытуцыя СССР. [Жлукта:] Прыбыўшы ў ваш горад, я палічыў абавязкам засведчыць вам сваю пашану. Крапіва. // звычайна мн. (абавя́зкі, ‑аў). Сукупнасць спраў або даручэнняў, ускладзеных на каго‑н. і абавязковых для выканання. Выконваць абавязкі. Ускласці абавязкі. □ Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч.

•••

Несці абавязкі гл. несці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. Моцна, трывала далучыць, прырабіць да чаго‑н. Прымацаваць канькі да чаравіках. □ Канькоў прымацаваў шпагат да рамы, павесіў партрэт на сцяну. Асіпенка. Віктар прымерваецца, дзе б лацвей прымацаваць антэну для тэлевізара Самахвалавай. Даніленка.

2. Ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі; перадаць у чыё‑н. распараджэнне, пад чыю‑н. апеку. Цяпер .. [Тані] вельмі хацелася, каб гэтага Разумоўскага прымацавалі да свінафермы. Лупсякоў. Да яе [Чарнецкай] звяна.. прымацавалі два кані. Паслядовіч. Тут жа піянеры вырашылі прымацаваць да Сухапарава больш моцнага па рускай мове Валерыя. Шыловіч.

3. Узяць на ўлік, зарэгістраваць дзе‑н. Прымацаваць новага супрацоўніка да прафсаюзнай арганізацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плячо́, а́; мн. пле́чы, Р мн. плячэй і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М (аб) пляча́х; н.

1. Частка тулава ад шыі да рукі. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо. Лынькоў. Рука Віктара ляжала на маім плячы. Савіцкі.

2. Верхняя частка рукі да локцевага сустава. Пералом пляча.

3. толькі мн. (пле́чы, плячэ́й і плеч). Тыльны бок тулава ад шыі да пояса; спіна. Немцы, спяшаючыся выскачыць з гэтай смяротнай стыхіі, усё часцей штурхалі людзей у плечы. Шчарбатаў.

4. Спец. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы, якая дзейнічае на рычаг.

5. Спец. Частка прадмета або ўчастак чаго‑н., размешчаны пад вуглом да яго асноўнай часткі. Плячо бастыёна.

•••

Браць ногі на плечы гл. браць.

Вынесці на сваіх плячах гл. вынесці.

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

За плячамі — у мінулым (быць, стаяць, мець).

За плячамі не насіць гл. насіць.

Зваліцца з плячэй гл. зваліцца.

Зваліць з плячэй гл. зваліць.

З плеч далоў гл. далоў.

З чужых плячэй — які не падыходзіць па размеру, які раней насіў хто‑н. (пра адзежу).

Касы сажань у плячах гл. сажань.

Мець галаву (на плячах, на карку) гл. мець.

Націснуць плячамі гл. націснуць.

Плячо ў плячо — а) блізка, побач з кім‑н.; б) у цесным адзінстве, разам.

Расправіць плечы гл. расправіць.

Ускласці (узваліць) на плечы гл. ускласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.

1. каго-што. Палажыць на што‑н., паверх, на верх чаго‑н.; ускласці. Узлажыць бервяно па сані. □ Кастусь памог узлажыць мяхі па воз. С. Александровіч. Толькі што .. [Мікола] нукнуў на каня — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Колас.

2. перан.; што. Даручыць каму‑н. які‑н. абавязак. Узлажыць адказнасць на брыгадзіраў.

3. што. Абл. Надзець. Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, узлажыў порткі, апрануў бравэрку і ціхенька выйшаў. Крапіва.

•••

Узлажыць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.

2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.

3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.

4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.

5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́ць¹, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены; зак.

1. што і чаго. Налажыць, узваліць што-н. на каго-, што-н.

Н. камень на дзежку з агуркамі.

Н. сучча на агонь.

2. перан., што на каго (што). Ускласці на каго-н. многа работы, абавязкаў.

Н. усю работу на аднаго.

3. чаго. Накідаць у беспарадку многа чаго-н.

Н. кучу дроў.

4. безас., што і чаго. Напа́даць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.).

Наваліла снегу за ноч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго-чаго. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці.

Наваліла (безас.) народу на сход.

|| незак. нава́льваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 знач.).

|| наз. нава́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 3 знач.), нава́льванне, -я, н. (да 1—3 знач.) і нава́л, -у, м. (да 1 і 3 знач.; спец.).

Навал вугалю.

|| прым. нава́лачны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.) і нава́льны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.).

Навалачны пункт.

Навальны спосаб пагрузкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.

2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.

3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка. // Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. // Разм. Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу. Брыль.

4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што і чаго. Налажыць, узваліць што‑н. на каго‑, што‑н. Наваліць сучча на агонь. □ Паставілі [друкарскі станок] у кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. Назаўтра цэлы дзень балелі рукі, ныла спіна, нібы хто наваліў на яе цяжкі камень. Хадановіч. // перан. Ускласці на каго‑н. многа работы, абавязкаў. — Пшанічны! — паклікаў старшына. — Давай памагай. Што на аднаго хлопца наваліў столькі [работы]. Быкаў.

2. чаго. Налажыць, накідаць у беспарадку многа чаго‑н. Каля падвала навалілі нямала розных скрынак: відаць, усё з магазіна выкідвалі. Даніленка.

3. чаго. Нагрузіць, накласці многа чаго‑н. Наваліць воз дроў. Наваліць машыну зямлі.

4. звычайна безас. што і чаго. Нападаць у вялікай колькасці (пра лісце, снег і пад.). І хоць тут [у лесе] было зацішней, але снегу жваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, [сынкі]. Лынькоў. Месцамі.. [пурга] наваліла высокія гурбы, а месцамі амаль да самай зямлі вылізала снег сваім калючым ледзяным языком. Бяганская.

5. безас. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Колас.

6. чаго. Зрабіць, прыгатаваць шляхам валення ў вялікай колькасці. Наваліць валёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)