За́раз ’цяпер’, дыял. за́ра, за́рэ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. за́ра́з, укр. за́раз, польск. zaraz ’тс’, н.-луж. zaraz ’сабля, кінжал, нож’, в.-луж. zaraz ’удар’, чэш. zaráz, славац. zaraz ’цяпер’, чэш., славац. záraz ’удар; уражанне’. Ст.-рус. заразъ ’адразу’ (Курбскі). Націск указвае на магчымасць запазычання з польск., паколькі ў асноўным слова пашырана ў зах.-слав. мовах, дзе ўтворана з прыназоўніка za і назоўніка raz (гл. раз). Зыходнае значэнне ’за адзін удар, узмах’ (Брукнер, 645). Параўн. яшчэ і польск. teraz ’зараз’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыго́жы ’прыемны, гожы, сімпатычны’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Мік., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ), пріго́жый ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя рознасуфіксальныя назоўнікі: прыгажо́сць, прыго́жасць ’уласцівасць прыгожага; што-небудзь прыгожае, чароўнае; хараство; прыгожае (агульнае паняцце); прыгожы знешні выгляд; прыгажуня’, толькі мн. л. прыгажо́сці ’прыгожыя мясціны; тое, што робіць уражанне сваім прыгожым выглядам’, у значэнні выклічніка ’выклікае захапленне, адабрэнне і пад.’ (Шпіл., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), прігажо́сьць, прыго́жысьць ’прыгажосць’ (Бяльк.). Працягвае ст.-бел. пригожии ’прыгодны, прыдатны, адпаведны, належны’ (Сл. Скарыны), прэфіксальнае ўтварэнне ад го́жы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуча́ць і гучэ́ць, ‑чыць; незак.

1. Утвараць гукі. Стрэлы гучалі адзін за адным. Дамашэвіч. // чым. Поўніцца гулам, быць напоўненым якімі‑н. гукамі. Лес гучыць птушынымі песнямі.

2. Раздавацца, быць чутным. Гучала мелодыя вясёлай песні, мякка звінелі дзявочыя галасы. Дуброўскі. Усё ўжо скончылася, людзі разыходзіліся па хатах, а ў вуш[ах] Аксінні гучэлі і гучэлі іх галасы. Кулакоўскі.

3. перан. Мець тое ці іншае значэнне, рабіць уражанне. Словы Любы гучалі пераканаўча. Васілевіч. Словы дзядзькі Харытона гучалі як прароцтва. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пасабі́ць, пасо́біць, пасо́біці, пособы́ты ’дапамагчы’ (Грыг., Касп., Бяльк., Др.-Падб., Бір., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), пасобнік ’памочнік’, пасоба, пасобка ’дапамога’ (Нас., Касп.). Укр. пособити ’дапамагчы’, рус. пособить ’тс’, пособие ’дапамога’, серб.-харв. пособа ’тс’, ст.-слав. пособие ’дапамога ў вайне’, ’саюзнікі’, ст.-чэш. zpósobiti, чэш. (z)působit, славац. pôsobiť ’дзейнічаць, выклікаць (радасць, смутак і інш.), рабіць (уражанне), працаваць у якасці каго-н.’ Утвораны ад выразу po sobě ’рабіць нешта ў належным парадку, упарадкаваць адзін за адным’ (Міклашыч, 331; Голуб-Копечны, 306; Голуб-Ліер, 406; Фасмер, 3, 340). Махэк₂ (500) мяркуе, што спачатку ст.-чэш. zpósobiti было вайсковым тэрмінам, абазначаўшым ’ставіць, складаць адзін за адным’. Няясна, аднак, як развілося значэнне ўсх.- і паўд.-слав. лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прагуча́ць, ‑чыць; зак.

1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.

3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.

4. Гучаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́стка ’пусташ, няўдобіца; зямля, якая не апрацоўваецца’ (ТСБМ; палес., ЛА, 2; ТС, Сл. ПЗБ, Шат., Бяльк.), ’нежылое, пакінутае памяшканне’ (Жд. 1, ПСл), ’арэндны ўчастак зямлі, на якім няма ніякіх “дваровых выгод” (дома, хлявоў, агароджы і г. д.)’ (Яшк. Мясц.), pústka ’апусцелая сяліба’ (Варл.), пу́сткі ’адсутнасць жывой істоты; уражанне нежылога памяшкання’ (Мядзв.), пустке́ ’пустая зямля’ (Сцяц.), пу́стка ’беспарадак’ (Нік. Очерки), ’пусты арэх’ (Нас.), пу́сткі ’глупствы; пустата, адсутнасць грошай’: пу́стки в кише́ни (Нас.), укр. пу́стка ’нежылы, пакінуты дом; участак зямлі, які належыць асобе, што выбыла з сельскай абшчыны’, рус. дыял. пу́стка ’пусташ; пустое, закінутае жыллё’, польск. pustka ’бязлюднае месца; нежылы дом; разваліна’, чэш. poustka ’пустое месца, адлог’, ст.-чэш. pústka ’пусташ’. Утворана ад пусты́ ’парожні, бязлюдны, непатрэбны’ (*pustъ); параўн. пу́ста ’нежылое памяшканне; пусташ; пустата’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адчува́нне, ‑я, н.

Спец.

1. Псіхічны працэс успрымання асобных уласцівасцей прадметаў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуцця. Адчуванне ёсць вобраз матэрыі, якая рухацца. Інакш, як праз адчуванні, мы ні аб якіх формах рэчыва і ні аб якіх формах руху нічога даведацца не можам; адчуванні вызываюцца дзеяннем рухаючайся матэрыі нашы органы пачуццяў. Ленін.

2. Перажыванне, уражанне, прадчуванне. З адчуваннем непапраўнага няшчасця.. стары падводзіў эшалон да станцыі. Мележ. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Зарэцкі. // Успрыманне свядомасцю, разуменне; пазнаванне. Паэтычнае адчуванне свету. Адчуеш не рэчаіснасць.

3. Самаадчуванне, стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навако́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца або жыве ў наваколлі. Навакольныя калгасы. □ Навакольны недалёкі лес дыхаў роснай вільгаццю. Пестрак. З вялікай надзеяй і гонарам глядзяць цяпер усе навакольныя людзі на тры велічныя капры. Кулакоўскі.

2. Які адбываецца навокал каго‑, чаго‑н. Аляксей Аўдзейчык стаіць пад сцяною кароўніка і любуецца навакольнай прыгажосцю восені. Дуброўскі. Шасціць пад коламі лісце, не глушачы навакольных гукаў. Аляхновіч.

3. у знач. наз. навако́льнае, ‑ага, н. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н. Жанчына жыла толькі.. [дзіцем], глухая да навакольнага, поўная роўнай увагі і любасці.. Карпаў.

4. у знач. наз. навако́льныя, ‑ых, мн. Людзі, якія знаходзяцца навокал каго‑, чаго‑н. Верка аглядалася, меркавала, якое робіць уражанне на навакольных. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няге́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, слабы; няўдалы. Нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва,.. стаіць побач з машынай. Брыль. Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі трапляў каму на вочы, дык рабіў уражанне вар’ята. Броўка.

2. Непрыгожы з выгляду, нязграбны; няўклюдны. Мікодым пры газоўцы слібізаваў па літары пратакол вобыску, падпісваў яго крывымі, нягеглымі лацінскімі літарамі. Сабаленка. Фурман, сівавусы чалавек, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нягеглы, кідаўся ва ўсе бакі. Караткевіч.

3. Няўмелы, ні да чаго не здатны. Нельга сказаць, каб Марына была нікуды не вартая. Не! У сям’і Рамана наогул нікога не было нягеглага або недалужнага. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.

Разм.

1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.

2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.

•••

Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)