Небара́к ’бядак’ (Нас., Грыг., Гарэц., Федар., Яруш., ТСБМ), неборака ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’чалавек, якога сустракаюць няўдачы’ (Янк. 1), нябара́ка ’бядак, няшчасны чалавек’ (Мал., Сл. ПЗБ), небора́ка ’бядак, гаротнік’ (ТС), памянш. небарачок, небара́чка (Сл. ПЗБ, ТС), укр. не́бір, небара́к, небора́ка ’бядак’, рус. небора́к ’бядак; непаваротлівы чалавек’, польск. nieborak ’чалавек, варты жаласці; бядак’, славац. neborák ’тс’, н.-луж. njaborje ’бядак, бездапаможная істота’, славен. nebȏrec, nebȏre ’бядняк’. Звычайна лічыцца аднаго паходжання з нябога ’няшчасны, абдзелены жыццём і людзьмі чалавек’ (гл.), параўн. рус. небожак (Даль), чэш. nebožák ’бядак’ (Махэк₂, 393; Брукнер, 34; Курашкевіч, JP, 37, 1937, 124), далей да бог, параўн. убогі ’бедны’; r замест ž тлумачаць па-рознаму: славенскія формы зменены пад уплывам ратацызму (ž > r), характэрнага для часткі паўднёваславянскага арэалу (Міклашыч, 16; Бернекер, 1, 67; Бязлай, 1, 34), параўн. серб.-харв. бо̀ра ми замест бо̏га ми (кляцьба); на думку Добрава, апошняе, як і польск. nieborak замест niebożak, — вынік дэфармацыі фанетычнага вобліку слоў з мэтай ахоўнай магіі (прафілактыкі ад уплыву звышнатуральных сіл), параўн. серб.-харв. за бо̀ра замест за бо̀га ’богам прашу’, дзе адсутнічаюць умовы для ратацызму, а таксама бро̏да ми, гло̀га ми замест бо̏га ми (Добраў, CE, 8, 1983, 2, 94). На падставе каш. bora ’сілач’ і ст.-польск. Borek, Boruta (ул. імя) ад *boriti ’змагацца’. Папоўска–Таборска рэканструюе прасл. дыял. *ne‑borę, *ne‑bor‑akъ (ZfSl, 24, 1979, 104; Kaszubszczyzna, Warszawa, 1980, 37; а таксама Шустар-Шэўц, 13, 1006), што па семантычных меркаваннях здаецца менш пераканальным. Паводле Кюнэ (Poln.), беларускае слова запазычана з польскай мовы. Гл. таксама Цвяткоў, Працы класа філалогіі, 1, 1928, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)